«Каб кіно адбылося, мусіць супасці шмат фактараў»: Максім Швед — пра новы праект «Артэфакты» на Reform.news
27 красавіка на Reform.news стартаваў праект «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» — серыя кароткаметражных дакументальных фільмаў пра легендарных беларусаў і іх рэчы, якія сталі экспанатамі беларускага музея ў Варшаве.
Ідэі і канцэпцыя цыкла належыць Максіму Шведу — беларускаму рэжысёру-дакументалісту, аўтару прагучалых на міжнародных фестывалях і прэміях стужак «Чыстае мастацтва», «Маршрут перабудаваны», «Галасы. Дзе мой край» ды іншых. Як нарадзіўся праект? Хто яго героі і стваральнікі? Пра якія экспанаты пойдзе гаворка? І што раскажуць «Артэфакты» пра беларусаў і іх шлях да волі? Напярэдадні прэм’еры Reform.news распытаў шоуранера праекта пра слабасць і моц дакументальнага кіно ў актуальныя часы.
«За кожным экспанатам — асабістая гісторыя»
— Максім, як да цябе прыйшла ідэя праекта?
— З аднаго боку, усё было вельмі проста. Падчас выставы мастачкі Цемры я першы раз прыйшоў у Музей Вольнай Беларусі і пазнаёміўся з яго экспазіцыяй. Убачыў экспанаты, дазнаўся гісторыі людзей. І адчуў далучанасць — мне тады падумалася, што я таксама маю артэфакт, які можна было б перадаць у інстытуцыю.
— Цікава. Што гэта?
— Мой стары зламаны тэлефон. У жніўні 2020 года я здымаў пратэсты для свайго фільма «Маршрут перабудаваны». І быў затрыманы ля станцыі метро «Спартыўная» ў ноч з 10 на 11 жніўня. Трапіў у пастарунак. Там адбылася знаёмая ўсім гісторыя: сілавікі ўзялі мой тэлефон і папрасілі сказаць пароль. Я адмовіўся. Тады яны зламалі яго і запісалі ў паперы, што тэлефон быў пашкоджаны пры затрыманні. Калі я трапіў у музей, мне ўзгадаўся гэты момант… Зламаны мабільны ў мяне застаўся — напэўна, ён «пацягне» на экспанат?
Так у меня і ўзнікла ідэя. Потым мы разгаварыліся з Наталляй Задзяркоўскай, дырэктаркай інстытуцыі, і я развіў сваю думку: за кожным экспанатам тут — асабістая гісторыя чалавека, яго шляху. А ў цэлым — гісторыя беларусаў, якая адбываецца на нашых вачах. Жывая гісторыя. І было б цікава паглядзець на вядомую тэму ў такім ключы.
— А з іншага боку? Ты казаў у пачатку, што «з аднаго боку», усё было вельмі проста, але ёсць і «іншы бок».
— З іншага боку, сёння для кінематаграфістаў, каб зняць кіно, існуюць пэўныя абмежаваннні. Шмат хто з герояў адмаўляецца здымацца з прычын небяспекі. Як рэжысёр ты заціснуты ў пэўныя рамкі і мусіш усё ўлічваць.
Гэтаксама людзі стаміліся ад траўматычных тэмаў. Каштоўнасці беларусаў не змяніліся, яны засталіся тымі ж, але людзям цяжка зараз. Нельга не адчуваць гэтага. І я доўга думаў аб тым, які ход мне знайсці, каб расказаць пра тое, што з намі адбываецца не «грузячы» гледача. Яшчэ мне хацелася б, каб праект у пэўным сэнсе падтрымаў людзей. І прастора Музея ў гэтым сэнсе стала і прасторай дыстанцыі, памяці, але і жыцця.
Артэфакты і героі
— Як выбіраліся артэфакты, пра якія вы будзеце распавядаць?
— Вядома, я рэагаваў на пэўныя рэчы і гісторыі, якія стаяць за імі. Што, так скажам, чапляла. Але таксама вялікую ролю адыгрывала і дасяжнасць герояў, іх згода здымацца. Мне, да прыкладу, хацелася б распавесці гісторыі каліноўцаў, чые артэфакты ёсць у музеі, але байцы загінулі, іх ужо няма. Адна гераіня, напрыклад, адмовілася прымаць удзел у фільме — у яе былі жыццёвыя складанасці. Каб кіно адбылося, мусіць супасці шмат фактараў. Але гісторыі беларусаў, якія нам удалося зафіксаваць, — неверагодныя.
— Распавядзі, калі ласка, хто стаў героямі фільмаў.
— У нас пяць эпізодаў у цыкле. Хачу заўважыць, што я не быў адзіным рэжысёрам на праекце — тры фільмы стварыў я, а два мае калегі: Сяргей Кавалёў і Арцём Багаслаўскі.
Першы фільм — пра моўных праваабаронцаў Аліну Нагорную і Ігара Случака ў маёй рэжысуры.
Гісторыя гэтай пары на слыху — да кастрычніка 2023 года яны знаходзіліся ў Беларусі і займаліся праваабарончай дзейнасцю. У гэтых партызанскіх умовах Аліна і Ігар не толькі адстойвалі моўныя правы беларусаў, а і нарадзілі і выхоўвалі двух дзяцей. Даволі незвычайнае становішча для партызан, пагадзіся. Мне было цікава, што іх трымала ў Беларусі столькі часу, як яны жылі, як пачуваюць сябе цяпер. Кніга, якую стварыла Аліна, «Мова 404», зараз знаходзіцца ў музеі.
Кубак Аляксандра Івуліна — адпраўная кропка другога эпізода. Гэту серыю здымаў Арцём Багаслаўскі, але і я быў захоплены гэтай гісторыяй. Многія яе ведаюць: калі спартовы блогер Саша Івулін быў у зняволенні, у яго падтрымку ў Варшаве быў зладжаны турнір беларускіх аматарскіх футбольных каманд. І ў ім прымалі ўдзел як аматары, так і прафесіяналы, — да ініцыятывы далучылася шмат людзей! Калі Саша выйшаў на волю і эміграваў, то прыняў удзел ужо ў другіх спаборніцтвах. Ён іграў у турніре, які называўся «Annual Ivulin’s Cup», у камандзе «Ivulin Team» і ў цішотцы, дзе на спіне было напісана «Івулін». Усё гэта гучыць трошкі як анекдот, але ў той жа час гісторыя ілюструе маштаб беларускай эміграцыі і салідарнасць, якая па-ранейшаму жыве ў беларусах. І сам Саша — чалавек, які сваім прыкладам натхняе людзей.
У цэнтры трэцяга эпізода — кантролер (пульт) вядомага беларускага ды-джэя Папы Бо (Аляксандра Багданава). Гэту серыю здымаў Сяргей Кавалёў, і менавіта высілкамі майго калегі гэтая ўнікальная рэч стала экспанатам музея. Пасля вымушанага ад’езду арт-менеджара з Беларусі, пульт вандраваў па свеце разам з яго ўладальнікам. У рэшце рэшт, прылада знікла ў рамонтных майстэрнях пад Варшавай. У пошуках яе Папа Бо і распавядае сваю гісторыю.
— Напэўна, праект таксама не абышоўся без «выжыванкі» Руфіны Базловай?
— Маеш рацыю. Але ў нас у фільме пойдзе гаворка пра вышыванку з Алесем Пушкіным, якая знаходзіцца ў музеі, і пра праект мастачкі #Framed in Belarus. Пасля фільма «Чыстае мастацтва», які я рабіў разам з Захарам Кудзіным, я люблю працаваць з мастакамі. Інакш гляджу на іх, адчуваю рэзананс з гэтымі людзьмі. Я чуў пра Рафіну, але калі пачаў здымаць яе, шчыра кажучы, быў уражаны маштабам яе асобы і творчасцю. Мяне здзівіла розніца паміж успрыняццем мастачкі ў свеце, і тым, што пра яе ведаюць у Беларусі. Руфіна мае дзясяткі выстаў на крутых пляцоўках па ўсёй Еўропе, яе далучаюць да новай хвалі крафтывізму, хоць сама яна ставіцца да гэтага даволі асцярожна. Яна крутая мастачка, якую, на жаль, у беларускай прасторы ўспрымаюць даволі стрымана, што, на мой погляд, не справядліва. І мне хацелася б нашым фільмам выправіць гэту несправядлівасць.
— У цэнтры Музея Вольнай Беларусі размешчана сукенка «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай. Ці будзе ў праекце яе гісторыя?
— Так, гісторыя Іны прагучыць у нашым праекце. Прычым таксама рыхтуйцеся да нечаканай сустрэчы. Я ведаў гісторыю Іны, я глядзяў шмат інтэрв’ю з ёй; яна давала іх у 2020 годзе і пасля, але па выніку перада мной паўстаў зусім іншы чалавек. Яна мне адразу папярэдзіла: маўляў, калі хочаш, я магу распавесці тое, што ўжо шмат разоў казала — як хадзіла па дварах, удзельнічала ў пратэстах і гэтак далей. А магу пра тое, што адбываецца са мной зараз. Я зрабіў стаўку на тое, што адбываецца цяпер. І ў выніку ўбачыў, якая трансфармацыя адбылася з Інай за апошні час. Мне было цікава сустрэцца з гэтым новым чалавекам.
Я хачу падкрэсліць, што над праектам «Артэфакты» працавала вялікая каманда. Гэта і мае калегі рэжысёры, і аператар Ягор Яфімаў, і фатографка Аліса Ганчар, каманда Reform.news, асабліва Аляксандра Шэпелевіч, якая вельмі добра спраўлялася з нашай творчай экіпай. Вялікі ўнёсак у праект зрабіў рэжысёр Пол Копланд, які дапамагаў нам са сторытэлінгам, з мантажом, і даваў нам зразумець, што мы цікавыя свету, а не толькі эмігранцкаму гета. Без усіх гэтых людзей — «Артэфакты» не адбыліся бы. Адзначу і геаграфію серыі — фільмы здымаліся ў Польшчы, Літве, Чэхіі ды таксама ў Беларусі.
«Стан, у якім мы знаходзімся — гэта турбулентнасць і фрустрацыя»
— Сыходзячы з тваіх адказаў, адчуваеш, што твой праект — ён таксама і пра шлях, якім ідуць беларусы да свабоды. Што мы яшчэ на гэтым шляху. На тваю думку, у якім пункце мы цяпер знаходзімся? На пачатку, у сярэдзіне?
— І ў 2020 годзе я з цяжкасцю адказваў на гэта пытанне, што ўжо зараз гадаць, дзе мы. Я, магчыма, лепш бы апісаў стан, у якім мы знаходзімся сёння — турбулентнасць і фрустрацыя.
Але і ў такіх умовах трэба шукаць глебу пад нагамі, немагчыма ўвесь час «вісець» у прасторы. І мне падаецца, што героі нашага праекта акурат шукаюць магчымасць захаваць сябе і іншых, шукаюць новых сябе ў складаных абставінах. Пытанняў больш, чым адказаў, але калі мы знаходзім сваіх, людзей з беларускім вайбам, нам адразу становіцца лягчэй. І менавіта беларусы сёння становяцца апорай адно для аднаго — людзі, якія без лішніх словаў разумеюць і падтрымліваюць.
— Якая місія сёння тады ў беларускага рэжысёра? Што ён мусіць рабіць зараз — у часы турбулентнасці і фрустрацыі?
— Ты адкрываеш скрыню Пандоры гэтым пытаннем. Бо яно звяртаецца не толькі да таго, што мы можам, а ў якіх умовах існуем. Не толькі рэжысёры, але фатографы, музыканты, мастакі, многія творчыя асобы зараз пастаўлены перад пытаннем выжывання. У Беларусі незалежным кінематаграфістам пагражаюць рэпрэсіі і турма. Для тых, хто знаходзіцца ў эміграцыі, пытанне выжывання патрабуе штодзённай дадатковай энергіі. Прызнацца, я сам даволі часта думаю пра сыход з прафесіі, бо складана ўвесь час шукаць грошы на праекты. І адзінае, што мяне па-ранейшаму ў ёй трымае — гэта людзі, з якімі сустракаюся на сваім шляху. Яскравыя постаці, якія распавядаюць мне свае гісторыі. Я думаю пасля такіх размоваў: маўляў, ну, як не падзяліцца гэтымі гісторыямі?
Таксама мяне моцна падтрымліваюць сустрэчы з гледачамі ў самых розных краінах— нават калі гледачоў няшмат, гэта заўжды асаблівая публіка. І такімі сустрэчамі можна потым жыць месяцамі.
Таму калі адказваць на тваё пытанне, то місія беларускага рэжысёра, нават шырэй — творцы ў часы турбулентнасці — гэта, бадай, выжыць і намагацца зафіксаваць па магчымасці падзеі, якія сёння адбываюцца з намі. Зрабіць бачнымі людзей, якія кожны дзень робяць сваю справу, дапамагаючы іншым.
«За апошнія чатыры гады прастора для кінавыказвання звузілася»
— Максім, глядзі, што адбываецца. Калі прасачыць тваю фільмаграфію за апошнія гады, то цалкам да месца назваць цябе архіватарам ключавых кропак у нашай гісторыі. У 2019 годзе ты здымаеш «Чыстае мастацтва» — фільм пра цэнзуру ў гарадской прасторы і прагу вольнага выказвання. Далей, у 2020‑м, у стужцы «Маршрут перабудаваны» адлюстроўваеш надзеі беларусаў напярэдадані выбараў. Затым у дакументальнай стужцы «Галасы. Дзе мой край» пра «Вольны хор» фіксуеш пералом настрояў у беларускім грамадстве — роспач, згасанне надзеі. Што пакажуць «Артэфакты»?
— Я бы сказаў, што «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» — гэта ўсё ж адлюстраванне працэсу — гэта не канечны прыпынак на шляху.
Але ў плане фіксацыі пэўных момантаў гісторыі тут сыходзіцца шмат момантаў — і асабістых, і прафесійных. Тут варта абмаляваць кантэкст.
Прызнацца, калі мы з Сяргеем Кавалёвым здымалі фільм «Галасы» пра «Вольны хор», то я знаходзіўся ў даволі цяжкім маральным стане. Гэта быў 2021 год. Прыйшло ўсведамленне, што рэвалюцыя не атрымалася, пачало раскручвацца кола рэпрэсій, і мяне як бетоннай плітой прыбіла — цяжка было рабіць нават элементарныя рэчы. У гэтым сэнсе стужка пра хор, сустрэчы з героямі карціны сталі для мяне свайго кшталту тэрапіяй — я пачаў патроху выходзіць з дэпрэсіі. Плюс да ўсяго артысты «Вольнага хору» — былі ў фільме ў масках (акрамя галоўных герояў), і гэта давала мне пэўнае супакаенне, што здымаючы карціну, я нікога не падстаўляю.
Над «Артэфактамі» я працаваў ужо ў больш падрыхтаваным стане. Я выйшаў з гэтай фрустрацыі, з’явіліся глеба пад нагамі і разуменне таго, што ты можаш рабіць, а што не можаш. Не толькі ў плане рэсурсным, а ў прасторы кіно. Не будзем забываць, што сёння фільммейкеры ўжо не могуць выкарыстоўваць кадры з пратэстаў, як гэта было раней, у тым жа 2020 годзе. Сёння нават архіўны матэрыял можа стаць падставай для затрымання. Летась быў скандал з карцінай аднаго беларускага дакументаліста: людзі, якія пазналі сябе ў кадры ў фільме, былі вымушаны з’язджаць з Беларусі.
Многія рэчы сёння сталі закрытыя для фільммейкераў, гэта важна ўсведамляць. Але калі ты маеш канкрэтныя рамкі, становіцца ў нечым прасцей.
У пэўным сэнсе тое, што мы зараз фіксуем момант, як за апошнія чатыры гады звузілася прастора кінавыказвання — нельга ўзгадваць гэта і гэта, а Беларусь увогуле недасяжная — таксама адказ на пытанне: што мы можам паказаць, пра што распавесці.
