• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскі абласны суд адхіліў скаргу журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова

    Суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў 19 ліпеня разгледзеў касацыйную скаргу журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова на рашэнне суддзі суда Ленінскага раёна Магілёва Таццяны Касцюк. 29 мая суддзя Таццяна Касцюк пакарала штрафамі ў памеры 50 і 30 базавых велічынь “за незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” магілёўскіх журналістаў-фрылансераў Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова.

    Журналістам быў пастаўлены ў віну выраб двух відэасюжэтаў для тэлеканала “Белсат” — пра высяленне жыхароў дамоў у Магілёве з‑за памылкі ўладаў, і пра самагубства кіраўніка аграхолдынга “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне.

    Суддзя Міхаіл Мельнікаў не прыняў да ўвагі довады журналістаў аб шматлікіх парушэннях, дапушчаных супрацоўнікамі праваахоўных органаў пры складанні пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах да іх. Таксама Міхаіл Мельнікаў не звярнуў ніякай увагі на абгрунтаваны выступ Аліны Скрабуновай, у якім журналістка распавяла пра перадузятае стаўленне з боку суддзі суда Ленінскага раёна Таццяны Касцюк, і яе сведчанні аб тым, што аўтарамі відэасюжэта на тэлеканале “Белсат” як “прадукцыі СМІ” з’яўляюцца іншыя журналісты.

    “Суддзя Касцюк у матывіровачнай часцы пастановы спасылаецца на мае сведчанні і сведчанні сведак, якіх наогул не было, — адзначыла Аліна Скрабунова. — Яна з’яўляляецца зацікаўленай асобай, бо раней ужо выносіла аналагічны прысуд у адносінах да мяне”.

    Нагадаем, у лістападзе 2017 года суддзя Таццяна Касцюк ужо карала Аліну Скрабунову штрафам у памеры 30 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

    Міхаіл Мельнікаў адхіліў хадайніцтвы Скрабуновай аб прыцягненні ў якасці экспертаў для вызначэння, што з’яўляецца вырабам прадукцыі СМІ, дэкана журфака БДУ і кіраўніка аддзялення журналістыкі Магілёўскага дзяржаўнага унівірсітэта імя Аркадзя Куляшова. Разам з тым упершыню за апошнія гады ў самым пачатку судовага пасяджэння суддзя Мельнікаў дазволіў журналістам весці фота- і відэаздымкі падчас судовага працэса.

    Пасля невялікага перапынку суддзя Міхаіл Мельнікаў прыняў рашэнне пакінуць без зменаў рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва і сумесную скаргу Скрабуновай і  Глушкова без задавальнення. Рашэнне суда Ленінскага раёна ўступіла ў законную сілу і ўжо бліжэйшым часам журналісты Аліны Скрабунова і Яўген Глушкоў павінны выплаціць штрафы ў памеры 50 і 30 базавых велічынь адпаведна.

    Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што журналістам няма ніякага сэнсу далей падаваць наглядны скаргі ў вышэйстаячыя судовыя інстанцыі, бо папярэдняя практыка паказала тое, што  па палітычна матываваных справах ніякія абгрунтаваныя довады і аргументы не прымаюцца імі да ўвагі.

    Скрабунова і Глушкоў таксама лічаць,адміністрацыйную справу ў адносінах да сябе палітычна матываванай, бо парушаецца гарантаванае Канстытуцыяй права на атрыманне і распаўсюд дакладнай інфармацыі. Ужо ў бліжэйшы час журналісты будуць рыхтаваць скаргі для далейшай падачы ў Камітэт па правах чалавека ААН.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці