Магілёўскія журналісты накіравалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН
Магілёўскія журналісты Аліна Скрабунова і Алесь Сідарэўскі накіравалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Журналісты паскардзіліся на рашэнні суда Ленінскага раёна Магілёва, вынесеныя ў дачыненні да іх за збор і распаўсюд інфармацыі.
Суддзі Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава і Алена Літвіна 19 сакавіка 2020 года пакаралі журналістаў-фрылансераў максімальнымі штрафамі ў памеры 50 базавых велічынь за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП — за незаконны выраб прадукцыі СМІ.
І Скрабуновай, і Сідарэўскаму ў віну паставілі тое, што яны нібыта ўдзельнічалі “ў незаконным вырабе прадукцыі сродку масавай інфармацыі” без акрэдытацыі, калі 20 лютага здымалі сюжэт пра суд над грамадскім актывістам з Магілёва Станіславам Паўлінковічам. Увечары таго ж дня відэасюжэт пад назвай “Суды над абаронцамі незалежнасці ў Беларусі” быў паказаны на тэлеканале “Белсат”.
Рашэнне суддзяў Ленінскага райсуда Магілёва пакінуў у сіле Магілёўскі абласны суд, які таксама палічыў, што журналісты працавалі на замежны СМІ без акрэдытацыі, хоць даказаць, што Скрабунова і Сідарэўскі маюць нейкія працоўныя адносіны з рэдакцыяй “Белсата”, ні міліцыя, ні суды не змаглі.
У скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН журналісты пішуць пра тое, што права на атрыманне, захоўванне i распаўсюд поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя ім, як грамадзянам краіны, гарантуе арт. 34 Канстытуцыі Беларусі. Адпаведныя нормы ўтрымлівае і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Рэспубліка Беларусь.
Журналісты просяць міжнародную наглядную арганізацыю разгледзець іх скаргі на прадмет парушэння ўладамі Беларусі правоў, гарантаваных арт. 19 у сукупнасці з арт. 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Таксама Скрабунова і Сідарэўскі хочуць, каб Камітэт па правах чалавека рэкамендаваў беларускаму ўраду адмяніць пастановы суда Ленінскага раёна Магілёва аб прыцягненні іх да адказнасці, пакрыць у вызначаным заканадаўствам парадку штрафы і дзяржаўную пошліну, выплачаную імі пры абскарджанні гэтых пастаноў у Магілёўскім абласным судзе.