«Было б табе сёння 50». Ліст журналісту Васілю Мацкевічу
Сёння, 20 верасня, журналісту, карэспандэнту «Медиа-Полесья» Васілю Мацкевічу споўнілася б 50 год.
Дарагі сябра, ты пакінў гэты свет чатыры гады таму. Ты не паспеў, не пазнаў, не дачакаўся, не адчуў… Сёння было б табе толькі 50.
Нам так не хапае цябе, Васіль. Тваёй усмешкі, разважлівасці, празарлівасці…Ты быў смелы, чулы, шчыры, мог на пустым месцы знайсці тэму, прыцягнуць увагу самага раўнадушнага чытача, дагрукацца да чыноўнікаў, пранікнёна распавесці гісторыю, дапамагчы вырашыць самую складаную праблему…
Апошні твой журналісцкі паход быў па аптэках – ты рыхтаваў рэпартаж пра наяўнасць сродкаў абароны ад кавід. Цябе клапаціла гэта тэма. І смерць адпомсціла за гэта, вірус пранік у твае цела рашуча і маланкавасна.
Ты прыйшоў у паліклініку за дапамогай, а цябе адправілі лекавацца дадому. Гэта было ў абедзе. Вечерам ты яшчэ быў на сувязі, перажываў за працу, а раніцай 11 красавіка 2020 года цябе не стала. Толькі-толькі чулі цябе, напісаў СМС, што забіраее хуткая… І раптам – няма цябе.
Ты сышоў на росквіце жыцця і творчасці. Смерць узяла цябе ў абдымкі, не пашкадавала… Якім бы быў твой лёс у гэтай бязлітаснай рэпрэсіўнай машыне? Упэўненыя: ты б не струсіў, не падствіў, не здрадзіў… Колькі ж ты мог зрабіць! Зрабіць сваім простым і шчырым словам сапраўднага беларуса, палешука. Ты вельмі любіў свой Пінск, любіў наш сайт і справу, якую мы разам рабілі дзеля нашай вольнай краіны.
Ты глядзіш на нас з нябёсаў і перажываеш, што прэсуюць нас, не даюць дыхаць, і большасць з нас вымушаная жыць за мяжоў. А цяпер яшчэ будуць судзіць нашага Яўгена, які знянацку вырашыў павярнуцца ў Беларусь, а цяпер яму пагражае турма…
Табе б было толькі 50… У архівах жывуць твае рэпартажы, хронікі, нататкі. Яны застануцца люстэркам гісторыі для нашчадкаў. Іх можна пераглядаць зноў і зноў, бо ў тваёй творчасці жыве твая душа. А ты жывеш у нашых сэрцах. І здалёк чуецца твой голас: “Усё будзе добра”…