• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лукашук: У Беларусі вайна супраць журналістаў, а не журналісты на вайне, як у Афганістане

    Былы дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода» падзяліўся рэцэптам небалючага сыходу пасля доўгага знаходжання на пасадзе. Аляксандр Лукашук прэзентаваў у Вільні сваю кнігу «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода», якая выйшла ў беларускім выдавецтве «Вясна» у Празе.

    Кніга Аляксандра Лукашука. Фота Андрэй Шаўлюга, Радыё Свабода.

    Аляксандр з перапынкамі ўзначальваў Беларускую службу «Радыё Свабода» з 1998 па 2023 год. «Усё напісанае тут праўда ў той ступені, у якой напісанае можа быць праўдай», – сказаў спікер.

    – Пры мне змяніліся восем дырэктараў расійскай службы «Радыё Свабода», шэсць – украінскай. Але калі быць педантычным, то насамрэч я не сёмы дырэктар; я сёмы, дзявяты, адзінаццаты і трынаццаты. Я пакідаў беларускую службу: спачатку ездзіў у Стэнфард, у Каліфорнію, напісаў кніжку «Прыгоды АРА ў Беларусі». Потым, у 2004 годзе, начальства папрасіла мяне ўзначаліць афганскую службу, у беларускую я вярнуўся ўжо ў 2006‑м. У 2007–2008 быў галоўным рэдактарам радыё», – адзначыў Аляксандр Лукашук.

    У наступным годзе Аляксандр Лукашук адзначыць сваё 70-годдзе, і 25 гадоў ягонага жыцця звязаныя з «Радыё Свабода». Кніга аўтабіяграфічная. Галоўным недахопам кнігі аўтар лічыць адсутнасць імёнаў ягоных калегаў, герояў, якія не называюцца ў мэтах бяспекі:

    – Гэта драма нашага часу: мы не можам рабіць здымкі, мы не можам называць імёны, – канстатаваў Аляксандр Лукашук.

    Аляксандр Лукашук падчас прэзентацыі. Фота БАЖ

    Аляксандр Лукашук падчас прэзентацыі. Фота БАЖ

    Госці з будучыні

    Беларускія незалежныя журналісты – адважныя, моцныя людзі. Але што ўсіх іх аб’ядноўвае, задаўся пытаннем Аляксандр Лукашук. І сам жа на яго спрабуе адказаць:

    – Што можа аб’ядноўваць свежадэмабілізаванага салдата, які прыйшоў у рэдакцыю і адной левай зрабіў дыгітальную рэвалюцыю, з другім калегай, які адной правай спыніў будаўніцтва атамнай станцыі на Віцебшчыне? Ці што аб’ядноўвае матэматыка, чыю аналітыку чытаюць у Пентагоне, з мавазнаўцам, які ўзначальвае народны рух і партыю?

    Як увогуле інтэрв’юеры гавораць з прэзідэнтамі, палітвязнямі, урачамі так, нібыта яны самыя кіравалі краінамі, лячылі людзей, сядзелі ў турме? Як можа быць, што рэдактар працуе, як цэлы інстытут гісторыі? Як прадзюсарская каманда не спажывае энергію, а прадукуе яе, і пад дзеянне гэтай энергіі трапляе ўся вуліца, увесь натоўп, людзі ўскокваюць з‑за тэлевізара і бягуць на вуліцу.

    Што іх аб’ядноўвае? Я зразумеў – што. Мае калегі не былі маімі сучаснікамі, гэта былі госці з будучыні. Але кожны з іх знаходзіўся ў сваёй будучыні: хто далей, хто бліжэй. Але дзякуючы ім я правёў пэўны час таксама ў будучыні, – кажа Лукашук.

    Прынцып трох «не»

    Яшчэ да 2020 года, у часы ўмоўнай лібералізацыі, многія журналісты задаваліся пытаннем: а што рабіць? А пасля дзяржаўнага самавольства, якое пачалося з 2020 года, калі пераслед журналістаў стаў звыклай справай, калі журналісты сталі галоўным ворагам рэжыму, спікер злавіў сябе на думцы, што не мае адказу на гэтае пытанне. Але вывеў для сябе тры пункты, чаго не трэба рабіць: не нашкодзіць сабе самому, не нашкодзіць іншым і не хлусіць.

    Першыя два пункты зразумелыя. Супрацоўнікі спецслужбаў адмыслова навучаныя шукаць супярэчнасці ў словах чалавека, дылетанту падмануць прафесіянала складана.

    Аляксандр Лукашук падчас прэзентацыі. Фота БАЖ

    Аляксандр Лукашук падчас прэзентацыі. Фота БАЖ

    – Але не хлусіць – не значыць гаварыць усю праўду. Калі вы нічога не скажаце (не памятаю, даўно было, не ўпэўнены, забыўся), калі вы не будзеце дапамагаць злу, не будзеце самі дадаваць нечага, – гэтага ўжо дастаткова. І прынцып «трох не» я пастараўся ўжыць у гэтай кнізе, – падкрэсліў Аляксандр Лукашук.

    Журналісты на вайне і вайна супраць журналістаў – гэта розныя зʼявы

    Журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч запытаўся ў былога начальніка пра афганскі перыяд працы на «Радыё Азадзі» (афганская рэдакцыя Радыё Свабоды). Тады ў Афганістане ішла вайна, гінулі журналісты. Як Аляксандру Лукашуку ўдалося вярнуцца з Афганістана нават не параненым?

    – У Афганістане было не тое што бяспечней, чым у Беларусі. Бо беларускі досвед 2020, 2021, 2022 гадоў – страшная рэч. Гэта былі вегетарыянскія часы ўсё ж – 2004–2005 гады…

    Афганскі досвед тады ў параўнанні з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі… Журналісты гінуць, і заўсёды гінулі, але рэпарцёры самі выбіраюць месца працы. Тое, што адбываецца ў Беларусі, зусім іншае: вайна супраць журналістаў у Беларусі, а не журналісты на вайне, – канстатаваў А.Лукашук.

    Мар'яна Груздзіловіч віншуе Аляксандра Лукашука. Фота БАЖ

    Мар’яна Груздзіловіч віншуе Аляксандра Лукашука. Фота БАЖ

    Ці лёгка было сыходзіць?

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валерый Карбалевіч задаў свайму былому босу самае правакацыйнае пытанне.

    – Я ведаю аднаго чалавека, які ўжо 30 гадоў сядзіць на адным месцы і ўвесь час скардзіцца на жыццё: так цяжка, стаміўся, і сысці не магу, бо людзі не адпускаюць. Як вам удалося пасля доўгага знаходжання на адным месцы, сысці, ці хваравіты быў гэта вопыт?

    «З пэўнага моманту я заўважыў, што людзі, з якімі я працую, хутчэй за мяне: яны ведаюць больш, яны ўсё робяць лепш, яны думаюць наперад і іначай. Прычым гэта тычылася фактычна ўсіх. У гэтым сэнсе было зусім няцяжка развітвацца, таму што я толькі мог глядзець на працу і жадаць людзям поспехаў. Але мне вельмі дапамагло, што я не 30 гадоў запар сядзеў на адным месцы», – смяецца Аляксандр Лукашук.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці