• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Людзі, якіх указваюць стваральнікамі «экстрэмісцкіх фармаванняў», могуць пра гэта не падазраваць. Як такое магчыма?

    Усё часцей у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС пачалі публікаваць прозвішчы людзей, якія нібыта датычныя да стварэння гэтага «фармавання». «Медыязона» высветліла, што некаторыя з іх трапляюць туды амаль выпадкова — без расследавання і рашэння суду, а некаторыя — і зусім не маюць дачынення да арганізацыі, куды іх прыпісалі. Але пры гэтым пакаранне за «арганізацыю», «удзел» або «садзейнічанне экстрэмізму» прадугледжвае да 10 гадоў калоніі.

    Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона

    Для чаго прыдумалі «экстрэмісцкія» спісы

    Спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС пачаў папаўняцца з 2021 года. Першым туды трапіла аб’яднанне рабочых «Рабочы рух». Усяго ў спіс на момант публікацыі ўнесена 171 «фармаванне»: сярод іх мноства тэлеграм-каналаў і чатаў — раёнаў і гарадоў, заводаў, дыяспар, большасць незалежных СМІ і нават музычны гурт з Рагачова Tor Band.

    Паводле падлікаў «Беларускага расследавальніцкага цэнтра», у чэрвені гэтага года адсоткавыя суадносіны «экстрэмісцкіх фармаванняў» выглядалі так.

    — Мяркую, што першапачаткова задача была крыміналізаваць журналісцкую дзейнасць: каб не выдумляць кожны раз розныя склады [злачынства] — як з Чульцовай было — прасцей прызнаць дзейнасць незаконнай у прынцыпе. Тады прыдумалі такі механізм — «экстрэмісцкае фармаванне», — растлумачыў «Медыязоне» адвакат Пётр, які абараняў палітычных зняволеных да 2022 года.

    З 3 кастрычніка 2022 года ў спісах пачалі з’яўляцца імёны людзей, якім ставяць у віну стварэнне і дачыненне да фармаванняў. Першай стала група людзей, якія, на думку МУС, датычныя да канала Xinka­lik, створанага ў Zel­lo.

    Наступным фармаваннем, дзе былі пазначаныя прозвішчы, стаў музычны гурт Tor Band. Акрамя музыкаў Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка, да «арганізатараў» упісалі жонку саліста — Юлію Галавач. Паводле інфармацыі «Белсат», цяпер яна знаходзіцца на волі і ў бяспецы.

    У сакавіку мінулага года да «экстрэмісцкіх фармаванняў» прылічылі «Беларускую асацыяцыю журналістаў» — і побач з ёй 8 прозвішчаў. Чаму менавіта гэтых людзей вырашылі лічыць датычнымі да стварэння «экстрэмісцкага фармавання» — невядома.

    — У нашым выпадку існуе факт рандомнага ўключэння людзей. У спіс унеслі некаторых людзей, якія ў той ці іншы час працавалі ў штаце грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»: прычым хтосьці скончыў працу дзесяцігоддзі таму, а хтосьці — працаваў да моманту ліквідацыі. Адзін чалавек наогул не працаваў у БАЖ, але ён — намеснік старшыні аб’яднання, — расказаў «Медыязоне» намеснік кіраўніка «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

    Падобная сітуацыя ў рэдакцыі выдання EX-PRESS.BY, якое ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» 8 лістапада 2023 года.

    — У гэтых спісах, сапраўды, ёсць прыпіскі: калісьці некаторыя з названых мелі дачыненне да нас, гэта лёгка праверыць, але зараз — не. Пасля 2020 года склад рэдакцыі аднавiўся, дадаваліся новыя аўтары. У гэтым спісе ёсць людзі, якіх мы ўвогуле не ведаем — напрыклад, Алена Кульбякiна. Большасць людзей з гэтага спi­ca зараз не маюць дачынення да сайта, — расказалі «Медыязоне» ў рэдакцыі выдання.

    У ініцыятывы «Окрестина задержанные», якую ўнеслі ў спіс «фармаванняў» 21 лістапада 2023 года, з 6 чалавек толькі адзін мае дачыненне да працы праекта, распавяла «Медыязоне» стваральніца чата «Окрестина задержанные» Алена Памаха.

    «Медыязоне» ўдалося знайсці ўсіх, каго звязалі з фармаваннем «Окрестина задержанные», але адказаў толькі адзін чалавек са спісу — ён сцвярджае, што ўсяго пару разоў пісаў у бот пра затрыманні.

    — Чаму мяне палічылі заснавальнікам, незразумела. Я некалькі разоў пісаў інфармацыю пра затрыманых знаёмых.

    Як папаўняюцца спісы

    Паняцце «экстрэмісцкае фармаванне» з’явілася ў 2021 годзе пасля прыняцця новай версіі закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Згодна з ім, «фармаванне» — гэта група асоб, якая займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, спрыяе гэтаму або фінансуе яе.

    Адвакат распавёў, як, на ягоную думку, выглядае механізм прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем». Аператыўнікі складаюць рапарты, прыкладваюць да іх скрыншоты з «нелаяльнымі да ўлады выказваннямі» і адпраўляюць іх у суд. Суд выносіць сваё рашэнне: прызнаць матэрыялы «экстрэмісцкімі» ці не.

    — Пасля гэты пачак дакументаў ідзе на стол да міністра МУС. Ну і там, цудоўным чынам, вырашаецца пытанне, прызнаюць СМІ «экстрэмісцкім фармаваннем» ці не, — тлумачыць адвакат. — Гэтае пытанне павінен вызначаць суд, а не МУС: ёсць тут экстрэмізм ці не. Тое, што яны самі ў сябе вырашылі — выдатна, але гэта чыста меркаванне мянтоў, а не доказ. МУС — не той орган, які можа прызнаваць ці не прызнаваць дзеянні, яны могуць толькі ў суд накіраваць дакументы, і суд вырашыць.

    Артыкул «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў калоніі, «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — да 7. Гэтыя крымінальныя артыкулы ўжылі ў абвінавачванні супраць фігурантаў «справы Рабочага Руху», якіх асудзілі на тэрміны ад 11 да 15 гадоў. Або справы супраць Уладзіслава Савіцкага — яго таксама асудзілі на 4 гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмізму» і «стварэнне фармавання», паставіўшы ў віну перасылку ў бот Nex­ta відэа з расейскімі самалётамі.

    Каго робяць «стваральнікамі фармаванняў»

    Адвакат лічыць, што людзі трапляюць у спісы экстрэмісцкіх фармаванняў, засвяціўшыся ў адным з рапартаў міліцыі.

    — Груба кажучы, па «плане» ў гэтым раёне трэба зрабіць столькі-та абыходаў кватэр, столькі-та затрымаць. Магчыма, нешта падобнае ёсць і па «экстрэмісцкіх фармаваннях», каб даваць справаздачу і казаць: «Ой-ёй, выявілі тут яшчэ ачагі [экстрэмізму]». У ходзе такіх дзеянняў па выяўленні нібыта небяспечных груповак трэба падаць матэрыялы, нешта накапаць.

    На думку адваката, сілавікам трэба даць справаздачу аб выяўленні «ячэйкі», і чым больш там будзе прозвішчаў, тым больш адназначна, што гэта менавіта «фармаванне экстрэмістаў», а не асобныя людзі. З «падняццем» дакументаў і перапісваннем рапартаў пазнака «датычны» можа змяніцца на «датычны да стварэння» фармавання.

    Былыя сілавікі з BELPOL таксама сцвярджаюць, што ў спісы сапраўды трапляюць людзі, якія былі згаданыя ў рапартах міліцыі. Яны распавялі «Медыязоне», што пры складанні такіх дакументаў дзейнічае «правіла», што лепш дадаць «лішніх», чым некага прапусціць.

    — Гэта шлях найменшага супраціву і страх не ўнесці кагосьці, а потым атрымаць праверку ад УСБ (уласнай бяспекі) або КДБ і апраўдвацца, што ты не ўнёс не таму, што цябе папрасілі ці гэта твой знаёмы, ці ёсць нейкая карыслівая цікавасць. У сучаснай Беларусі прасцей унесці чалавека ў такі спіс, чым не ўнесці — адказнасці ж ніякай.

    «Гэта не прысуд суду, гэта нават не дакумент следчага — гэта пустая паперчына»

    Адвакат лічыць, што ўнясенне прозвішча ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» не мае юрыдычнай сілы.

    — Тое, што МУС прызнала некага «экстрэмісцкім фармаваннем» — нічога не значыць. Гэта не прысуд суду, гэта нават не дакумент следчага — гэта пустая папера. З іншага боку, у Следчага камітэта ёсць фармальны абавязак: калі з’яўляюцца паведамленні аб здзяйсненні злачынства, то яны павінны расследавацца. З нагоды спісу «экстрэмісцкіх фармаванняў»: я магу памыляцца, але, па-мойму, гэтыя матэрыялы накіроўваюцца ў СК, і тыя ўжо ажыццяўляюць следчыя дзеянні. То-бок следчым гэтыя матэрыялы маглі паступіць, тыя адкрываюць тэчку і бачаць, што там напісана лухта поўная.

    У сваю чаргу, СК можа ўгледзець у рапартах МУС склад злачынства ў дзеяннях «асоб», якія трапілі ў «экстрэмісцкае фармаванне», а можа не ўгледзець. Калі следчы не бачыць складу, то справа закрываецца, але людзі застаюцца ў «экстрэмісцкім» спісе.

    Былыя сілавікі з BELPOL мяркуюць, што дамагчыся выключэння са спісу «экстрэмістаў» праз суд нерэальна.

    — У Беларусі ўсё, што тычыцца палітыкі, не мае ніякага дачынення да закона, нормаў права або справядлівасці. І суды дзейнічаюць роўна ў такой парадыгме, дзе калі трэба, значыць трэба. Доказы — гэта фармальнасці. І за «неабвержныя доказы» можа прымацца ўсё запар.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці