• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ліст да таты. Аляксею Каралю споўнілася б 75

    Пяць гадоў таму рэдакцыя "Новага часу" цёпла і, як кажуць, душэўна адзначылі 70-годдзе галоўнага рэдактара Аляксея Караля. Ён ужо ведаў, што рак вярнуўся, і зноў быў гатовы да змагання.

    "НЧ" апублікаваў ліст медыяменеджара Ірыны Віданавай і фінансавага менеджара Сяргея Караля да іх таты — гісторыка, палітычнага дзеяча, рэдактара Аляксея Караля.

    Мы ведалі, што ён хутка з’едзе на лекаванне ў далёкі Сінграпур, і вельмі спадзяваліся пабачыцца праз пару месяцаў. Прайшло пяць гадоў. І сёння мы адзначаем 75-годдзе нашага Караля. І праз пяць гадоў нам яго вельмі нестае. Яго добрых парадаў і цёплай усмешкі, яго мудрых словаў і добрых жартаў. Яшчэ больш Аляксея нестае яго сям’і… Дачка Ірына і сын Сяргей напісалі яму своеасаблівы ліст.

    Ці пазнаў бы ты свет, у якім мы аказаліся?

    У самыя складаныя для нашай сям’і моманты мы звярталіся да ліставання. Спачатку доўгія лісты пісаліся ад рукі, потым асадку і паперу замянілі клавіятура і электронная пошта. У сваім апошнім лісце ў чэрвені 2015 года, калі дыягназ пацвердзіў нашы самыя страшныя апасенні і калі ты прыняў няпростае рашэнне аб паездцы на лячэнне ў Сінгапур, ты напісаў: «Дзіўная рэч, але ліст — гэтая старажытная форма зносін — і зараз валодае значна большай глыбінёй і сілай пераканання, чым усе сучасныя, хоць яна і апранутая ў новы інтэрнэт-фармат». Цябе няма з намі вось ужо амаль пяць гадоў. Але сёння, у твой 75-ты дзень народзінаў, калі жыццё так раптоўна і так радыкальна змянілася і перад збянтэжаным чалавецтвам паўсталі новыя складаныя выклікі, мы зноў пішам табе ліст.

    Ці пазнаў бы ты свет, у якім мы аказаліся? Яшчэ ў 2015‑м ты пераймаўся з таго, як імкліва распадаўся той сусветны парадак, дзякуючы якому твайму пакаленню пашчасціла пражыць жыццё без войнаў ды іншых глабальных катастроф. Нават тады ты адчуваў, з трывогай гледзячы на нас і свайго гадавалага ўнука, што тэктанічныя сілы ўжо пайшлі ў рух, каб разбурыць гэтую часовую ідылію. Ты шмат чытаў, аналізаваў і глыбока перажываў тое, што адбывалася.

    Ганконг, студзень 2013 года

    Ты не мог зразумець, чаму Захад ставіцца да Пуціна як да легітымнага кіраўніка дзяржавы, а не злачыннага захопніка. Цябе турбавала, што супярэчлівая і паслядоўна некампетэнтная амерыканская знешняя палітыка прывяла да крывавага і зацяжнога ўзброенага канфлікту ў Сірыі. Ты хваляваўся з‑за таго, што набіраючы моц Кітай яўна дэманстраваў прыкметы імперыялізму і таталітарызму, якія ты лічыў найгоршымі ворагамі чалавецтва. І ўсё гэта на фоне бяссільнай Еўропы ды разгубленых ЗША.

    Сёння ты б убачыў, як многія з тваіх апасенняў, на жаль, спраўджваюцца. Больш за ўсё ты б непакоіўся пра незалежнасць Беларусі, якая зноў знаходзіцца пад пагрозай. Ты б радаваўся ўвядзенню бязвізавага рэжыму ды імкліваму развіццю IT-сектара ў Беларусі. Але нягледзячы на пэўную інтэрнацыялізацыю і жывучасць існай сістэмы, залежнасць ад адной асобы і нізкі ўзровень рэсурсаў ста­вяць краіну ў небяспеку. Нічога добрага не даводзіцца чакаць з Усходу. Расія застаецца Расіяй, а ў Крамлі надоўга засела, як ты казаў, «вулічная банда».

    Аляксей Кароль падчас пратэстаў у Ганконгу

    Ты б убачыў, што кітайскі таталітарызм толькі ўзмацніўся, у чым мы пераканаліся падчас эпідэміі каронавіруса і пратэстаў у Ганконгу, вольным і няскораным горадзе, у які ты закахаўся. Мы ніколі не забудзем, як мы разам святкавалі Новы 2013‑ы год у Ганконгу, і як ты рушыў на масавую дэманстрацыю супраць кітайскай экспансіі, дзе браў інтэрв’ю ў яе ўдзельнікаў для рэпартажу ў «Новы Час». Ты крочыў уздоўж хмарачосаў так, як шматкроць ішоў маршамі пратэстаў у Менску, перажываючы разам з ганконгцамі, але ў той жа час удумліва назіраючы за тым, як стваралася сучасная гісторыя.

    Напэўна, ты быў бы вельмі расчараваны тым, што здарылася з Амерыкай. Усяго цягам некалькіх гадоў ЗША страцілі ролю сусветнага лідара і ператварыліся ў звычайную, пры гэтым далёка не лепшую, краіну. Стыль кіравання яе дзеючага прэзідэнта больш нагадвае Кадафі, чым Рэйгана. На яго фоне нават Пуцін выглядае адэкватным і ўраўнаважаным дзяржаўным дзеячам. У самыя цёмныя для Беларусі 2000‑я гады, незалежна ад таго, наколькі дрэнна ішлі справы ў апазіцыі, дэмакратычныя сілы маглі разлічваць на падтрымку ЗША, як мінімум маральную. Пазіцыя Вашынгтона ў адстойванні дэмакратыі была яснай і гучнай. Цяпер гэтага голасу не чуваць. Не толькі вонкі, але і ўнутры ЗША.

    ЗША, лістапада 2008 года

    Ты неаднойчы казаў, што большасць крызісаў у гісторыі насамрэч былі крызісамі элітаў. Як толькі моцная эліта знясільваецца — чакай праблемаў. Амерыканскія эліты настолькі загразлі ў самалюбаванні і ідэалагічных канфліктах, што забыліся пра людзей. Падзеленыя і разгубленыя, яны саступілі ініцыятыву ашалеламу натоўпу. Падобна да іншых гістарычных падзеяў, якія ты вывучаў. Нагадвае і тое, што адбывалася ў Беларусі ў сярэдзіне 1990‑х гадоў.

    Злева направа: Уладзімір Някляеў, Стэфан Эрыксан, Аляксей Кароль, Лявон Баршчэўскі. Строчыцы, 2009 год. Фота Юрыя Дзядзінкіна

     

    Філасофія на пустым месцы

    І вось калі свет ужо і так моцна ліхаманіла, на чалавецтва напаў каронавірус. Не будзем шмат пра яго пісаць, бо інфармацыі хапае, але рашэння праблемы пакуль не вынайдзена. Хаця цяпер усё вельмі няпэўна, некаторыя рэчы мы ведаем дакладна. Мы ведаем, што ты б пасміхаўся сваёй фірмовай усмешкай — добрай і крыху іранічнай адначасова — над бясконцымі развагамі пра тое, якім будзе посткавідны свет.

    Ты б дзівіўся, але цябе б не паглынула плынь таго, што ты называў «філасофіяй на пустым месцы», якая гігабайтамі льецца праз сацыяльныя сеткі. Калі толькі адкрыліся межы СССР, з’явілася мноства тэлепраграм і артыкулаў пра розныя краіны. Тады ты казаў: «Цяпер кожны, хто правёў тыдзень за мяжой, лічыць сваім абавязкам напісаць падарожныя нататкі. Часта павярхоўныя. І празмерна ўсхваляваныя. З гэтым трэба быць асцярожнымі». У цябе быў яшчэ адзін дэвіз, твой правераны прынцып пісьменніка: «Калі можаш не пісаць, лепш не пішы». У наш час інфармацыйнага шуму ён быў бы вельмі дарэчы.

    А яшчэ мы ведаем, што самай высокай каштоўнасцю для цябе заўжды было чалавечае жыццё. З уласцівай табе мудрасцю, ты б хутка зразумеў каварную каронавірусную статыстыку, у якой за мяккімі сімптомамі ў большасці хворых хаваецца смерць дзясяткаў і сотняў тысяч. І ты б ніколі не пагадзіўся, што кімсьці можна ахвяраваць. Твая рэдакцыя адной з першых перайшла б на рэжым працы на ўдалёнцы, і ты б асабіста клапаціўся пра сваіх супрацоўнікаў ды іх сем’і. Ты так рабіў усё жыццё.

    Ты сам быў бы сярод першых, хто скарыстаўся магчымасцямі сучасных тэхналогій, у тым ліку анлайн-відэа. Ты заўжды цікавіўся і ўхваляў усё новае, быццам табе ніколі не было больш за 35 гадоў. Кампутар, імэйлы, месенджары, відэа-званкі і нават запуск анлайн-версіі газеты — усё гэта далося табе натуральна, нягледзячы на тое, што па натуры ты быў гуманітарыем.

     

    Паміж дабром і злом у свеце існуе баланс

    У цябе быў надзвычай адчувальны радар чалавечнасці. У адным з інтэрв’ю ты сказаў, што фізічна адчуваеш патрэбу ў свабодзе выказвання. Больш за тое, ты фізічна адчуваў усе каштоўнасці чалавечнасці. У знешне спакойнага інтэлектуала і гісторыка была душа чалавека, які глыбока перажываў боль гэтага свету. Табе б моцна балела бачыць тое, што цяпер адбываецца. Ты быў бы моцна заклапочаны. У тым ліку тым, што наступныя за тваім пакаленні, магчыма, не змогуць жыць у адносным міры і камфорце, хаця заслугоўваюць гэтага абсалютна ўсе.

    Але ты ніколі не спрабаваў схавацца ад гісторыі, ствараць якую для цябе было нават больш цікава, чым пісаць пра яе. Таму ты б чытаў самыя розныя крыніцы — як свае, так і чужыя — пра гэты новы «сусветны беспарадак». Як заўжды, ты б крытычна засвойваў і аналізаваў усю гэтую інфармацыю. Мы захапляліся тваёй здольнасцю спакойна ўспрымаць нават варожую прапаганду, уключаць логіку, а не злосць і жаданне заплюшчыць вочы ды вушы. Ты цвяроза ацэньваў яе небяспеку, але шукаў шляхі, як ёй супрацьстаяць.

    Тваё адчуванне несправядлівасці і суперажыванне чалавечаму болю выяўляліся ў тваёй дзейнасці публіцыста і актывіста. Пры гэтым ты заўжды захоўваў знешні спакой, уменне аргументаваць і пераконваць, выкарыстоўваючы прыклады з гісторыі, цытаты з літаратуры і, канешне, гумар. У цябе быў аўтарытэтны і адначасова добры голас. Голас, які ўмеў заваражыць і супакоіць нас у дзяцінстве, так што ўсе страхі адразу знікалі. Голас, да якога прыслухоўваліся як калегі, такі і апаненты па палітычных баталіях.

    Вось і цяпер, ты б узважваў усё добрае і дрэннае, адзначаў тое цудоўнае, што людзі ў розных краінах робяць ва ўмовах пандэміі, пісаў пра гэта, перачытваў свае любімыя кнігі, цытаваў любімых аўтараў і марыў пра лепшы свет, які абавязкова паўстане, нягледзячы на ўсе складанасці.

    У дзяцінстве, калі мы сумавалі, калі падавалася, што злыя сілы перамагаюць, ты казаў нам: «Не паддавайцеся змроку. Паміж дабром і злом у свеце існуе баланс. Часам можа падавацца, што гэта не так, але гэта — ісціна».

     

    Аднойчы зімовым вечарам дзесьці напачатку 1990‑х, калі становішча ў нашай частцы свету выглядала даволі змрочна, у нас зайшла размова пра вайну на Балканах. Нам, юнакам, падавалася, што свет рушыцца і што Еўропа не вытрымае чарговага злому. Ты ўсміхнуўся, але гэтым разам без усялякай іроніі, і сказаў: «Так, знакамітае “змярканне Еўропы”. Папулярная, але занадта перабольшаная, на мой погляд, ідэя. У Еўропы было столькі гэтых змярканняў, але неяк кожны раз надыходзіў світанак. Такой з’явы, як вечнае змярканне, не існуе».

    Тым, хто цяпер адчувае паніку і дэпрэсію з‑за каронавіруса, ты б сказаў тое самае. Світанак абавязкова надыдзе.

     

    Сяргей Кароль, сын, фінансавы менеджар (Сінгапур)

    Ірына Віданава, дачка, выдавец анлайн-часопіса CityDog.by (Мінск)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці