Маністы для Міраславы з “Гомельскай праўды”
Праз паўтара месяца пасля ўручэння праваабаронцу, сябру ГА “БАЖ” Леаніду Судаленку прэміі Французскай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” адгукнулася на падзею і дзяржаўная абласная газета “Гомельская праўда”.
Аўтарка (ці аўтар), якая схавалася за подпісам Міраслава Франц, зняважліва выказваецца пра прэмію, даводзіць чытачам і свайму начальству, што, маўляў, французская прэмія за ўнёсак у абарону правоў чалавека не такая ўжо і прэстыжная. Раней прэміальную статуэтку наогул называлі “пацеркамі папуаса”. Цяпер дадалі да медаля 70 тысяч еўра, але ж дзеляцца яны на пяць лаўрэатаў. (“Уже не просто «бусы», или Что получил в Париже Леонид Судаленко”, “ГП”, 26 студзеня).
Як вынікае з публікацыі, аўтарку бянтэжыць, што прэтэндэнтаў на прэмію выяўляе не прэзідэнт альбо яго адміністрацыя, а грамадская структура – Нацыянальная кансультатыўная камісія па правах чалавека. І ўручала прэмію Судаленку нібыта не міністр юстыцыі Ніколь Белабе, а нейкая іншая асоба. Ну і кампанія ў гомельскага праваабаронцы падабралася не адпаведная местачковым уяўленням аўтаркі пасквіля: французы, бач, уганаравалі разам з беларусам, кітайцам, калумбійцам і нігерыйцам яшчэ і прадстаўніка палестынскай арганізацыі Аль-Хак, якую Ізраіль абвінавачвае ў “жаданні прычыніць шкоду сваёй уласнай краіне”. Дый сам гамяльчук Судаленка “вядомы ў вузкіх колах удзелам у судовых справах, якія маюць палітычны падтэкст”.
Раздражненне ў Міраславы выклікалі і сэлфі Судаленкі на фоне Эйфелевай вежы, помнікаў Чэрчылю і Балівару ў Парыжы.
Уторкнуўшы нос у французскія справы, аўтарка афіцыйнага выдання не парадавалася за земляка, урэшце за Беларусь, а задалася даволі дзіўным, калі не сказаць недарэчным, пытаннем: “Няўжо ў “сябе дома” французская арганізацыя не змагла знайсці больш вартых кандыдатаў, і ёй спатрэбілася ўзнагароджваць замежных?”
Выглядае, што зманкуртаваным асобам складана ўспрыняць беларуса і Беларусь з годнымі справамі так, як успрынялі гэта ў Францыі. Нават слова “праваабаронца”, адзінае беларускае ў спрэс расейскамоўным тэксце, Міраслава бярэ ў двукоссе.
Чытачу, аднак, наўрад ці зразумела са шматлікіх тырад Міраславы, чаму ўсё ж не яе і не “Гомельскую праўду” паклікалі ў Парыж, а менавіта Судаленку, каб уручыць яму прэмію “Свабода-Роўнасць-Братэрства” і 15 тысяч еўра ў прыдачу?
Адказ трэба шукаць не ў словаблудстве на газетнай паласе, а ў праваабарончай дзейнасці Леаніда Судаленкі. Амаль за два дзесяцігоддзі ён атрымаў дзясяткі перамог у беларускіх судах у справе абароны правоў грамадзянаў. Незаконныя звальненні людзей з працы, калецтвы на вытворчасці, нявыплаты належнага заробку наймальнікамі, пераследы за грамадскую і палітычную дзейнасць – гэта далёка няпоўны пералік пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі да праваабаронцы. Нярэдка прадстаўнікі цэлых вытворчых калектываў ідуць да Судаленкі, каб ён абараняў іхнія інтарэсы ў судах у цяжбе з адміністрацыяй. Так, у прыватнасці, паступілі рабочыя ААТ “Мілкавіта”, тлушчакамбіната, лікёра-гарэлачнага завода, калі дырэкцыі вінавацілі іх у нястачы сыравіны і гатовай прадукцыі.
Праваабаронца абараняў інтарэсы так званых “дармаедаў”, калі тых пераследавалі за акцыі пратэсту супраць сумнавядомага дэкрэта № 3. Аказвае Леанід юрыдычную дапамогу і незалежным журналістам-фрылансерам, якіх улады абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ.
Да таго ж кожная трэцяя скарга з Беларусі ў Камітэце ААН па правах чалавека падрыхтаваная гомельскім праваабаронцам.
На паверку “вузкія колы” вядомасці Леаніда Судаленкі выглядаюць нашмат шырэйшымі за вядомасць “Гомельскай праўды”, якая даўно сарамліва хавае свае разавыя наклады нумароў за накладамі тыдня. А былі ж часіны, калі газета выходзіла цалкам на беларускай мове, разавы наклад яе перавышаў 100 тысяч асобнікаў і быў найбольшым у свеце для беларускай газеты.
Зрэшты, зайздроснікам і пасквілянтам сам Судаленка годна адказаў у допісе ў Facebook:
“Таварышы, пішучая брація з “ГП”! Наш свет мяняецца імкліва і настолькі, што “піпл” ужо “не хавае” вашы тэксты. Любая больш-менш раскручаная староначка ў сацсетках сёння мае аўдыторыю на парадак вышэй, чым уся ваша рэдакцыя. Пашукавікі ў сетцы Інтэрнэт паказваюць, што прысуджаная мне французская прэмія ўручаецца 30 гадоў запар пяці лаўрэатам ва ўсім свеце, якія дасягнулі вынікаў у праваабарончай дзейнасці. І адбываецца ўручэнне незалежна ад палітычнай сітуацыі ў самой Францыі. Гэта і ёсць дэмакратыя”.
Лаўрэат французскай прэміі раіць таварышам з “ГП”, каб наогул не застацца без справы, пераходзіць у незалежныя рэдакцыі альбо ў фрылансеры. І нават тэму для расследавання падказвае: у сельгаспрадпрыемстве Светлагорскага раёна людзям ужо паўгода не выплочваюць заробак.
На думку праваабаронцы, калі не замоўчваць балючыя для грамадства тэмы, а ўзнімаць, то і наклад газет падвысіцца, і давер да іх узрасце.
“А Міраславе асабіста будуць яшчэ калі не “пацеркі папуаса”, то абавязкова маністы з газеты”, — дадае Леанід Судаленка.