Максім Жбанкоў: Як нам перамагчы расейскую літаратуру
Так атрымалася, калі паважаны мной аўтар Віталь Цыганкоў нечакана вырашыў выказацца пад баявой шыльдай “Прадухіліць “Минскнаш””: замяніць у школах “расейскую” літаратуру на “сусветную”. У прынцыпе, далей можна было б і не чытаць: галоўная думка рэпрэзентавана максімальна выразна. Але больш цікавай ёсць логіка аўтарскага разважання: ад навагодніх дыскатэк з харавымі падпеўкамі расейскай папсе, трапна адзначанай пераважна прарасейскай арыентацыі паточнай свядомасці, справядлівай канстатацыі светапоглядных “нажніц” паміж рознымі ідэнтычнасцямі беларусаў (гэта дыягназ, і дыягназ добры) да прапановы лекаў – то бок… трансфармацыі школьнай праграмы па літаратуры. Менш Някрасава, больш Шэкспіра!
І вось тут аўтар цалкам губляе мой давер. Бо, як я разумею, зыходзіць з наіўнай веры, што нацыянальную свядомасць выкладаюць у школцы, а калі там штосьці не так – то і свядомасці той не будзе. Школа чыста па-савецку ўспрымаецца як машына выхавання і рэсурс “правільнага” (ці “няправільнага”) праграмавання асобы. Канвеер грамадзян з нэпасрэднай адказнасцю за адбудову ідэнтычнасці. Якая адбываецца паводле зацверджаных праграм па-за хоць якім кантэкстам, у нейкім абсалютным культурным вакууме.
Відавочна, што наша адукацыя тэрмінова патрабуе апгрэйду. Але, прабачце, у нашых дваццаці гадах сацыяльнай стагнацыі вінаватыя ніяк не Талстой з Дастаеўскім. За тое, што палітычныя мітынгі фатальна губляюць удзельнікаў, адказны ніяк не школьны курс літаратуры. І калі чарговая акцыя “Героі году” не збірае нармальнай колькасці гледачоў – смешна казаць, што праблема ў літаратурнай недавыхаванасці новай генерацыі.
Школка насамрэч важыць няшмат. Асабіста я анічога з тых заняткаў не ўзгадаю – падазраю, як і большасць суайчыннікаў. Неэфектыўныя методыкі, перманентна стомленыя выкладчыкі, адміністратыўная бюракратыя, маральна састарэлыя падручнікі – пра якую якасць ведаў тут можна казаць? Моладзь зараз выхоўваюць клубныя акцыі, вэгетарыанскі фастфуд, вандроўкі ў Вільню ды Маскву, глабальнае сеціва, беспартыйныя грамадскія ініцыятывы, кіно і музыка з торэнтаў – і да таго (тут зноў пагаджуся з Віталём) тупы пралетарскі півасік па выходных, БРСМаўскія рытуалы лаяльнасці, агульная дэградацыя прадзяржаўнай поп-культуры і агрэсіўная інтэрвенцыя папсы ад Вялікага Брата.
Вось дзе адбываецца галоўнае. Вось дзе будуецца рэальная ідэнтычнасць. Загрузіце маладзёнаў хоць Сервантэсам, хоць Картасарам – яны (нават калі і загрузяцца) усё адно пасля школкі выйдуць у зусім іншую культурную прастору з цалкам іншымі правіламі штодзённасці. Як лічыце, што пераможа?
Кіньце няшчаснага Лермантава! Забудзьцеся на Талстога. Пачынаць варта з іншага. Трэба мяняць не спіс дазволеных герояў, а падыход да зацверджаных канонаў. Вырабляць не “правільную” адукацыю і яе лаяльных прамоўтараў ды юзераў, а здольнасць складаць асабістую ідэнтычнасць з шырокага рэсурсу магчымых узораў ды культурных тэкстаў. І дбаць не пра тое, каб гучала “наша” і скарацілася “не наша”, а пра тое, каб кожны меў магчымасць з шэрагу культурных альтэрнатываў абраць сваю. Новыя прыярытэты складуцца самі. Хай нават насуперак асабістым надзеям нас са спадаром Цыганковым.
Прымусовая “ідэнтыфікацыя” – рэч у прынцыпе заганная. Нават калі мае высакародныя намеры. Рэальная культура стварае сябе сама. І не пытаецца дазволу, на якой хвалі і на якой мове ёй існаваць. Прасцей за ўсе мроіць, каб прыбралі “не тыя” мову ды літаратуру. Акей, “пачысцім” школку. А хто прыбяре іх з вуліц ды кніжных палічак? Хто паправіць інтэрнэт?
Хочацца хуткіх зрухаў. Хочацца не баяцца “рускага міру”. Хочацца Еўропы ў галовах. Але ж не школка тут ратаванне. А паслядоўныя і сістэмныя трансфармацыі культурніцкай прасторы. Выкладанне свабоды – праз спевы, тэксты, арт-акцыі, культурныя (у тым ліку літаратурныя) івэнты, грамадзянскія ініцыятывы. І, так, праз школу таксама. Але ж не толькі. І не першым нумарам. Бо першых (як і апошніх) тут няма.
Магчымы вынік? Стварэнне новых схем “простай” побытавай ментальнасці. Таго самага штодзённага асяроддзя. Бо “рускі мір” жыве не ў падручніках. А ў разгубленай свядомасці чалавека, які няздольны жыць сам – без дзяржаўнай пугі і маскоўскага перніка.