Магілёўскую журналістку пакаралі штрафам за сюжэт пра галоўнага ідэолага краіны
Суд Бялыніцкага раёна пакараў магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову штрафам за відэасюжэт пра новапрызначанага галоўнага ідэолага краіны Андрэя Кунцэвіча, які яна нібыта зрабіла для тэлеканала “Белсат”.
Суддзя Валянціна Паўлава вынесла рашэнне аштрафаваць журналістку на 20 базавых велічынь (510 рублёў) паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь —за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
Пра тое, што судовае пасяджэнне ўжо адбылося, Дар’я Чульцова даведалася толькі ўчора, 23 кастрычніка, калі атрымала па пошце адпаведную судовую пастанову. Па словах журналісткі, яе асабіста супрацоўнікі міліцыі пра дату і час судовага пасяджэння не папярэджвалі.
Чульцова кажа, што 15 кастрычніка ўчастковы інспектар наведаў кватэру яе маці ў Шклове і паведаміў той, што 16 кастрычніка ў судзе Бялыніцкага раёна будзе разглядацца адміністрацыйная справа Дар’і. Сама журналістка пражывае ў Магілёве, таму пра магчымае пасяджэнне суда даведалася значна пазней за прызначаны тэрмін. З пастановы вынікае, што рашэнне аб пакаранні яе штрафам было вынесенае 18 кастрычніка.
Старшыня Бялыніцкага райсуда Валянціна Паўлава, азнаёміўшыся з паказаннямі сведкаў, прыйшла да высновы, што журналістка здзейсніла правапарушэнне паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Штраф быў вынесены ў мінімальным памеры з улікам першага прыцягнення Дар’і Чульцовай да адміністрацыйнай адказнасці і яе маладога ўзросту, — паведамляецца ў лісце з суда.
Чульцова заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне суда Бялыніцкага раёна ў Магілёўскім абласным судзе, паколькі не лічыць, што парушыла заканадаўства.
Нагадаем, што супрацоўнікі бялыніцкай міліцыі ў якасці правапарушэння інкрымінавалі журналістцы сюжэт, які выйшаў у эфіры спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” 22 жніўня 2019 года ў тэлепраграме “Аб’ектыў” пад назвай “Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. “Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь”.
Разгляд адміністрацыйнай справы Дар’і Чульцова ў судзе Бялыніцкага раёна павінен быў адбыцца яшчэ 26 верасня, аднак быў адкладзены. Тады з‑за шматлікіх недакладнасцей, дапушчаных супрацоўнікамі міліцыі, суддзя Аксана Загорская вярнула матэрыялы адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў Бялыніцкі РАУС.