У Беларусі хочуць ліквідаваць фонд, які выпускаў часопіс «Дзеяслоў»
Іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Літаратурна-мастацкі фонд “Нёман”» будзе разгледжаны 28 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе, вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства.
Працэс пад старшынствам суддзі Вольгі Антоненка пачнецца у 10:00.
Фонд “Нёман” існуе амаль 30 гадоў — з 17 чэрвеня 1994 года. На працягу больш за 20 гадоў, пачынаючы з 2002-га, ён кожныя два месяцы выпускаў літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”, у якім друкавалася сучасная беларуская проза, паэзія, эсэістыка, крытыка, пераклады твораў з англійскай, літоўскай, нарвежскай, польскай, рускай і ўкраінскай моў.
Апошні — 127‑ы — нумар часопіса выйшаў у снежні 2023 года.
Заснавальнікам і галоўным рэдактарам выдання быў празаік Барыс Пятровіч (Сачанка), які ўзначальваў Саюз беларускіх пісьменнікаў з 2011 года і да закрыцця ўладамі ўвосень 2021-га з палітычных матываў.
У тым жа судзе 5 ліпеня Таццяна Дарашчонак разгледзіць іск Мінюста з патрабаваннем ліквідаваць Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў (БСЛМК), які існуе амаль 27 гадоў. Аб’яднанне зарэгістраванае ў будынку, дзе месціцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. У свой час саюз узначальваў Рычард Смольскі — рэктар гэтай ВНУ ў 1997–2010 гадах.
Многія члены БСЛМК адначасова ўваходзяць у лаяльныя да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі творчыя арганізацыі.