• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не забываючы калег: Аляксандр Лукашук — да 70-годдзя Беларускай службы «Радыё Свабода»

    Сёння Беларуская служба «Радыё Свабода» святкуе 70-годдзе з дня заснавання. У гэты дзень мы ізноў звяртаемся да кнігі ўспамінаў «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» Аляксандра Лукашука, які ўзначальваў гэтую рэдакцыю чвэрць стагоддзя. БАЖ друкуе ўрыўкі з мемуараў, што датычацца палітзняволеных свабодаўцаў. 

    Аляксандр Лукашук былы дырэктар «Радыё Свабода» з журналістамі

    Аляксандр Лукашук. Фота: «Радыё Свабода»

    Кніга «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выходзіць сёлета ў выдавецтве «Вясна». Аляксандр Лукашук узначальваў Беларускую службу «Радыё Свабода» з 1998 да 2023  — гэта  рэкордны тэрмін ў гісторыі  амерыканскага замежнага вяшчання. Пры ім змянілася восем дырэктараў Расійскай службы, шэсць – Украінскай, паўтара тузіны прэзідэнтаў радыё. Ва ўспамінах аўтар расказвае, як стваралася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім.

    Перад турмой

    Калі чалавек правярае свой тэлефон дзвесце разоў на дзень, гэта называецца залежнасць, абсесія, медычная праблема, якая замінае нармальна існаваць і эфэктыўна працаваць.

    Бывалі дні, калі я правяраў свой тэлефон часцей — ці не арыштавалі яшчэ каго-небудзь з нашых карэспандэнтаў, ці не ідзе ператрус, ці не збілі, ці не знішчылі тэхніку, ці не знік чалавек. Навіны пра затрыманні журналістаў, знаёмых і незнаёмых, у Менску і рэгіёнах ішлі няспынным патокам.

    Журналістаў хапалі, судзілі, саджалі на суткі, штрафавалі, запалохвалі, псавалі тэхніку і раней. У 2020 годзе гвалт ператварыўся ў дзікае паляванне.

    Аднаго калегу схапілі пасля выбарчага рэпартажу, збілі, зламалі нос, закінулі ў аўтобус і прымусілі кленчыць ва ўласнай крыві. У камеру да другой нашай арыштанткі выплёхвалі вядро хлоркі і затыкалі ўсе шчыліны — газавая атака выклікала хімічныя апёкі слізістых абалонак. У трэцяга на вачах выцягнулі жонку з аўтамабіля, самога пратрымалі ноч на каленях, тварам у асфальт, без вады і лекаў. Калі ён выйшаў і мы хацелі абмеркаваць няспынную хвалю зверстваў за круглым сталом, ён адмовіўся: усё, што зможа сказаць, гэта што трэба разбамбіць казармы АМАПу. А гэта не аналітыка.

    Рэдакцыя працягвала працаваць. Нашых карэспандэнтаў пазнавалі на вуліцах і прапаноўвалі дапамогу, таксісты бясплатна падвозілі аператараў з камерамі, у кафэ частавалі кавай, незнаёмыя людзі пускалі ў свае кватэры, каб адтуль здымаць шматтысячныя дэманстрацыі на плошчах і вуліцах.

    У другой палове жніўня 2020-га была пастаўлена кропка на нашай частковай легальнасці: пазбавілі акрэдытацыі і заблакавалі сайт. Далей рабілася толькі горш.

    Журналістам, як і вайскоўцам, уласцівая пэўная бравада перад небяспекай — гэта частка псіхалагічнай трываласці, і ў гэтым ёсць рацыя. Менш увагі надаецца кошту і наступствам. А яны несуцяшальныя: рэпрэсіі працуюць, іх эфэктыўнасць і разбуральны вынік неаспрэчныя.

    экс-дырэктар Радыё Свабода Аляксандр Лукашук кніга

    Вокладка кнігі Аляксандра Лукашука. Фота: аўтара

    Калі журналіст у турме, ягоная праца не робіцца, калі сайт заблакаваны, навіны не даходзяць да спажыўца, калі радыё глушаць, перадачы ідуць не ў эфір, а ў архіў. Але гэта не ўсё: выдаткі на адвакатаў, на дапамогу сем’ям, на пошук новых сродкаў, на нарады пра тое, што рабіць далей, забіраюць час, увагу і энергію. Ты не ствараеш, не рухаешся наперад, а баронішся.

    Свабода медыяў заўсёды была тэмай «Свабоды», як і тэма турмы, бо гэта галоўныя тэмы жыцця ў прэзідэнцкай Беларусі. У 2011 годзе мы пачалі штотыднёвую перадачу «Свабода ў турмах», пра жыццё за кратамі, і тады ж разам з Беларускім ПЭНам заснавалі прэмію за турэмную літаратуру імя Францішка Аляхновіча, і колькасць твораў, паўсталых з уласнага досведу аўтараў, на жаль, толькі расце.

    Але рэпрэсіі апошніх двух гадоў адрозніваліся ад ранейшых. Яны не спыняліся пасля разгрому СМІ і грамадзянскай супольнасці, пасля задушэння супраціву, бо са сродку захавання ўлады зрабіліся ладам жыцця гэтай улады. Знікла вонкавая логіка, засталася толькі ўнутраная. Заканадаўства было перабудавана пад гвалт, дыгіталізацыя стала інструментам дыктатуры, таталітарызм завяршыў сваё фарміраванне. Хоць таталітарызм — занадта мадэрны сінонім для барбарства.

    Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, на сайце «Свабоды» ёсць раздзел, які называецца коратка і вычарпальна: «За кратамі, бо журналісты». Там больш за тры дзясяткі імёнаў, і першым ідзе імя журналіста «Свабоды» Ігара Лосіка.

    За кратамі: Ігар

    — Ігар!

    Галава адрываецца ад камп’ютара, быццам вынырвае з марскога бяздоння, і я паказваю рукой — сядзь роўна, а то хутка за пяткі з экрана выцягваць давядзецца.

    У 2013 годзе Ігар Лосік прыехаў у Прагу на стыпендыю Вацлава Гавэла, якой узнагароджваюцца маладыя таленавітыя журналісты краінаў Усходняга партнёрства Еўразвязу, і дзевяць месяцаў правёў у рэдакцыі. Лепш было б напісаць — ягонае цела правяло амаль год у рэдакцыі, гаварыла мала і няголасна, глядзела ўважліва і ціха ўсміхалася, пакуль сам Ігар вёў свае дзіджытальныя дывізіі ў атаку, адбіваўся ад троляў, пасылаў прыцэльныя і важкія, як балістычныя ракеты, твіты.

    Кто такой Игорь Лосик, которого вчера задержали, и что за Telegram-канал он ведет? Объясняем

    Ігар Лосік. Фота: сацсеткі

    Я не ведаю, што Ігар адчуў, калі пабачыў артыкул у The New York Times пра пачатак расейскай вайны ў Данбасе ў 2014 годзе, які канчаўся заклікам «перашліце гэты твіт» — бо гэта было пра ягоны твіт. Уначы ў Баранавічах ён сачыў за расейскім войскам, што пачало рух на Украіну, і першы паведаміў пра гэта — а сярод яго падпісчыкаў была адміністрацыя прэзідэнта Украіны, дыпламаты, палітыкі, журналісты. Артыкул Хрысці Фрылэнд, канадкі ўкраінскага паходжання, якая неўзабаве стала міністрам замежных спраў Канады, быў у топе The New York Times.

    Мы ведалі, што Ігар у небяспецы, — яркія паспяховыя прафесіяналы заўсёды пад падазрэннем у Беларусі, ад бізнесменаў і медыкаў да мастакоў і праграмістаў. Бо немагчыма быць паспяховым прафесіяналам без свабоды. А калі ён яшчэ і працуе на радыё з такой назвай…

    Увесну 2020-га я зноў запрасіў Ігара ў Прагу, на некалькі самых небяспечных месяцаў, прынамсі да выбараў. Ягоная праца ў сацыяльных сетках была надзвычай плённая і каштоўная, сотні тысяч падпісчыкаў чыталі яго навіны, дасціпныя каментары ў суполках Face­book і на іншых платформах. Ігар не хацеў пакідаць Беларусь — малое дзіця, трэба дапамагаць жонцы, дома ўсё ўладкавана.

    Пасля некалькіх размоваў быццам пагадзіўся, мы зарэзервавалі яму кватэру, я паслаў яму адрас, каб паглядзелі з жонкай на карце Google, дзе будуць жыць, але трэба было памяняць пашпарт, зрабіць прышчэпку, потым яшчэ нешта…

    Яго трымалі спачатку ў турме Жодзіна, без абвінавачання, у перапоўненых камерах, спрабуючы зламаць псіхалагічна. Ён двойчы абвяшчаў галадоўку, адмаўляўся ад ежы больш за сорак дзён. Здолеў завастрыць зашпільку і на допыце ўзрэзаў руку — яго ўратавалі.

    Ігара судзілі разам з самымі вядомымі праціўнікамі рэжыму, Міколам Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, як адну групу, у якую ўключылі яшчэ трох блогераў. У турме Гомеля жонка Дар’я змагла пабачыць яго ўпершыню праз год пасля арышту. Дачка больш не бачыла. Злачынцы былі настолькі небяспечныя, што рытуальную паслугу пад назвай «суд» аказвалі ў самой турме, без доступу дыпламатаў, журналістаў, сям’і. Дар’я дзяжурыла пад сценамі вязніцы штодня. Кожны тыдзень на працягу году яна садзілася за стырно «Шкоды» і выпраўлялася да мужа — паўтысячы кіламетраў у адзін бок, затым паўтысячы назад, да дачкі.

    Ігар у абвінаваўчых дакументах і судовым выраку амаль не згадваўся, але ягоная роля была ацэнена другім паводле велічыні прысудам, 15 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Толькі Сяргей Ціханоўскі, лідэр народнай падтрымкі, чыя жонка Святлана заступіла на ягонае месца пасля арышту і набрала найбольш галасоў на прэзідэнцкіх выбарах, атрымаў больш — 18 гадоў.

    На турэмную робу нашыты жоўты лапік ламініраванай паперы з лічбамі з/к Лосіка: код схільнасці да экстрэмізму і суіцыду, артыкулы Крымінальнага кодэксу і час вызвалення — 07.07.2036.

    Прысуд Ігару — найдаўжэйшы тэрмін зняволення журналісту ў гісторыі Беларусі і ў гісторыі ўсяго «Радыё Свабода».

    Мы дачакаемся.

    За кратамі: Андрэй

    Пакуль я пішу гэтыя радкі, яшчэ двое маіх калег пішуць лісты са зваротным адрасам «турма». Вэб-рэдактара Андрэя Кузнечыка арыштавалі 16 лістапада 2021 году. Група налётчыкаў у пагонах захапіла доступ да тэлеграм-каналу, які Андрэй рэдагаваў, і размясціла радасны каментар і пагрозы падпісчыкам. Радасць была нядоўгай — праз чвэрць гадзіны мы заблакавалі ім доступ.

    Істоты ў масках забралі з дому ўсе грошы, тэхніку, спачатку Андрэя асудзілі на дзесяць сутак за непадпарадкаванне, потым зноў, за дрэнныя паводзіны. Затым абвясцілі галоўнае: «Радыё Свабода» — экстрэмісцкае фарміраванне. І цяпер супраца з ім — злачынства, якое для Андрэя ацанілі на 6 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

    Журналіста "Радыё Свабода" Андрэея Кузнечыка асудзілі на ШЭСЦЬ гадоў турмы

    Андрэй Кузнечык. Фота: Радыё Свабода

    За дзень да арышту Андрэй паслаў ліст сябру, дзе тлумачыў, чаму не хоча з’яжджаць з Беларусі. Ён пісаў пра ўласны выбар, бо гэта быў менавіта выбар.

    «Я з трынаццаці гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за сорак, але рэч не ў тым, што позна пачынаць з нуля, рэч у тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысьць беларушчыны.

    У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі). Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго.

    Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міф на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму. Я бачу, што перад суседнімі з Беларуссю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць не меншай ахвярнасці, чым цяперашняя сітуацыя патрабуе ад беларусаў сёння».

    Жонка Алеся засталася адна даглядаць двухгадовую Дашу і васьмігадовага Максіма. Сябры стараюцца рабіць усё, каб яны не былі адны. Але цану, якую сям’я Андрэя плаціць за ягоную працу, ведаюць толькі яны самі. Наўпроставай сувязі з Андрэем даўно няма, лісты ён атрымлівае толькі ад сям’і, здараюцца рэдкія спатканні з жонкай і маці. Але сігналы, якія даходзяць, не могуць не ўразіць.

    «Трымаецца ён бадзёра, мяркуючы з лістоў і словаў адваката. На ўмовы не скардзіцца. У камеры шасцёра чалавек, людзі часта мяняюцца. Курцы ходзяць курыць да выцяжкі. Народ дружны, дзеліцца ўсім. Піша, што жыць можна».

    «Пачуваецца для сваёй сітуацыі ён цяпер нядрэнна, ёсць з кім пагаварыць, у турме добрая бібліятэка, ёсць радыё, чакаецца тэлевізар. Паводле яго расповедаў, у Магілёве камэры і двары большыя, «сонца ёсць, і птушак чуваць»».

    «Суседзі ў яго розныя, давялося нават пасядзець з кілерам, кажа, што трапляюцца і «вельмі незвычайныя кадры», але калі сам ты нармальны і спакойны, то праблем асаблівых не ўзнікае, бо і добрых людзей там дастаткова, асабліва цяпер».

    Лісты Андрэя — гатовая кніга, і не толькі прозы, але і паэзіі, якую ён піша для Дашы і Максіма:

    Неяк я па небе ехаў.

    Праплывалі міма стрэхі.

    І вяскоўцы-землякі

    Гаманілі каля весніц:

    «Бачыш, чый унук уверсе?

    Вось табе і гарадскі!»

    Свет быў, як пялёсткі кветкі,

    Як бліскучка ад цукеркі,

    Цёплым ветрам казытаў,

    З лісця промнямі пуляўся,

    Па-сяброўску пасміхаўся,

    Клікаў, вабіў, чараваў.

    А наўкол, як на далоні,

    Абдымала рэчку поле,

    Лес рассоўваў далягляд, —

    Каб не даць блакітам зліцца,

    Каб у возера ўваліцца

    Аблачынка не магла.

    Пада мной быў злітак лета —

    Сена цэлая планета!

    І ўяўляў я, што той воз

    Павязе праз захапленні,

    Праз адкрыцці і натхненні

    Ў мой далёкі дзіўны лёс.

    Даю ўвесь верш, бо хачу, каб голас стрыманага, негаваркога, сціплага рэдактара пачулі. Андрэй — эталон асабістай моцы, аптымізму, стойкасці, узор таго, як бяспраўны вязень можа дапамагаць людзям па гэты бок кратаў.

    Я б ужыў і больш высокія словы, але рэдактар Кузнечык не прапусціў бы.

    За кратамі: Алег

    Я напісаў гэты раздзел у ліпені і перарабляю ў канцы верасня, бо Алег нечакана, пасля намаганняў прэзідэнта радыё і міжнароднай супольнасці, трапіў на волю.

    На першай сустрэчы з рэдакцыяй я задаў яму пытанне: што значыць быць журналістам «Свабоды» ў турме? Алег згадаў, як у калоніі грамадзянін начальнік, пабачыўшы ягоныя дакументы, аж закалаціўся і выгукнуў: «Журналіст «Радыё Свабода» — адкажаш за ўсё!!!»

    былы дырэктар Радыё Свабода Аляксандр Лукашук Алег Груздзіловіч

    Запіс з Алегам Груздзіловічам перад арыштам. Фота: з архіва аўтара

    Ён не ведаў, што Алег — рэцыдывіст і адказвае за ўсё ўжо даўно. Пятнаццаць сутак у турме ў Баранавічах у лістападзе 2020 года, дзесяць на Акрэсціна ў ліпені 2021-га. І апошні раз — 23 снежня. Турма на Валадарскага, перавод у Магілёў, суд, паўтара года калоніі.

    У 2010 годзе яго затрымалі падчас рэпартажу пра маўклівыя пратэсты і кінулі ў аўтазак да іншых вязняў, але відэакамеру не забралі. І Алег стаў здымаць — арыштаваных, іх гісторыі, потым праз вакенца зняў канваіраў у кабіне.

    Пасля публікацыі на нашым сайце гэтыя кадры падхапілі іншыя медыі, а расійскае тэлебачанне (здаецца, НТВ) паказала і пракаментавала іх як першы ў гісторыі рэпартаж з аўтазака, зняты затрыманым.

    Я ведаў Алега яшчэ да ягонага прыходу на «Свабоду» ў 1995 годзе, мы разам працавалі ў Доме друку, гулялі ў футбол, Алег быў адным з найлепшых форвардаў сярод журналістаў. У 1991‑м ён працаваў адказным сакратаром самай масавай газеты ў Беларусі «Знамя юности» і ўзначаліў супраціў камуністычнаму путчу ў рэдакцыі.

    Ён быў з Бярэсця, як і я, нашы бацькі ведалі адны адных, і маці заўсёды ў мяне пыталася пра Алега. У прафэсійным асяродку да Алега ставіліся з нязменнай сімпатыяй і павагай. Пасля арышту пра яго шмат пісалі, згадвалі ягоную выдатную дакументальную кнігу пра тэракт у мінскім метро, цытавалі натхняльныя допісы з турмы і калоніі. Ён пісаў штодня, жонка атрымала сто сорак тры лісты з малюнкамі, у калоніі ў яго заставалася яшчэ сто пяцьдзясят чыстых канвертаў з маркамі — хапіла б не на адзін эпісталярны раман.

    Калі яго арыштавалі ў снежні 2021-га, ён аказаўся не толькі найстарэйшым журналістам «Свабоды» за кратамі, а найстарэйшым з усіх зняволеных беларускіх журналістаў. Двойчы перанёс кавід, затым двойчы, з перапынкам на дзень, перажыў штрафны ізалятар у калоніі. А калі выйшаў на волю, выглядаючы як вязень канцлагеру, ці не першае, што паведаміў, — што пасля ШІЗА падцягваўся на перакладзіне толькі тры разы, а цяпер ужо дзевяць.

    Алег раскажа пра ўсё сам — адкажа на ўсё і за ўсё.

    Пятніца, 15 ліпеня 2022. 08:00

    Апошні дзень тыдня пачаўся як заўсёды: а восьмай раніцы з рэдактарамі абмеркавалі план дня. Галасы гучалі з Вільні, Варшавы, Прагі — у нас больш няма нікога ў Беларусі, занадта небяспечна, праца на «Свабоду» абвешчаная крымінальным злачынствам. На ранішняй нарадзе кожны падаў свае планы, ідэі, удакладнілі расклад у выходныя. Усё толькі па справе, сістэмна, сцісла.

    Аляксандр Лукашук уартаваны сцяг з Мінскага бюро Радыё Свабода

    Уратаваны сцяг з Мінскага бюро ў кабінэце Аляксандра Лукашука ў Празе. Фота: з архіва аўтара

    Нарады вядзе выканаўчы рэдактар, і я стараюся ніводнай не прапусціць, хоць, калі розніца ў часе з Мінскам была дзве гадзіны, мусіў удзельнічаць а сёмай раніцы. А дырэктарскі дзень у Празе часам канчаецца з завяршэннем працоўнага дня ў Вашынгтоне. Абмеркаванні кароткія, тон зычлівы, інтанацыя рабочая, рашэнні прымаюцца адразу.

    Я атрымліваю сапраўдную асалоду ад такога дзелавога стылю, на працягу тыдня больш такога магу і не сустрэць, хоць нарадаў будзе вышэй за галаву. У канцы выканаўчы рэдактар заўсёды дае мне слова, і сёння я гаварыў пра скандал з твітам: напярэдадні нехта на радыё паслаў твіт пра вайну ва Украіне, які палічылі абразлівым, і твіт прыбралі. Галоўная рэдактарка пісала ў вечаровым мэйле пра здарэнне і патрабавала пільнавацца прафэсійнага кодэксу. Нічога канкрэтнага з допісу не ўведаеш: ні хто паслаў, ні хто скардзіўся, ні якая гэта рэдакцыя, ні што там было крыўднага, ні чаму гэта няправільна…

    Такая культура звышасцярожнай камунікацыі выкліканая не столькі практыкай сацыяльных сетак, дзе кожны чых можа быць апублікаваны, колькі тэорыяй — магчымымі судовымі пазовамі.

    Не мінула пасля нашай ранішняй нарады і дзесяці хвілінаў, яшчэ афіцыйна не пачаўся працоўны дзень, як прыйшоў запыт ад майго непасрэднага начальства: тэрмінова адказаць на пытанні прэзідэнта радыё наконт нашай працы з крыніцамі.

    У Баранавічах асудзілі на два з паловай гады зняволення мясцовага журналіста, якога абвінавацілі ў адсыланні на «Радыё Свабода» фатаздымкаў вайсковай тэхнікі з Расіі, якая з тэрыторыі Беларусі вяла вайну супраць Украіны.

    Хто вінаваты ў ягоным арышце? Хто не абараніў крыніцу? Мы?

    Мне не стае

    Галоўны недахоп гэтай кніжкі ў тым, што з меркаванняў бяспекі і канфідэнцыйнасці я амаль не згадваю сваіх калег, з якімі працаваў побач штодня на працягу многіх гадоў. Не магу ім як след падзякаваць.

    А яшчэ мне не стае мемуараў беларускіх журналістаў, біяграфій, дзённікаў, якія адкрываюць гэтую прафесію для цывільных.

    Ігар Гермянчук, дэпутат незалежнасці, лепш вядомы як легендарны рэдактар легендарнай газеты «Свабода», не паспеў напісаць мемуараў — дні, якія пакінула яму смяротная хвароба, ён прысвячаў клопатам пра сваіх журналістаў і іхную будучыню. Мы замовілі і выдалі кнігу пра яго, ягонае сталенне, прыход да беларушчыны, яго сяброў з пакалення «Майстроўні», бясстрашную рэдактарскую працу («Спадар Свабода», 2020).

    Неяк я спрабаваў намовіць напісаць успаміны Пятра Марцава, заснавальніка і рэдактара самага паспяховага незалежнага выдання, «Белорусской деловой газеты» і тыднёвіка «Имя». Ён, верагодна, ужо быў не ў стане, ішоў апошні год ягонага жыцця — кнігу пра яго выдала таленавітая калега Саша Р. Гарэзлівыя «Фрашкі да пляшкі» Севярына К. перадаюць студыйную атмасферу «Радыё 101,2» і віленскай «Нашай Нівы».

    І гэта збольшага ўсё. Што я хацеў бы пачытаць — кнігі пра людзей, рэдакцыйнае жыццё, жарты, выклікі, канфлікты, іх вырашэнні, эксклюзівы, як апярэдзілі ўсіх, і за што сорамна, чым ганарацца рэпарцёры, рэдактары, фатографы, прадзюсеры. Пра БелаПАН і Алеся Ліпая, пра феномен TUT.by і Юрыя Зісера. Пра «Народную Волю» і «Нашу Ніву», «Беларускую газету», «Свободные новости» з плюсам і без. Пра гарадзенскую «Пагоню», маладзечанскую «Рэгіянальную газету», «Брестский курьер», баранавіцкую сетку «Інтэкс-прэс». Пра надзвычайныя з’явы міжнароднай салідарнасці — «Белсат», «Радыё Рацыя», «Балтыйскія хвалі», «Эўрарадыё». Пра працу ўласных карэспандэнтаў замежных выданняў.

    Я бачу цэлую бібліятэку. Яна нават мае назву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці