Магілёў: забраныя шэсць камп’ютараў, два мадэмы і нататнікі Ігара Барысава
Міліцыя праводзіць праверку на прадмет парушэння артыкула 188 часткі 2 Крымінальнага кодэкса Беларусі (паклёп) у публікацыі выдання "Наш Магілёў".
Прыкладна а 9‑й гадзіне раніцы 12 сакавіка ў кватэру Ігара Барысава прыйшлі пяцёра міліцыянтаў. Яны прад’явілі пастанову аб правядзенні агляду памяшкання на падставе праверкі па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп).
Як стала вядома ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, у праваахоўных органаў ёсць прэтэнзіі да аднаго з матэрыялаў, апублікаваных на сайце газеты «Наш Магілёў», пра тое, што генеральны дырэктар магілёўскага прадпрыемства «Стужка» нібыта моцна прайграўся ў казіно. Аднак, паводле міліцыянтаў, крымінальная справа па дадзеным факце пакуль не распачатая, а толькі вядзецца праверка.
Артыкул 188 КК ч. 2 – паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, або ў друкаваным, або публічна дэманстраваным творы, або ў сродках масавай інфармацыі. Паводле гэтага артыкула прадугледжваюцца папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, штраф, арышт да 6 месяцаў або абмежаванне волі да трох гадоў.
А 12:20 агляд памяшкання кватэры Ігара Барысава быў скончаны. Міліцыянты забралі з кватэры для правядзення экспертызы тры камп’ютары, мадэм і нататнікі, не выдаўшы пры гэтым журналісту копію адпаведнага пратакола вынятку.
Ігар Барысаў распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, што міліцыянты не дазволілі ўдзельнічаць у аглядзе кватэры праваабаронцам, а ўжо адразу з сабой прывялі двух панятых, якіх і ўказвалі ў пратаколе.
Рэдактар гаворыць, што з гэтай нагоды мае намер накіраваць скаргу на дзеянні міліцыянтаў.
– Яны заявілі, што паводле факту публікацыі праводзіцца праверка на прадмет парушэння крымінальнага кодэксу, але пакуль крымінальная справа не распачатая. Каля трох гадзін цягнуўся агляд памяшкання, удзел у якім бралі прыведзеныя міліцыянтамі панятыя. Нашых панятых міліцыя не пусціла. Напрыканцы супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што звяжуцца са мною па выніках праверкі маёй камп’ютарнай тэхнікі, – распавёў Ігар Барысаў.
Сам Барысаў не выключае, што сённяшнія падзеі звязаныя з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў і актывізацыяй сілавых органаў.
14.00 Між тым, у той жа дзень гісторыя атрымала працяг. Праз 20 хвілін пасля таго, як журналісты і праваабаронцы з’ехалі ад кватэры Ігара Барысава, пачаўся “агляд памяшкання” магілёўскага офіса “Вясны” (закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра). Пра гэта паведаміў ГА “БАЖ” журналіст Алесь Буракоў.
Паводле яго словаў, “агляд” праводзілі тыя ж міліцыянты, што перад гэтым былі ў Ігара Барысава дома, і на той жа падставе. “Рэч у тым, што Ігар Барысаў працаваў на камп’ютары менавіта ў офісе “Вясны”, і міліцыя пра гэта ведае, – адзначыў Алесь Буракоў. – Выглядае на тое, што таксама хочуць забраць камп’ютарную тэхніку”.
16.30 Як паведаміў праваабаронца Барыс Бухель, у ходзе агляду памяшкання, дзе месціцца офіса “Вясны”(закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра), былі таксама забраныя тры камп’ютары і мадэм. Адметна, што агляд памяшкання тут праводзілі тыя ж самыя супрацоўнікі міліцыі, якія раніцай наведалі кватэру Ігара Барысава.