І ў гэтых умовах рэжысёры адно могуць абапірацца на ўласную крэатыўнасць. У гэтым кантэксце наш праект пра артэфакты Музея Вольнай Беларусі — стаўся добрым выйсцем. Бо, з аднаго боку, музей — гэта прастора мінулага, а з іншага — і прастора сучаснасці. Недзе тут мы, мабыць, і знаходзімся.
«Прастора захавання памяці»
— Акурат да Музея Вольнай Беларусі. Адкрыццё інстытуцыі ў 2022 годзе сталася знакавай падзеяй. Сёння прайшло ўжо амаль два гады — і цалкам дарэчнымі гучаць пытанні пра канцэпцыю праекта. Летась адбылася канферэнцыя гісторыкаў, дзе абмяркоўваўся далейшы шлях развіцця музея. Ты распавядаеш у фільме гісторыі людзей праз экспанаты музея. Напэўна, у цябе сфармулявалася, маецца сваё меркаванне наконт гэтай прасторы, ці не так? Што музей для цябе ёсць сёння?
— Дарэчы, я быў на ўзгаданай табой канферэнцыі — мне было цікава паслухаць меркаванні гісторыкаў наконт развіцця праекта. І не было адзінага рашэння, якое ўсе падтрымалі б. Нават сам факт таго, што Музей Вольнай Беларусі знаходзіцца ў Варшаве — рэч небясспрэчная. Але гаварыць пра праект, які бачыць сваёй місіяй захаванне памяці — я лічу, вельмі важна.
Мы з табой толькі зафіксавалі момант звужэння прасторы выказвання ў дакументальным кіно. Працуючы над фільмам пра той жа «Вольны хор», я меркаваў, што ўжо пра каго, а пра «Вольны хор» матэрыялу дакладна мусіць быць шмат. Хор жа столькі разоў здымалі! Але каму не пісаў, з кім не звязваўся — нічога не мог знайсці. «Павыдалялі», — прызнаваліся калегі. І гэта вялікая праблема. І шмат чаго мы ўжо не знойдзем — таго, што было зафіксавана падчас пратэстаў. Людзі знішчылі архівы «на ўсялякі выпадак», каб не трапіць за краты. Шмат што было канфіскавана…
Таму, вяртаючыся да твайго пытання, чым для мяне ёсць музей — у першую чаргу, гэта прастора захавання памяці. Даследаванне і захаванне дакументаў, архіваў, артэфактаў — каб з гэтым далей можна было працаваць — рэжысёрам, мастакам, гісторыкам. Я зараз разважаю над пытаннем і разумею, што і мая місія, у пэўным сэнсе, таксама ў гэтым — зафіксаваць, задакументаваць наша жыццё, падзеі ў фільме так, каб людзі, якія паглядзяць стужку праз 5–10 гадоў, зразумелі, што з намі адбывалася. Як мы тут жылі, хто нашы героі, і навошта нам усё гэта было. Напэўна, я цяпер даў адказ і на тваё пытанне, у чым сёння місія рэжысёра (ўсміхаецца).
«Тут і зараз побач з табой»
— Ты пытаешся ў сваіх герояў у кіно пра надзею. Што яна для іх? У чым яны яе бачаць? Я зараз хачу адрасаваць табе гэта пытанне: дзе ты асабіста знаходзіш сёння надзею?
— Мне б хацелася тут узгадаць словы Іны Зайцавай — вельмі спадабалася яе думка на гэты конт. Іна казала, што надзея — яна заўсёды пра погляд у будучыню. Надзея — яна недзе там наперадзе. Але ў тыя часы, якія мы сёння маем, лепш больш канцэнтравацца на тым, што адбываецца тут і зараз. Сёння пасля 2020 і 2022 гадоў ужо складана верыць у цуды, застаецца верыць адно ў аднаго і ў самога сябе. Таму мая надзея — яна больш канкрэтная, прывязаная да людзей, якія тут і зараз побач з табой.