• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мае ўрокі

    У тым, што я стаў журналістам, ёсць таксама і заслуга чалавека, які хоча быць вечным прэзідэнтам. Але я — грамадзянін краіны, і я маю права крытыкаваць нашу ўладу тады, калі выплачваю дзяржаве падаткі.

    Фатаграфую заход сонца на возеры

    Зараз мне цяжка прыгадаць, калі я стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў, — у 2000‑м ці 2001‑м. Хутчэй за ўсё, у 2001‑м. Было гэта яшчэ ў тыя часы, калі Жанна Літвіна была прэзідэнтам. Так тады называлася пасада кіраўніка БАЖ. Але аднаму чалавеку захацелася так, каб прэзідэнтам у гэтай краіне быў толькі ён.

    Трэба адзначыць, у тым, што я стаў журналістам, ёсць таксама і заслуга чалавека, які хоча быць вечным прэзідэнтам. Пасля рэферэндуму 1996  года я быў вымушаны звольніцца з працы і пайсці, як кажуць усходнія суседзі, «на вольные хлеба».

    Папрацаваць давялося за гэты час шмат дзе, але я ўдзячны лёсу, што стаў журналістам.

    Першая газета, з якой я пачаў супрацоўнічаць, — «Вольнае Глыбокае». Мы пачалі сябраваць з самага першага нумара! Праўда, я дапамагаў толькі ў распаўсюдзе. Але неўзабаве за свой першы артыкул я атрымаў і свой першы «ганарар» — ад глыбоцкага пракурора. Было гэта пракурорскае папярэджанне за тэкст, у якім я заклікаў выбаршчыкаў не ісці на датэрміновае галасаванне.

    Праўда, пісаў я ў газету тады не так часта, быў гэты занятак для мяне як хобі. Ніхто за маю пісаніну тады не плаціў, проста было цікава: ты нешта напісаў — і цябе надрукавалі.

    Сітуацыя змянілася ў 2001 годзе, калі я ўступіў у Беларускаю асацыяцыю журналістаў. З’явілася магчымасць наведваць адукацыйныя семінары, нечаму навучацца ад калегаў. Вялікую ролю ў маім станаўленні як журналіста адыграў калега з Паставаў Алесь Касцень. Працавалі мы тады разам у «Вольным Глыбокім», і менавіта пад уплывам Алеся я стаў пісаць у газету рэгулярна. Як старэйшы і больш дасведчаны сябра, Алесь падказваў, як лепш скласці расповед, выпраўляў мае памылкі. Але рабіў гэта вельмі далікатна, стараўся не пакрыўдзіць. Шмат што з тых урокаў я памятаю і выкарыстоўваю да сённяшняга дня.

    На жаль, у 2009 годзе Алесь Касцень заўчасна пайшоў з жыцця. Было гэта 17 верасня, якраз у дзень, калі адзначалася 70-годдзе «вызвалення» Заходняй Беларусі ад польскага прыгнёту. Па злой іроніі лёсу, акурат у гэты дзень выйшаў першы нумар рэкламнай газеты «Прэфект-інфо», у якой я быў галоўным рэдактарам. Менавіта ад гэтага дня я лічу сябе журналістам-прафесіяналам. Прафесіяналам таму, што ад гэтага часу я стаў зарабляць сабе на жыццё журналістыкай.

    Краязнаўца з Зябак Глыбоцкага раёна Юры Пілімон, Матафонаў, я, Бартосік на самым глыбокім возеры Доўгім

    Пра прафесійную журналістыку хочацца сказаць асобна. Чамусьці дзяржаўныя чыноўнікі лічаць, што прафесійным журналістам можа быць толькі той, хто скончыў журфак нашага Дзяржуніверсітэта, назваць які беларускім язык не паварочваецца. Вось і нядаўна ў глыбоцкім судзе суддзя Людміла Вашчанка, калі выносіла прысуд маёй калезе Таццяне Смоткінай, дапытвалася ў яе пра адукацыю. Калі пачула, што яна філолаг, адзначыла: няма ў вас, маўляў, журналісцкай адукацыі. Падумалася: калі паглядзець на наш кіраўнічы апарат — як на раённым узроўні, так і на абласным, а мо і на самым вышэйшым, — няма ў нас іншых «кузняў» кадраў, акрамя Вялікалукскага сельскагаспадарчага інстытута і Беларускай сельгасакадэміі. Закончыўшы гэтую акадэмію, наогул можна больш за два дзесяцігоддзі кіраваць краінай! З такога пункту гледжання, з адукацыяй у мяне ўсё ў парадку: у 1992 годзе згаданую навучальную ўстанову скончыў і я.

    Працу ў рэкламнай газеце «Прэфект-інфо» не магу абмінуць добрым словам. Калектыў у нас быў невялікі, усяго тры чалавекі. Але гэта быў перыяд, калі ці не ўпершыню ў маім жыцці я, прачынаючыся раніцай, хацеў ісці на працу. Вядома, пісаць на грамадска-палітычныя тэмы ў гэтай газеце не выпадала, але рэалізавацца ў «сапраўднай» журналістыцы дапамагала фрылансерства. Пра ўсё, што хвалявала ў той момант, можна было пісаць не ў «сваю рэкламку» — у іншыя выданні.

    «Прэфект-інфо» праіснавала больш за чатыры гады, мне не хапіла трох месяцаў да пяцігадовага стажу галоўнага рэдактара. Газета перастала выходзіць не па нашай віне, а з прычыны пастаяннага ціску з боку ўладаў. Як толькі ў краіне праходзіла чарговая выбарчая кампанія, газета мусіла сплачваць штраф за нейкія «парушэнні». Перад мясцовымі выбарамі 2014 года, ведаючы пра мой намер удзельнічаць у так званых выбарах, газету прэвентыўна аштрафавалі за парушэнні закона аб рэкламе. Таму, на жаль, выхад «Прэфект-інфо» быў спынены.

    Яшчэ працуючы ў газеце, я зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам. Пасля закрыцця рэкламнай газеты працую як прадпрымальнік і да гэтага часу. На жаль, у нашай дзяржаве нельга зарэгістравацца журналістам-фрылансерам. Год я працаваў як фатограф, зараз — відэааператар.

    Я наіўна лічыў, што, як грамадзянін гэтай краіны, маю поўнае права крытыкаваць нашу ўладу тады, калі выплачваю дзяржаве падаткі. Але гэта я так лічыў, дзяржава так не лічыла. Тых мільёна трыста тысяч рублёў, што я плачу кожны месяц у дзяржаўны бюджэт, некаму з дзяржаўных чыноўнікаў падалося мала, і падатковая вырашыла праверыць мае прыбыткі і выдаткі за чатыры гады. У выніку праверкі атрымаў штраф больш як на 8 мільёнаў рублёў. Пазней, праўда, высветлілася, што аштрафавалі мяне не за фінансавыя парушэнні, а за крытыку раённай улады.

    Але дзяржаве і гэтага падалося мала — праз пэўны час глыбоцкі суд аштрафаваў мяне яшчэ на чатыры з паловай мільёны за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

    Мая сям’я: жонка і дзеці

    Я, канечне, выплачваю, але разважаю: стаўленне дзяржавы да прадпрымальнікаў у нас вельмі дзіўнае. Калі браць нашых заходніх суседзяў — напрыклад, Польшчу, — дык там да прыватнікаў ставяцца, як добры гаспадар да каровы: калі яе даглядаць, то можна і цэлую гадзіну даіць. У нас жа стасункі нагадваюць стаўленне ваўка: трэба дойную карову адразу зжэрці, а там — трава не расці.

    Вядома, ва ўсім гэтым вінаватая палітыка, якой у нас прасякнутае ўсё жыццё. Сядзі ціха, як у тым анекдоце, не «гаўкай», давай на лапу, каму трэба, тады жыць табе дадуць больш-менш спакойна. Але ж ці надоўга? Бо апетыты ў чыноўнікаў таксама растуць. Таму і душаць тых людзей, хто мае нейкую сваю пазіцыю. Якія, хоць нічога не просяць у дзяржавы, нічога ў яе не крадуць, ды яшчэ і плацяць у дзяржаўны бюджэт, крытычна ставяцца да негаспадарчага кіравання.

    Пра крадзяжы хочацца сказаць асобна, бо крадуць на дзяржпрадпрыемствах — пачынаючы ад самага нізавога ўзроўню і вышэй — у залежнасці ад пасады. А судзяць тых, хто ўзяў больш, чым належыць па рангу. Нідзе гэты паказчык — колькі можна ўзяць — не прапісаны, але ўсе яго вельмі тонка адчуваюць. Мая журналісцкая праца вымусіла прыйсці да такой высновы, бо не адно прызнанне пачуў — часцей, праўда, ад пакараных за драбязу «стрэлачнікаў».

    Але ўжо хопіць пра ўладу і яе мясцовыя праявы. У юбілей мне хочацца спыніцца на нашай арганізацыі — Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Па-першае, я ўдзячны ёй за тое, што атрымаў журналісцкія веды. Бо дзякуючы адукацыйным праграмам БАЖ я шмат чаму навучыўся і вучуся цяпер. Тое, што мяне сёлета двойчы аштрававалі дзяржаўныя органы, лічу прызнаннем маіх журналісцкіх заслуг.

    Па-другое, я ўдзячны нашай арганізацыі за салідарнасць, якую дэманструюць калегі, калі каго-небудзь з нас пераследуюць. Так было ўвесь час, калі я быў сябрам гэтага аб’яднання, але асабліва для мяне гэта выявілася сёлета, калі мною зацікавіўся КДБ, — распавяду пра абставіны ніжэй.

    І па-трэцяе, Беларуская асацыяцыя журналістаў наогул — як вялікая сям’я. Гэта адчуваецца і тады, калі прыязджаеш у наш офіс, дзе з парогу табе прапануюць кавы ці гарбаты, а потым выслухаюць, распытаюць, падкажуць і дапамогуць вырашыць праблему. Вельмі прыемна, калі выпадкова спаткаеш сваіх калег за мяжой — мы сустракаемся сапраўды не як сябры адной арганізацыі, а як вельмі блізкія людзі. Асабліва выяўляецца сямейны характар нашай арганізацыі на БАЖынках, у якіх я ўдзельнічаў сёлета ўпершыню і, прызнаюся, пашкадаваў, што раней прапускаў такія мерапрыемствы. Калі дасць Бог, у наступныя гады абавязкова буду!

    Некалі, недзе дзесяць гадоў таму, я быў сябрам адной палітычнай партыі. Здарылася, што пасля двух месяцаў працы ў Польшчы вяртаўся дадому. Дабраўся да Мінска і адразу паехаў у партыйны офіс, каб даведацца, што робіцца ў краіне. Бо не было тады такога інтэрнэту, як цяпер, ды і мабільніка тады ў мяне яшчэ не было. У партыйным офісе сядзеў нейкі дзядзька, які сустрэў мяне прыкладна так: «Каго вам трэба? Асабіста мне вы не патрэбныя». «Хачу даведацца, што робіцца ў краіне», — сказаў я. Дзядзька буркнуў: «Вунь на стале газеты, пачытай». І сам зноў утаропіўся ў экран ноўтбука. «Што ж ён там такое важнае робіць?» — зацікавіўся я. Зірнуўшы, пабачыў, што ён упарта імкнецца раскласці «павука». Пасля гэтага быць сябрам той партыі ў мяне знікла ўсялякае жаданне. Асабліва калі даведаўся, што ў той дзень памёр Васіль Быкаў, у офісе пра гэта павінны былі ведаць, але мне не паведамілі.

    Дык вось, у БАЖ так ніколі не робяць і, спадзяюся, ніколі так не зробяць.

    Асобна хачу адзначыць дапамогу БАЖ у маёй справе з КДБ, хаця мне ўсё ж лепш называць іх КГБ. Бо прадстаўляюць яны інтарэсы, на мой погляд, не дзяржавы, а «государства», не трэба доўга думаць — якога. Дык вось, напрыканцы чэрвеня мяне выклікалі ў раённы аддзел міліцыі, дзе паведамілі, што супраць мяне распачатая адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. І ў гэты ж дзень мяне выклікалі ў фінансавую міліцыю па маёй справе з падатковай. Супрацоўнік гэтай установы пагутарыў са мной хвілін сем, папярэдзіў, каб надалей я не парушаў заканадаўства. Як толькі ён выйшаў, у кабінет забеглі два чалавекі — менавіта забеглі, а не зайшлі, прадставіліся супрацоўнікамі контрвыведкі з Мінска і распачалі са мной ці то гутарку, ці то допыт больш як на дзве гадзіны.

    Іх цікавіла амаль усё: дзе я пазнаёміўся з польскім грамадзянінам, з якім размаўляў падчас яго прыезду ў Беларусь (а раптам ён шпіён і хоча выведаць нашы сакрэты?); з якой мэтай два разы ў гэтым годзе ездзіў ва Украіну; як і дзе пазнаёміўся з супрацоўнікамі Белсата, і шмат што яшчэ.

    Думаю, мае паводзіны там былі не зусім правільныя… Але ж не кожны дзень размаўляеш з супрацоўнікамі такой установы! Дый прыйшоў я туды не падрыхтаваны — ішоў жа ў фінансавую. У выніку я быў вымушаны падпісаць паперу, што папярэджаны па артыкуле за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Хаця хто яе больш дыскрэдытуе — пытанне рытарычнае. Яшчэ мяне «папрасілі» напісаць, што яны мяне тут не катавалі і мне не пагражалі. Вядома, мяне ніхто там не біў, пальцы ў дзверы не заціскаў, нават словамі адкрыта не пагражалі. Але ўсё было з намёкамі: а ў цябе дачка за мяжой вучыцца, а мы яе не выпусцім, а жонка ў цябе афіцыйна не працуе, і гэтак далей. І тады: ты ж ведаеш, што мы можам зрабіць. А што — не кажуць, чалавек сам павінен здагадацца. А ў тваёй галаве пракручваецца самы найгоршы сцэнар… Пра гэтыя метады я ведаў, але адна справа, калі гэта адбываецца з некім іншым, а другая — калі гэта робяць з табой.

    Нават кватэрай мяне папракнулі: маўляў, дзяржава табе за капейкі яе дала, а ты тут… Так, сапраўды, я пабудаваў кватэру па льготным крэдыце як шматдзетны бацька. І нічога дрэннага тут не бачу: у мяне трое ўжо амаль дарослых дзяцей, якія будуць працаваць у гэтай дзяржаве, а дачка ўжо працуе. І будуць зарабляць на пенсію тым, хто не працуе зараз. Таму, калі дзяржава мне ў нечым і дапамагла, то потым і атрымае з маёй сям’і. А ў выпадку са мной — ужо атрымлівае ў выглядзе штрафаў. А колькі кватэр пабудавалі начальнікі па льготных крэдытах? Некаторыя паспелі і па дзве пабудаваць ды прадаць, але гэтага нашы слаўныя органы не бачаць.

    Гутарка з мінскімі «гасцямі» скончылася тым, што мяне перадалі ў рукі нашых, мясцовых, гэбістаў. Яны намякнулі, што могуць дапамагчы вырашыць мае праблемы, але ўзамен патрэбна мая дапамога. Якая — тлумачыць не трэба. Вядома, пра тое, каб быць стукачом, не магло быць і гаворкі, але хацелася хутчэй ад іх вырвацца, і я сказаў, што падумаю.

    Думаць не было чаго, я цвёрда вырашыў на наступнай сустрэчы адмовіцца. Увесь гэты час мне было не па сабе, нават словамі цяжка апісаць той стан, у якім я знаходзіўся. Жонка пра «сур’ёзную» размову не ведала, але заўважыла, што на маёй галаве раптам паболела сівых валасоў. Па сваёй наіўнасці я думаў, што адмоўлюся пры сустрэчы ад усіх слізкіх прапаноў — і ніхто пра такія не будзе ведаць. Але не тут было! Гэтыя людзі проста так ахвяру са сваіх кіпцюроў не выпускаюць. І нармальнай гутаркі наступным разам у нас не атрымалася. Супрацоўнік зноў пачаў казаць мне, што яму патрэбна інфармацыя, што ў мяне могуць быць праблемы. І прапанаваў праз некаторы час сустрэцца — зразумела, каб я «адпрацаваў». У той жа дзень я вырашыў не толькі распавесці пра гэта калегам, але і агучыць інфармацыю публічна. Дагэтуль чакаю пагроз, хвалююся, што нешта дрэннае можа здарыцца са мной і з сям’ёй і зараз, але на душы стала лёгка.

    Таму хачу даць параду калегам: калі некаму з вас, барані Божа, давядзецца з падобным сутыкнуцца, то не трэба пра гэта маўчаць. Такую інфармацыю, нягледзячы на ўсе пагрозы, трэба агучваць.

    Мы пераможам, бо з намі — Праўда.

    А БАЖ, якой ужо ажно 20, раю праводзіць больш творчых конкурсаў, мерапрыемстваў, якія заахвочваюць сяброў. Бо мы, незалежныя журналісты, пастаянна адчуваем на сабе ціск з боку дзяржавы, нас увесь час бэсцяць у дзяржаўных СМІ, судзяць, штрафуюць. І надыходзіць прафесійная стома — як у следчага, які ў кожным чалавеку бачыць злачынцу. Так і мы пачынаем лічыць свае спагнанні за прызнанне нашых заслугаў. А кожнаму чалавеку ж хочацца, каб хоць недзе яго адзначылі з дадатнага боку. Гэта было б прыемна і для яго сям’і. Мы ж усе жывыя людзі і любім, калі нас у нечым вылучаюць.

    Віншую Беларускую асацыяцыю журналістаў з юбілеем, жадаю ўсім творчага плёну, каб здзейснілася тое, дзеля чаго мы ўвесь час працуем.

    Жыве Беларусь!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці