• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лёсам Андрэя Гнёта апякуецца прэзідэнтка Еўракамісіі

    Дэлегацыя Еўрасаюза прысутнічала на судзе над рэжысёрам у Бялградзе і «акрэсліла чаканні» ад кіраўніцтва Сербіі.

    Святлана Ціханоўская (злева) і Урсула фон дэр Ляен, архіўнае фота

    «Еўрапейская камісія давяла кіраўніцтву Сербіі пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэсліла нашыя чаканні». Пра гэта прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен напісала ў лісце да беларускай лідаркі Святланы Ціханоўскай.

    «Еўрапейская камісія знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з сербскім бокам. У прыватнасці, дэлегацыя Еўрасаюза ў Бялградзе прысутнічала на судовым слуханні — і адразу звязалася з уладамі пасля вынясення рашэння Высокага суда. Мы давялі кіраўніцтву краіны пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэслілі нашыя чаканні. Справа Андрэя Гнёта павінна разглядацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі ў галіне правоў чалавека і стандартамі Еўрасаюза», — цытуе Урсулу фон дэр Ляен Офіс Ціханоўскай.

    Прэзідэнтка Еўракамісіі асобна падкрэсліла, што краіны Еўрасаюза неаднаразова папярэджвалі кіраўніцтва Сербіі, што выдача Андрэя Гнёта ў Беларусь стала б палітычна матываваным рашэннем, а самому рэжысёру ў выпадку экстрадыцыі пагражаюць рэпрэсіі.

    Офіс Святланы Ціханоўскай тырмае справу Андрэя Гнёта на кантролі. Дзякуючы міжнародным кантактам удалося выключыць беларуса з базы дадзеных Інтэрпола.

    Гісторыя затрымання Андрэя Гнёта

    41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Андрэй Гнёт. Фота: з асабістага архіва

    Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

    У чэрвені Вышэйшы суд Сербіі ўсё ж вырашыў экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Падставай для экстрадыцыі называецца міжурадавае пагадненне паміж Сербіяй і Беларуссю аб міжнароднай прававой дапамозе па крымінальных справах.

    У ліпені стала вядома, што Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу».

    Андрэй Гнёт, беларускі рэжысёр, знаходзіцца пад арыштам у Сербіі ўжо год.

    19 жніўня ЕСПЧ у Страсбургу трэці раз адмовіў мужчыну ў абароне ад экстрадыцыі. 

    27 жніўня Апеляцыйны суд Сербіі правёў пасяджэнне па скарзе беларускага кінарэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта. Рашэнне будзе прынятае і абвешчанае цягам 30 дзён.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці