Лунінецкая філія ГА «БАЖ» адзначыла 20-годдзе. Віншуем калег!
Лунінецкая філія — адна з чатырох зарэгістраваных рэгіянальных філій ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Філія мае багатую гісторыю і традыцыі, неаднаразова станавілася пераможцам бажаўскіх конкурсаў.
Падчас святочнага вечара з нагоды 20-годдзя намеснік старшыні ГА «БАЖ» Алег Агееў ўручыў віншавальны ліст ад кіраўніцтва арганізацыі.
Нагадаем, што па выніках мінулага года Лунінецкі філіял БАЖ — лаўрэат конкурса «Лепшая філія БАЖ 2019 года».
Лунінецкая філія БАЖ вылучаецца крэатыўнасцю у працы, яе сябры за гэтыя гады арганізавалі мноства прэс-тураў, сустрэч. Згадаем традыцыйны прэс-тур «БАЖ-Джэм», прэс-тур у Мікашэвічы на прадпрыемства «Граніт», сплавы на байдарках і многае іншае.
У 2019 годзе Лунінецкая філія арганізавала на Палессі фестываль «БАЖынкі», змяніўшы традыцыйны фармат.
Святочны вечар прайшоў у цёплай атмасферы. Удзельнікі сустрэчы гаварылі пра матывацыю, дасягненні, а кіраўніца філіяла Алена Насковіч адзначыла ўнёсак у працу кожнага — ніхто не сышоў без дыплома!
Шмат добрых слоў прагучала на адрас стваральніка філіі журналіста Андрэя Вышынскага. У розны час Лунінецкі філіял узначальвалі: Андрэй Вышынскі, Святлана Гарда, Андрэй Сыцін. Цяпер яго працай кіруе Алена Насковіч.
Падчас святочнай сустрэчы былі падведзеныя вынікі штогадовага конкурсу імя Віктара Філатава. Прэмію атрымала Алена Насковіч.
Віктар Філатаў — паэт, журналіст, аўтар шэрагу зборнікаў, спартыўны аглядальнік, ён быў актыўным БАЖаўцам і добрым настаўнікам для моладзі. Віктар Філатаў пайшоў з жыцця ў 2014 годзе. Калегі заснавалі прэмію ў яго гонар. Ёй адзначаюць працу лепшых журналістаў у рэгіёне.