• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскія журналісты абмеркавалі планы дзейнасці на бліжэйшы час

    Адбылася працоўная сустрэча журналістаў і блогераў з Магілёва і рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Падчас сустрэчы сябры ГА “БАЖ” з Магілёва і рэгіёнаў разам з запрошанымі блогерамі абмеркавалі сітуацыю са станам незалежных СМІ у вобласці, падзяліліся планамі дзейнасці на бліжэйшы час.

    Мерапрыемства прайшло ў невялікім офісе інфармацыйнага сайта “Магілёўскі рэгіён”, удзел у сустрэчы ўзялі блізу 15 чалавек. Сябры ГА “БАЖ” узгаднілі планы дзейнасці на бліжэйшыя тры месяцы, дамовіліся пра арганізацыю сходу чальцоў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”, на які будуць запрошаны прадстаўнікі кіраўніцтва арганізацыі.

    Прагучалі прапановы наконт журналісцкіх трэнінгаў, у якіх было б карысна паўдзельнічаць магілёўскім бажаўцам.

    Удзельнікі сустрэчы выказалі свае абурэнне пашырэннем ціску на журналістаў Магілёўшчыны з боку мясцовых праваахоўных органаў.

    Так, 29 чэрвеня быў пакараны штрафам у памеры 45 базавых велічынь за “незаконны выраб прадукцыі СМІ” журналіст Уладзімір Лапцэвіч. Крыху раней супрацоўнікі міліцыі спрабавалі прыцягнуць да адказнасці журналістку Аліну Скрэбунову, цікавіліся дзейнасцю Міхася Аршынскага. Былі выказаныя розныя меркаванні наконт таго, як супрацьдзейнічаць ціску на незалежных журналістаў з боку праваахоўнікаў органаў і мясцовых чыноўнікаў, як пераадольваць негалосную забарону на прадстаўленне інфармацыі.

    Значная частка сустрэчы была прысвечана абмеркаванню працы мясцовага інтэрнэт-рэсурса “Магілёўскі рэгіён”, з якім супрацоўнічаюць многія журналісты ў Магілёве і рэгіёнах. Сваімі меркаваннямі і прапановамі наконт паляпшэння працы сайта падзяліліся журналісты Валерый Каранкевіч, Уладзімір Лапцэвіч, Аляксандр Буракоў, Зміцер Салаўёў, Пётр Мігурскі, Сяргей Аржанцаў, Максім Алямоўскі і іншыя. Журналісты аднагалосна выказаліся за тое, каб, нягледзячы на ўзнікшыя аб’ектыўныя складанасці, праца па ўдасканаленню і папулярызацыі інтэрнэт-рэсурса была працягнута.

    Сустрэча ў Магілёве была арганізаваная сумесна мясцовай суполкай ГА “БАЖ” і Выдавецікім цэнтрам Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці