Ліквідавана выдавецтва «Кнігазбор», якое працавала 28 гадоў
Выдавецтва «Кнігазбор» афіцыйна выключылі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру. Пра гэта паведаміў кіраўнік выдавецтва Генадзь Вінярскі, піша «Новы час».
Пра выключэнне з Адзінага дзяржаўнага рэгістру (АДР) паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі. «Усё, і юрыдычна выдавецтва «Кнігазбор» няма. Эпоха Кнігазбору (17.03.1995 — 26.10.2023)», — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Пра магчымую хуткую ліквідацыю выдавецтва Генадзь Вінярскі паведамляў яшчэ ў студзені 2023 года. У гэты час пасля доўгага пераследу выдавецтва пачаўся працэс яго ліквідацыі. У снежні 2022 года Міністэрства інфармацыі на месяц прыпыняла яго дзейнасць.
«Кнігазбор» працаваў амаль 28 гадоў. Выдавецтва выпусціла каля 3 тысяч найменняў кніг, ладзіла прэзентацыі, сустрэчы з аўтарамі, выставы.
У студзені 2021 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва. Беларускія выдавецтвы падазравалі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. У чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
Год таму, у кастрычніку 2022 года, сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з «Кнігазборам», а таксама іншымі выдавецтвамі — «Янушкевіч» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.
Чытайце яшчэ:
Анджэй Пачобут застаецца без неабходных яму лекаў і знаходзіцца ў ізаляцыі
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой