Магілёўскі журналіст патрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі
Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) накіраваў скаргу ў Следчы камітэт. Ён патрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Магілёва, якія распачалі ў дачыненні да яго адміністрацыйны працэс. Журналіст даводзіць у скарзе, што справа была сфальсіфікаваная.
Нагадаем, што вечарам 5 жніўня Буракова затрымалі супрацоўнікі ДАІ і па надуманых падставах даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва. Там супраць яго была зладжана правакацыя: калі журналіст выходзіў з будынка міліцыі, невядомая жанчына кінулася яму пад ногі. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС тут жа зноў затрымалі Буракова і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП).
Суд Ленінскага раёна Магілёва 7 жніўня на падставе гэтага пратакола пакараў Буракова 10-цю суткамі арышту. Сведчанні супраць Буракова даваў намеснік начальніка ААПП Ленінскага РАУС Магілёва Павел Башарымаў.
Нібыта “пацярпелую” жанчыну суд запрашаць адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што яна нібыта з’ехала ў Расію.
У судзе Аляксандр Буракоў не пагадзіўся з абвінавачаннямі і тлумачыў, што гэта была правакацыя. Пасля адбыцця арышту журналіст змог удакладніць некаторыя абставіны свайго затрымання. Высветлілася, што жанчына, якая напісала заяву (Васількова Вікторыя Васільеўна), указала сваім адрасам пражывання адрас гасцініцы “Магілёў”. Прапісацца ў гасцініцы паводле закона немагчыма.
Васількова заявіла, што з’яўляецца нараджэнкай горада Краснадар і грамадзянкай РФ. Гэта значыць, маёр міліцыі Дзмітрый Гоманаў, які складаў пратакол, нават не пацікавіўся пашпартам замежнай грамадзянкі.
Таксама ў заяве было ўказана несапраўднае месца працы: Васількова ўказала, што працуе ў ТАА “Армтэк”.
Высветлілася, што «Армтэк» гэта таварны знак групы кампаній. На самай справе такога ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю) няма. Гэтая гандлёвая марка належыць ТАА «Еврозапчасть», а кіруючай кампаніяй з’яўляецца ТАА «Альфа Мотарс».
У цэнтральным колл-цэнтры «Армтэк» паведамілі, што такой супрацоўніцы ў іх няма.
Даты, названыя ў дакументах, відавочна паказваюць на заказны характар дзеянняў гэтай грамадзянкі. Вікторыя Васількова вечарам 5 жніўня напісала на адрас суда Ленінскага раёна Магілёва заяву, каб разгляд справы ў дачыненні да Буракова прайшоў без яе прысутнасці, бо яна з’язджае ў Расію. Але на той момант на Буракова яшчэ не было складзена ніякага пратакола і абвінавачанне не было прад’яўленае. Гэта значыць, тэарэтычна Вікторыя Васількова не магла ведаць, ці будзе суд у прынцыпе.
Пратакол аб адміністрацыйным затрыманні быў складзены на журналіста толькі 6 жніўня.
Аляксандр Буракоў лічыць, што ўсе гэтыя факты яскрава сведчаць пра тое, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго ад самага пачатку была ініцынаваная і сфальсіфікаваная супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Магілёва.