• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Маладзенькія журналісткі-бландзінкі на фронце паводзяць сябе больш мужна, чым дарослыя мужчыны”

    У журналістыцы ўжо даўно няма дзялення па сексісцкім прынцыпе: гэтыя тэмы – мужчынскія, а тыя – жаночыя. Тым не менш, падсвядома (прынамсі, у мяне) была ўпэўненасць: ваенная журналістыка – не жаночая справа. Але сталася так, што вырашыў пагаварыць на прафесійныя тэмы з украінскімі журналістамі, якія працуюць у зоне баявых дзеянняў на Данбасе. Папрасіў калег скінуць кантакты такіх людзей і… для мяне стала вялікай нечаканасцю, што сярод ваенных журналістаў так шмат дзяўчат.

    Падумаў: збяру ў адзін матэрыял размовы з двума-трыма такімі мужнымі журналісткамі, але ўжо першая размова паказала – аб’яднаць не атрымаецца. Бо гісторыя кожнай з іх вартая асобнага інтэрв’ю. І таму сёння гісторыя першая – пра ваеннага журналіста “5 канала” Яўгенію Падобну.

    У рэдакцыі “5 канала” мала мужчын працуе? Чаму ехаць рабіць матэрыялы з зоны баявых дзеянняў накіравалі дзяўчыну?

    У нашых байцоў на “перадку” ёсць прымаўка: “На вайне не бывае жанчын і мужчын – ёсць баявая адзінка”. Тое ж і тут. На самой справе, у нас ездзяць туды і хлопцы, і дзяўчаты. Залежнасці ад полу тут няма: усё павінна быць па прызванні. Ёсць хлопцы, якія не вытрымліваюць выгляду крыві і палохаюцца моцных гукаў, а ёсць дзяўчаты, што ўсё гэта вельмі лёгка пераносяць. Каб працаваць там, неабходна толькі моцнае жаданне.

    Перад першай паездкай у зону АТА не было сумневаў ці ехаць?

    Мы прайшлі “хрышчэнне Майданам” – уся наша рэдакцыя поўным складам там працавала. І тады, калі там забівалі людзей. І мы ўжо ведалі, што такое смерць і кроў, што такое забойства. І таму разваг, ехаць ці не ехаць на вайну, не было. Проста пэўны час туды ездзілі мае калегі, а потым прыйшла мая чарга. Але прызнаюся: яшчэ раней я хацела паехаць на фронт ці ў якасці валанцёра, ці медыкам. Кім заўгодна, але ехаць ваяваць. І таму ваенны журналіст – гэта такі лайт-варыянт майго ўдзелу ў вайне.

    Першая мая камандзіроўка была ў вёску Троіцкае, дзе на той момант было вельмі горача, працавала варожая артылерыя. Але гэты факт ніяк не паўплываў на маё рашэнне. Мы з мужам сабралі рэчы (ён у мяне аператар) і паехалі.

    Лічыцца, што ехаць у зону канфлікту без спецыяльнай падрыхтоўкі, без адпаведных курсаў нельга. Вы прайшлі такое навучанне?

    – Не, ніякіх курсаў адмысловых я не праходзіла. Для мяне такімі курсамі стаў Майдан: прынамсі, я ўжо ведала, як сябе паводзіць, калі працуе снайпер. Але сапраўды, такія курсы павінен прайсці кожны журналіст перад працай у зоне канфлікту. Хаця б з тых меркаванняў, што любая цывільная асоба на фронце – гэта найперш небяспека для байцоў. Я перад паездкай перагутарыла з калегамі, якія там працуюць, выслухала іх парады – як ехаць, як дамаўляцца, як па зоне АТА перасоўвацца. А азы першай медычнай дапамогі я ўжо ведала. Вельмі важна правільна камунікаваць на месцы з ваеннымі: яны могуць падказаць, як сябе правільна паводзіць, паказаць, адкуль страляюць. Ні на адных курсах ты гэтых асаблівасцяў не вывучыш. Бо кожная пазіцыя – асаблівая. А ў астатнім – абавязковы стандартны набор: бронекамізэлька, каска, аптэчка, зручны абутак.

    Для мяне самае важнае, каб да пачатку працы ваенныя табе патлумачылі: куды не хадзіць, чаго не здымаць, як сябе паводзіць. Праблема ў тым, што людзі, якія прайшлі кучу гэтых спецыяльных курсаў, не прытрымліваюцца элементарных правіл. Яны хочуць зняць прыгожы кадр і ідуць спакойна туды, куды хочуць. А ў лесапаласе непадалёк працуе снайпер… Таму важна не толькі вучыцца, але і прытрымлівацца вывучанага, думаць пра бяспеку сваю і ваенных побач, а не пра класны кадр і прыгожы фотаздымак.

    А ёсць нейкія “дзявочыя” сакрэты паводзінаў на перадавой?

    – Вой… дзявочыя… Ведаеш, гэта не сакрэт, а назіранне: дзяўчат там больш аберагаюць. Калі прыязджае жанчына на фронт, журналіст ці валанцёр, дык хлопцы ледзь не колам вакол яе становяцца. Да мужчын усё ж іншае стаўленне. А так асаблівых сакрэтаў няма: слухацца і калі кажуць некуды не ісці, дык не ісці. Мы заставаліся начаваць на пазіцыях, і байцы моцна перажывалі: як так – жанчына і ў брудзе, у вадзе па калена? Я лічу, што на вайне і не павінна быць ніякіх адрозненняў паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Гэта і дадатковыя цяжкасці для байцоў. І самому трэба добра ўсведамляць – калі ты туды едзеш, то ты там не дзяўчына, а такі ж баец.

    Да вайны якімі тэмамі найчасцей займаліся?

    – Сталічныя навіны: прарваныя трубы, дзіцячыя святы, праца чыноўнікаў мэрыі… Культура, сацыялка – такое…

    Лёгка было перакваліфікавацца ў ваеннага карэспандэнта?

    – Гэта было нашмат лягчэй, чым сядзець у Кіеве і глядзець гэта ўсё па тэлевізары. Самае страшнае – сядзець і разумець, што ты тут, а яны там. Да першай паездкі былі суцэльныя згрызоты сумлення: ты нічым не можаш дапамагчы хлопцам на перадавой. Так што маральна было лёгка перабудавацца. Нават гэта было аблягчэннем, калі першы раз паехаў – разумееш, што ўнёсак робіш у агульную перамогу. У тэхнічным плане таксама было лёгка: у сталіцы цяжэй знайсці вартыя навіны, чым там. Там людзі лёгка ідуць на кантакт – і байцы, і мясцовыя жыхары. З імі лёгка працаваць. Ды і з пачаткам Майдана я паціху пачала сыходзіць ад сваіх звыклых тэм: здымала сюжэты пра валанцёраў, параненых байцоў. Сталічныя навіны вельмі хутка перафарматаваліся пад ваенную тэматыку. Так што да першай паездкі на фронт я ўжо стала ваеннай журналісткай, толькі ў тыле. Гэта таксама добрая школа: няма нічога больш страшнага, чым гаварыць з роднымі забітых байцоў, з параненымі, якія прыязджалі без рук, без ног. Маральна я ўжо была гатовая ехаць.

    Ваш адказ маладой бландынцы-стажорцы, якая ўся такая на рамантыцы просіць вас узяць з сабой на перадавую?

    – Як паказвае мой вопыт, маладзенькія бландынкі пры абстрэлах ці ў якіх іншых складаных сітуацыях найчасцей паводзяць больш мужна і больш сабрана, чым хлопцы. І нават чым дарослыя мужчыны. Калі мы траплялі пад вельмі жорсткія абстрэлы, дзяўчаты сябе вельмі мужна паводзілі.

    А чаму так адбываецца?

    – У такія камандзіроўкі павінны ехаць людзі, якія разумеюць, што яны маральна і фізічна гэта «пацягнуць». Незалежна ад таго, хлопцы гэта ці дзяўчаты. Дзяўчына, якая ў тыле носіць спаднічку з карункамі, трапляючы туды, мяняецца – калі працуе ідэйна і разумее, на што ідзе. Я заўжды марыла папрацаваць ў гарачай кропцы, але не магла сабе ўявіць, што гэтая гарачая кропка можа быць у тваёй краіне. І адна справа – паказваць канфлікт у чужой краіне, і зусім іншая – ехаць на канфлікт у сваёй краіне. Тут ты едзеш з жаданнем дапамагчы і нешта змяніць. Гэта надае мужнасці.

    Прыгадайце, калі было вельмі страшна?

    – На дзіва, мне не так страшна, калі страляюць. Страшна робіцца па вяртанні ў Кіеў, калі я заходжу ў метро і бачу, што шмат хто ўжо і забыўся, што ў краіне ідзе вайна. Але быў момант, які змяніў маё жыццё: калі падчас другой паездкі ў АТА ў мяне над галавой разарвалася снайперская куля. І выратавала мяне звычка пераступаць з нагі на нагу.

    Яшчэ з таго, што доўга буду памятаць… Мы прыязджалі ў раён Данецкага аэрапорта пасля яго захопу сепаратыстамі, а на перадавой у той час былі вельмі моцныя абстрэлы. Мы сядзелі пад гэтымі абстрэламі, а байцы пачыналі прыгадваць сваіх сяброў, што загінулі, расказваць іх гісторыі. Гучала гэта моцна і страшна. Страшна было, калі ты колькі разоў ездзіў на пазіцыі, перазнаёміўся з хлопцамі там, пасябраваў – і раптам даведваешся, што чалавека, якога ты яшчэ ўчора бачыў жывым, больш няма.

    А якія светлыя моманты запомніліся?

    – Прыязджаеш на пазіцыю, а цябе  найперш спрабуюць накарміць і напаіць армейскімі кашай і кавай – які б жорсткі абстрэл у гэты момант ні быў. Такая вельмі шчырая гасціннасць. Хлопцы з іншага падраздзялення кожны раз дораць мне нейкія самаробныя падарункі. Першым падарункам стаў брэлок з той кулі, што ледзь не трапіла мне ў галаву. Сяброўства, што там завязваецца, застаецца надоўга. Хлопцы дэмабілізуюцца, і мы падтрымліваем кантакты.

    Самацэнзура ці ваенная цэнзура прысутнічае?

    – Так. У мяне правіла – я ніколі не паказваю байцоў, што плачуць. Калі ты паранены, калі ты некага страціў – рэакцыя можа быць розная. Важна разумець, што для цябе больш важна – кадр, які спадабаецца гледачам, ці чалавек у гэтым кадры. Для мяне – чалавек у кадры. А ў астатнім стандартныя правілы ваеннай журналістыкі: не выдаваць пазіцыі, не «прывязвацца» да мясцовасці, выведчыкаў не здымаць, не хоча чалавек здымацца – схаванай камерай ці сілай яго не здымаем. Забароненых тэм няма. Вайна вайной, але мы павінны заставацца сумленнымі.

    Узнікалі думкі: “А раптам палон?”

    – Кожную паездку думаю. Я чалавек веруючы і думаю, што будзе так як і павінна быць. Па-другое, я разумею, дзеля чаго я туды еду. Ёсць усведамленне: што б ні здарылася – яно таго вартае.

    Ці трэба журналістам мець з сабой зброю?

    – Складанае пытанне… Я шмат пра гэта думала, але адказу на яго не ведаю. З аднаго боку – трэба. Бо бывае едзеш – і раптам аднекуль пачынаюць страляць. Хто, чаго – невядома. Можа, якія дыверсанты. Наша тактыка – хавацца. З іншага боку, ёсць міжнароднае гуманітарнае права (і прыдуманае не дурнямі), дзе дакладна напісана, што журналіст не мае права браць зброю. Думаю, трэба прытрымлівацца закона, хоць гэта і супярэчыць здаровай логіцы. Я нават для асабістых фота не здымаюся з аўтаматам ці ля кулямёта альбо танка. Каб з сябе такога героя паказаць? Маю жалезнае правіла такога не рабіць.

    Не марыце, каб усё найхутчэй скончылася, і каб не «зручны абутак» ды «палявая вопратка» былі працоўным адзеннем, а туфлі на абцасах ды спадніца з карункамі?

    – Мы сядзелі на пазіцыях, і раптам у наш бок пачаў страляць РПГ – гэта гранатамёт такі. Я кажу: “О, РПГ шмаляе!” А баец, што сядзеў побач, кажа: “Гэта ўжо не жарты, калі дзяўчаты пачынаюць разбірацца ў зброі”. На самой справе, я калі не на перадавой, то выглядаю менавіта так: заўжды на абцасах, у сукенцы з карункамі, і мала хто тады верыць, што перад імі ваенны карэспандэнт – надта ўжо гэта мімішна выглядае. Але адно другому не перашкаджае. І калі ты вяртаешся з зоны канфлікту, можна прысвячаць час нейкаму пазітыву – тым жа дзіцячым святам.

    Пытанне ў іншым – усё складаней адтуль з’язджаць. Там нібыта паралельны сусвет. Людзі, якія кожную хвіліну могуць загінуць, больш шчырыя. І калі ты ім падабаешся – яны табе гэта адразу кажуць. Як і калі не падабаешся. Канечне, хочацца, каб вайна скончылася, але ёсць і разуменне, што «з’ехаць» мазгамі з ваеннай тэмы будзе вельмі складана. Адчуванне такое, што цела вярнулася з зоны АТА ў Кіеў, а мазгі жывуць там да наступнай паездкі. Калі скончыцца вайна, складана будзе перабудавацца.

    А тут яшчэ і вайна зацягваецца – цябе ўсё больш засмоктвае… Тым больш што мой бацька з Данбаса, на акупаванай тэрыторыі ляжыць як мінімум тры пакаленні маіх продкаў. Мой брат ваюе ва ўкраінскай арміі, а ёсць сваякі на акупаванай тэрыторыі, якія падтрымліваюць акупантаў. Так што апроч трагедыі для краіны, тут яшчэ і асабістая драма.

    Памятаеце, як упаў самалёт з украінскімі дэсантнікамі? У тым самалёце павінен быў ляцець і мой брат. За тыя 4 гадзіны, калі я не ведала ягонага лёсу, у мяне з’явілася сівізна. Таму… Страшна не тое, што нешта можа здарыцца з табой – страшна згубіць тых, хто там ёсць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці