«Магілёўскі Рэгіён»: адбылася масіраваная кібератака на рэсурс
На магілёўскі абласны рэгіянальны партал “Магілёўскі рэгіён” ноччу 17 лістапада адбылася кібератака з IP адрасоў, размешчаных адразу ў некалькіх краінах. З-за кібератакі хостэр быў вымушаны заблакаваць доступ да сайта, і ён быў недасяжны для карыстальнікаў да поўдня 18 лістапада.
Па словах галоўнага рэдактара “Магілёўскага рэгіёна” Змітра Салаўёва, большасць IP адрасоў, якія ўдзельнічалі ў кібератацы, месцяцца на тэрыторыі Расійскай Федерацыі. Адміністрацыя 6tv.by здолела аднавіць працу інтэрнэт-рэсурса толькі пасля сур’ёзных намаганняў.
Зміцер Салаўёў адзначыў, што бліжэйшым часам абарона сайта ад кібератак будзе сур’ёзна палепшаная.
“На жаль, відавочна, яшчэ ёсць сілы, якія не жадаюць бачыць незалежную інфармацыю на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, — кажа Зміцер Салаўёў. – Аднак, нягледзячы на ціск, мы будзем даносіць незалежную інфармацыю пра падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, да нашых чытачоў”.
Нагадаем, што ў жніўні гэтага года намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч запатрабаваў ад магілёўскага сайта прадаставіць інфармацыю пра артыкулы «Ці патрэбен Магілёву «Омсктэхвуглярод»?» і «Як Валерый Каплунат адрэагаваў на публікацыю «Магілёўскага рэгіёна».
Падставай для звароту намесніка міністра стала тое, што ТАА «Омсктэхвуглярод» (старшыня савета дырэктараў прадпрыемства Валерый Каплунат) абвінаваціла сайт 6tv.by у распаўсюдзе інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці.
Пасля падрабязных тлумачэнняў рэдакцыі “Магілёўскага рэгіёна” са спасылкамі на крыніцы інфармацыі Міністэрства інфармацыі ніякіх прэтэнзій да рэсурса больш не выказвала.
“Магілёўскі рэгіён” асвятляе падзеі ў Магілёўскай вобласці ўжо амаль паўтара гады. Рэсурс мае ўласных карэспандэнтаў у шэрагу раёнаў вобласці. Апошнім часам 6tv.by адчувае пэўныя цяжкасці ў працы ў сувязі з недахопам фінансавых рэсурсаў.