Магілёўскіх журналістаў зноў будуць судзіць
Магілёўскіх журналістаў-фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага зноў будуць судзіць за парушэнне Закона “Аб СМІ” згодна ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ. Гэтым разам адміністрацыйныя справы журналістаў будзе разглядаць суд Ленінскага раёна Магілёва.
Пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях былі складзеныя 13 сакавіка ў Ленінскім РАУС, куды журналістаў выклікалі позвамі. Пратакол на Аліну Скрабунову склаў выконваючы абавязкі намесніка начальніка ААПП Ленінскага РАУС маёр міліцыі Дзмітрый Гоманаў (Дмитрий Гомонов) на Аляксандра Сідарэўскага — старшы інспектар ІСН (інспекцыя па справах непаўнагадовых) Ленінскага РАУС маёр міліцыі Васіль Карняенка (Василий Корнеенко).
Міліцыянты ўручылі журналістам позвы з патрабаваннем з’явіцца ў суд Ленінскага раёна Магілёва 19 сакавіка.
І Скрабуновай, і Сідарэўскаму ў віну ставіцца тое, што нібыта ўдзельнічалі “ў незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” без акрэдытацыі, калі 20 лютага здымалі сюжэт пра суд над грамадскім актывістам з Магілёва Станіславам Паўлінковічам. Сідарэўскі рабіў відэазапіс, а Скрабунова брала інтэрв’ю ў грамадзян. Увечары таго ж дня відэасюжэт пад назвай “Суды над абаронцамі незалежнасці ў Беларусі” быў паказаны на тэлеканале “Белсат”.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель выказаў меркаванне, што адміністрацыйныя справы журналістаў могуць быць разгледжаныя і ў іншы дзень, бо менавіта суд, а не супрацоўнікі міліцыі, мусіць прызначаць дату разгляду справы. Таксама праваабаронца адзначыў, што ён збіраецца выступіць у судзе ў якасці сведкі, бо прысутнічаў падчас здымкаў сюжэта пасля суда над Паўлінковічам.
У пратаколах аб адміністрацыйных правапарушэннях Скрабуновай і Сідарэўскага сведкамі пазначаны супрацоўнікі міліцыі Вячаслаў Грыц (Вячеслав Гриц) і Павел Башарымаў (Павел Башаримов).
Скрабунова і Сідарэўскі зусім нядаўна ўжо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці Кастрычніцкім райсудом Магілёва паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Суд пакараў іх штафамі ў памеры 50 і 20 базавых велічынь адпаведна за рэпартаж пра юбілей Магілёўскага тралейбуснага парка. Журналісты абскардзілі рашэнні райсуда ў Магілёўскім абласным судзе.