Ліза Ветрава закрывае свой папулярны блог пра беларускую мову
Блогерка Ліза Ветрава, якая стварае папулярныя забаўляльна-адукацыйныя відэа ў TikTok і Instagram, паведаміла, што закрывае свой блог пра беларускую мову.
«Гэта рашэнне было прыняць складана. Разумею, што большасць тут з‑за смешных відэа пра беларускую мову. Але я дужа стамілася рабіць выгляд, што гэта ўсё яшчэ пра мяне. Напачатку мая старонка расла арганічна са мной. Я сапраўды актыўна вывучала родную мову, чым і дзялілася.
Але нядаўна пасля выстаўлення камеры я проста не змагла зняць жартоўны скетч. Хоць і цудоўна разумела, што відэа добра «зойдзе».
Я адчула, што гвалтую сябе, прымушаючы здымаць нават дужа класныя сцэнары, бо гэта ўжо не я».
Аднак Ліза Ветрава напісала, што яе «старонка ўсё шчэ пра Беларусь. І я працягну здымаць відэа. На розныя тэмы. І верагодна, пра беларускую мову таксама, але па-іншаму. Насамрэч я хачу размаўляць з вамі пра ўсё – пра наш характар, менталітэт, пра фемінізм, пра сэкс, пра стыль, пра кнігі, пра будучыню, пра ўсё».
У каментарах Лізу пераважна падтрымалі.
«Шаноўная Ліза, гэта так цудоўна, калі чалавек развіваецца, расце і разумее, адчувае сябе! Было вельмі прыемна, радасна і цікава шпацыраваць разам з вамі да гэтага часу і, упэўнена, што будзе не менш захапляльна і пазнавальна рушыць з вамі і далей».
«Таленавітыя людзі ніколі не стаяць на месцы».
«Ліза, дзякуй за ўсё, што ты ўжо зрабіла! І калі ты працягнеш развівацца як экспертка па-беларуску, гэта нават яшчэ больш файна! Я буду цябе чытаць і слухаць і пра сэкс, і пра жанчын, і пра ўсё-ўсё».
«Ты выдатна трымаеш баланс паміж тым, што табе хочацца, і іншым хочацца ад цябе! Посьпеху ў новым этапе».
На беларускую мову Ліза Ветрава перайшла ўлетку 2020-га і ў супрацы з грамадскай кампаніяй «Годна» стала яе папулярызатаркай. У 2022 годзе ёй давялося з’ехаць з Беларусі.