• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мадэрнізаваць электрастанцыю дзеля радыё: як запускалі вяшчанне ў Баранавічах за польскім часам

    Напярэдадні Другой сусветнай вайны Польскае радыё вырашыла ахапіць вяшчаннем тэрыторыі Польшчы паміж Львовам і Вільняй, дзе на той час не было ўласных радыёстанцый. Гаворка ідзе перш за ўсё пра Палессе, Наваградскае ваяводства і Валынь.  Пра польскую радыёстанцыю ў Баранавічах у рубрыцы «Машына часу» распавядае гукарэжысёр Польскага радыё, даследчык польскай радыёфаніі Кшыштаф Саган.

    У кастрычніку 1938 года радыёсігнал з Баранавічаў быў даступны ў радыусе 120 км, што дазваляла ахопліваць большую частку Наваградскага ваяводства і паўночнае Палессе аж па мяжу з Савецкім Саюзам.

    «Спачатку будаўніцтва распачалі ў Баранавічах і гэта выклікала вялікае здзіўленне, бо горад быў невялікі і даволі малады. Адпаведна, былі перасцярогі, ці дастаткова жвавае ў горадзе культурнае ды грамадскае жыццё, каб было чым запоўніць эфірны час пасля запуску радыёстанцыі. Аднак па геаграфічных меркаваннях, перавага была аддадзена менавіта Баранавічам, якія знаходзіліся прыблізна на сярэдзіне шляха паміж Брэстам і Наваградкам.

    Меркавалася, што дзякуючы радыёстанцыі ў Баранавічах можна будзе ахапіць тэрыторыю адразу двух ваяводстваў. Немагчымасць мець уласную радыёпраграму ў кожным ваяводстве, абумоўлівалася адсутнасцю ў Польшчы дастатковай колькасць частот. На пачатку 1930-ых гг. Польшчы ўдалося атрымаць дзве магутныя частаты. Было прынята рашэнне аб тым, што адна з іх будзе працаваць для рэгіёну Наваградка і Палесся, а іншая для Валыні», — гаворыць Кшыштаф Саган.

    Будаўніцтва радыёстанцыі ў Баранавічах пачалося ў ліпені 1937 года і працягвалася да вясны 1939-га. Радыёстанцыя размясцілася на ваколіцах гораду па тагачасным адрасе вуліца Габрыеля Нарутовіча, 72, на ўчастку, вылучаным гарадскімі ўладамі. Аўтарам архітэктурнага праекту стаў Тадэвуш Лобас, які ўжо пабудаваў адно з новых памяшканняў Польскага радыё ў Катавіцах.

    У баранавіцкім будынку Польскага радыё размяшчалася непасрэдна радыёстанцыі, дзве студыі і каля 15 рэдакцыйных ды тэхнічных памяшканняў. 25 красавіка 1938 года ў будынку распачаўся мантаж тэхнічнага абсталявання, таксама былі ўстаноўленыя дзве антэнныя вежы, вышынёй 141 і 145 метраў. Дзеля забеспячэння працы новай радыёстанцыі, была мадэрнізаваная мясцовая электрастанцыя, бо станцыя спажывала ўдвая больш энергія, чым усе тагачасныя Баранавічы.

    «Выствелілася, што баранавіцкая электрастанцыя не зможа сілкаваць такую моцную радыёстанцыю магутнасцю ў 50 кВт. Таму апроч будаўніцтва самой радыёстанцыі, таксама ўзнікла патрэба пераабсталявання чыгуначнай электрастанцыі, якая сілкавала ўсе Баранавічы. Адносна, самой радыёстанцыі ў Баранавічах было прынята рашэнне дзейнічаць таксама, як напярэдадні было пабудаванае радыё ў Торуні: і перадатчык, і студыі размясцілі ў адным будынку.

    Прадугледжвалася, што праграма не будзе вельмі вялікай. Каля перадатчыка, знаходзілася апаратная, з якой можна было трапіць адразу ў студыю. Побач знаходзілася чарговая, але ўжо ўніверсальная студыя. Студыі былі вельмі простыя, не прызначаныя для розных відаў радыёперадач, як і на самым пачатку гісторыі радыё ў Польшчы. Побач са студыямі, на першым паверсе, знаходзіўся кабінет дырэктара і прасторная зала, а на другім паверсе –  адміністрацыя і праграмнае бюро»— працягвае суразмоўца.

    Пробнае радыёвяшчанне ў Баранавічах распачалося 1 ліпеня 1938 года. У той час мясцовая электрастанцыя не была мадэрнізавана. У кастрычніку 1938 года радыёсігнал быў даступны ў радыусе 120 км ад перадатчыка, што дазваляла ахопліваць большую частку Наваградскага ваяводства і паўночнае Палессе аж па мяжу з Савецкім Саюзам. Перадачы з Баранавічаў слухалі жыхары Пінска, Ліды, Гродна, Нясвіжа, Слоніма ды іншых мясцовасцяў.

    «Першыя перадачы перадаваліся адну гадзіну ўдзень, як і на самым пачатку радыёфаніі, з 12 па 13 гадзіны. Пазней гадзіны эфіру былі павялічаны, але маўленне спынялася да змяркання. Баяліся, што электрастанцыя не вытрымае, калі ўвечары гараджане пачнуць уключаць святло і адначасова слухаць радыё. Таму перадатчык выключалі спачатку ў 19.30, а калі цямнець пачынала раней то ў 18.30, каб не перагружаць электрастанцыю. Напрыканцы кастрычніка 1938 года, калі баранавіцкая электрастанцыя была мадэрнізавана, мясцовае радыё змагло пачаць паўнавартаснае вяшчанне – разам з усімі рэгіянальнымі станцыямі міжваеннай Польшчы, то-бок да 23.00»— кажа даследчык.

    Калі казаць пра хваляванне адносна праблемаў са зместам перадач, выкліканыя, маўляў, не надта актыўным жыццём Баранавічаў, аказаліся небеспадстаўнымі. Адпаведна, большая частка эфірнага часу займала музыка, якая пускалася з пласцінак. Аднак у Варшаве, усведамлялі, што раёны ахопленыя баранавіцкай радыёстанцыяй пераважна насялялі сяляне. Адпаведна, праграма прадугледжвала патрэбы мясцовых жыхароў ды фермераў.

    На радыё запрашалі пераважна мясцовых артыстаў. Сярод перадачаў найбольшай папулярнасцю карысталіся «Навіны сельскай гаспадаркі», у якой дакладна распавядалі пра аграрныя праблемы ўсходніх ваяводстваў Польшчы, а таксама цыкл «Нашыя вёскі і гарады». Сярод дыктараў радыё ў Баранавічаў таксама былі і вайсковыя – Раман Грушкевіч і Збігнеў Цызбанкевіч. Радыёстанцыя цесна супрацоўнічала з войскам, выконваючы не толькі асветніцкія функцыі, але і супрацьстаяла прапагандзе, якая сыходзіла з савецкага Мінска.

    У Польшчы гатаваліся на нападу з боку гітлераўскай Нямеччыны. Прадугледжвалася, што ў Баранавічы або ў Брэст будзе пераведзена стаўка галоўнакамандуючага Войска Польскага. Прамая сувязь з радыёстанцыяй у Баранавічах павінна была адыгрываць ключавую ролю ў вайсковай сувязі і аператыўных абвестак для насельніцтва. Але праз хаос, выкліканы пачаткам вайны і гэта функцыя радыё ў Баранавічах выканана не была. Тым больш, што ў сярэдзіне верасня будынак радыё трапіў пад бамбардзіроўку.

    Вяшчанне радыёстанцыі ў Баранавічах было спынена 16 верасня 1939 года праз пашкоджання адной з антэн ты радыёлямпаў у апаратнай, а ўжо наступнага дня Баранавічы былі занятыя Чырвонай Арміяй.

    Чытайце яшчэ:

    «В 1920‑е выступал за белорусизацию, в 1930‑е хвалил советскую власть, в 1940‑е воспевал немецкую оккупацию». Кто такой Юрка Витьбич?

    Фіксер у ваенным рэпартажы. Што самае страшнае і найбольш цікавае для замежных журналістаў на вайне — гутарка са Змітром Галко. ВІДЭА

    Позиция неопределенности. Как отражает белорусская пропаганда события в Израиле

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці