LIFE: Радзівілы і Патоцкія плацяць сялянам, якія працуюць на іх, па 20 цэнтаў штодня
Польшча канца 1930-х гадоў на старонках вядомага амерыканскага часопіса.
У 1938 годзе ў вядомым амерыканскім выданні LIFE з’явіўся вялікі артыкул пра Другую Рэч Паспалітую. Частка здымкаў, якія яго ілюстравалі, паходзіла з Заходняй Беларусі.
Цікавасць да Усходняй Еўропы
У 1920–1930‑х перыёдыка, якая выходзіла ў Злучаных Штатах, мала ўвагі надавала падзеям грамадска-палітычнага жыцця ў Еўропе. “Вялікая дэпрэсія” прымушала выдаўцоў амерыканскіх газет і часопісаў пісаць пра ўнутраныя праблемы і справы. Еўрапейскія сюжэты, безумоўна, таксама з’яўляліся ў заакіянскіх выданнях, аднак, яны насілі выпадковы характар. Сітуацыя змянілася ў канцы 1930‑х гадоў, калі ў свеце “запахла” вялікай вайной. Тады амерыканскія рэпарцёры і фатографы адзін за другім пачалі наведваць еўрапейскія краіны і апісваць сітуацыю ў іх. Асаблівая ўвага надавалася краінам Усходняй Еўропы, якія на мапе свету з’явіліся некалькі дзесяцігоддзяў да гэтага і пра іх у “новым свеце” ведалі мала.
У жніўні 1938 года журналіст амерыканскага выдання “LIFE” Джон Філіпс наведаў Польшчу, а пазней падзяліўся з чытачамі сваімі ўражаннямі ад краіны. Варта адзначыць, што згаданы часопіс пачаў выходзіць у 1883 годзе. Тады гэта было выданне забаўляльнага характару. Пры гэтым у публікацыях рабіўся ўпор на ілюстрацыі, жарты і сацыяльны каментар. Пасля Першай Сусветнай вайны фармат часопіса змяніўся. Ён стаў спецыялізавацца на кароткіх водгуках на новыя кінастужкі. У 1936 годдзе новым уласнікам “LIFE” стаў Генры Люс, які пажадаў, каб часопіс пераўтварыўся ў багата ілюстраванае фотаздымкамі выданне навіннага характару. У гэты час на працу ў выданне быў прыняты згаданы вышэй малады фатограф Джон Філіпс, які пазней стане легендай часопіса і ўсёй амерыканскай фотажурналістыкі. Нарадзіўся гэты чалавек у французскім Алжыры ў 1914 годзе. Яго бацька быў валійцам, а маці амерыканкай.
“Мяжа цывілізацый” у Коласава
Сваё фатаграфічнае эсэ журналіст назваў “Польшча. Багатыя людзі, бедныя людзі і краіна палёў”. Аўтар пісаў вельмі простай і зразумелай для звычайных амерыканцаў мовай. “Гэтая дзяржава па памерах такая ж вялікая як і Іспанія. Жанчыны, якія тут жывуць, найбольш пладавітыя ў Еўропе. Насельніцтва Польшчы павялічылася з моманту атрымання незалежнасці з 27 да 35 мільёнаў. […] Палякі маюць больш старажытную і яскравую гісторыю чым немцы і рускія. Аднак у іх адзін з найбольш нізкіх узроўняў жыцця з усіх краін Еўропы. 40 адсоткаў насельніцтва непісьменныя. […] Сёння палякі ненавідзяць рускіх, таму што яны добрыя католікі, а бальшавікі — бязбожнікі. І яшчэ таму, што Расія 200 год валодала польскімі землямі. Зараз Польшча абароненая ад Расіі вялікімі Прыпяцкімі балотамі на ўсходняй мяжы. […] Аднак такія балоты не адзяляюць Польшчу ад Гітлера”, — адзначалася ў артыкуле, апублікаваным у часопісе “LIFE”.
Увогуле, памежная тэматыка была адной з ключавых у артыкуле Джона Філіпса. Публікацыя пачыналася здымкам з… Беларусі. Дакладней, на фота была выява памежнага перахода паміж Другой Рэччу Паспалітай і БССР у Коласава (станцыя паміж Негарэлым і Стоўбцамі — І.М.). На момант напісання матэрыяла гэта былі найбольш вядомыя вароты з Еўропы ў Савецкі Саюз.
Памежнікі польскага Корпуса аховы памежжа (КАП) дазволілі амерыканцу залезці на памежную вышку і адтуль зрабіць шэраг здымкаў. Найбольш вядомы той, на якім бачна савецкая памежная брама з надпісам “Прывітанне працоўным Захаду”. Акрамя гэтага, Джон Філіпс сфатаграфаваў савецкія памежныя будынкі і сядзібу польскіх памежнікаў. Сёння ад гэтых пабудоў захаваліся толькі рэшткі фундаментаў. Побач з фатографам на назіральнай вежы стаяў польскі жаўнер. Здымак гэтага чалавека таксама ёсць у архіве часопіса “LIFE”. На стражніцы Коласава Філіпс сфатаграфаваў польскіх “копаўцаў” якія пісалі лісты да дому і чысцілі зброю”. Журналісту нават дазволілі падысці да самой лініі мяжы, дзе ён сфатаграфаваў польскі памежны нарад. “Рускі памежны слуп чырвона-зялёнага колеру, а польскі — бела-чырвоны”, — падкрэсліваў Філіпс у сваёй публікацыі. Дзякуючы гэтым здымкам вялікая колькасць амерыканцаў і еўрапейцаў упершыню ўбачылі “мяжу цівілізацый” у Коласава.
Цікавы момант, пра які варта згадаць. На здымках Джона Філіпса злева ад уязной брамы няма савецкай памежнай вышкі. А вось на шматлікіх фотаздымках, якія рабілі жаўнеры вермахта падчас наступлення на Мінск у чэрвені 1941 года, такая вежа стаяла. Хутчэй за ўсё, яна з’явілася ў канцы 1939 года, калі былая савецка-польская мяжа ператварылася ў “зону загароды”, якая падзяляла БССР і “буржуазную” Заходнюю Беларусь”.
Пытанні палітыкі і вайсковай бяспекі
Джон Філіпс даволі крытычна ставіўся да польскай знешняй палітыкі. “Палітыка польскага ўраду нагадвала паводзіны шакала, які палюе побач з нямецкім ільвом. Калі Германія акупавала Аўстрыю, Польшча пагражала Літве. Пазней, калі немцы ўмяшаліся ў справы Чэхаславакіі, Польшча мабілізавала свае войскі на карпацкай мяжы, а афіцыйныя польскія выданні крычалі пра “чэшскую жорсткаць і тыранію”. […] Сёння Польшча спрабуе рэалізаваць ідэю “нейтральнага блоку”, які б складаўся са скандынаўскіх, балтыйскіх і балканскіх дзяржаў”, — падкрэслівалася ў артыкуле.
Журналіст адзначаў, што ў перыяд з 1918 па 1926 год у Польшчы дзейнічала Канстытуцыя, створаная на аснове Канстытуцыі ЗША. Пры гэтым у краіне дзейнічала 30 палітычных партый. Аднак пазней да ўлады прыйшоў дыктатар Пілсудскі, пасля смерці якога кіраваць краінай стала “кліка палкоўнікаў”. Амерыканец пазначаў, што актыўную ролю ў польскай палітыцы (канца 1930‑х гадоў — І.М.) адыгрываў культ памерлага “дыктатара” (так у тэксце — І.М.) Юзафа Пілсудскага. “Яго цела пахаванае побач з парэшткамі польскіх каралёў у Вавелі. […] У гэтай крыпце не быў пахаваны апошні польскі кароль Станіслаў, каханак рускай імператрыцы Кацярыны Вялікай. Яго парэшткі былі перададзеныя з Ленінграда месяц таму і накіраваныя ў Волчын”, — адзначаў журналіст “LIFE”.
Амерыканец надаў вялікую ўвагу вайковай праблематыцы. “Польшча вельмі спадзяецца на сваё войска. У мірны час яно складае 350 тысяч чалавек, а ў выпадку вайны можа павялічыцца да 4 мільёнаў. Але яно значна адстае па магутнасці ад суседзяў. У палякаў вельмі мала грузавікоў, танкаў, самалётаў і гармат вялікага калібру. Затое ёсць шмат коней. […] Кожны кавалерыйскі полк мае чатыры лёгкіх і чатыры цяжкіх кулямёты. Калі ў 1936 годзе гэтае войска ўбачыў французскі генерал Гамелен, то ён запрасіў польскіх генералаў у Францыю, каб тыя ўбачылі, як павінна выглядаць сучаснае войска”, — падкрэслівалася ў артыкуле. Насамрэч кавалерыя Войска Польскага ў канцы 1930‑х гадоў была насычанае артылерыяй і ўяўляла з сябе добра падрыхтаваныя, мабільныя войскі. Як вядома, да канца 1930‑х гадоў адносіны паміж Варшавай і Масквой былі вельмі нацягнутымі. Таму ў выпадку вайны з СССР Войску Польскаму давялося б ваяваць на “рускім бездарожжы”, дзе коні былі лепшым транспартам, чым грузавікі.
Сяляне і магнаты
Падчас сваёй камандзіроўкі ў Польшчу Джон Філіпс наведаў і некаторыя заходнебеларускія вёскі. У прыватнасці, артыкул ілюстравалі здымкі сялян Юзафа Туміловіча і Адама Клішэўскага з вёскі Свярынава на Стоўбцаўшчыне. Журналіст “LIFE” адзначаў, што большасць зямельных уладанняў знаходзіцца ў руках багатых магнатаў. “Сялянская гаспадарка, гэта хутчэй за ўсё палоска зямлі ў 20 гектараў. Большасць сялян прызвычаілася харчавацца бульбай[…] Значную частку гарадскога насельніцтва складаюць габрэі. Сённяшні антысемітызм у Польшчы мае хутчэй эканамічную падаплёку, чым расавую. […] У Польшчы жывуць амаль 6 мільёнаў украінцаў і беларусаў, якія насяляюць адну пятую тэрыторыі краіны. Яны спрабуюць змагацца за нацыянальныя інтарэсы, аднак без вялікіх поспехаў”, — падкрэсліваў амерыканец.
Вялікую ўвагу Філіпс надаў асвячэнню жыцця прадстаўнікоў знакамітых шляхецкіх родаў. “Патоцкія. Радзівілы, Сапегі, Панятоўскія, Замойскія, Чартарыйскія, Красінскія, Сангушкі, Хадкевічы — найбольш знакамітыя прадстаўнікі вялікіх польскіх сямей. […] Арыстакрат №1 Граф Альфрэд Патоцкі, які з’яўляецца гаспадаром замку ў Ланцуце. Яму таксама належаць 30 000 акраў зямлі. Арыстакрат №2 прынц Дамінік Разівіл, які ажаніўся на грэцкай прынцэсе. У яго трохі меньш грошай і валоданняў, чым у Патоцкага. Гэтыя землеўласнікі плацяць сялянам, якія працуюць на іх, па 20 цэнтаў штодня”, — адзначаў амерыканскі журналіст.
Праз год пасля публікацыі ўзгаданага артыкула ў часопісе “LIFE” пачалася Другая Сусветная вайна, у выніку якой Заходняя Беларусь аб’ядналася з БССР. Сёння тэкст у даваенным амерыканскім глянцавым часопісе ды здымкі таленавітага Джона Філіпса з’яўляюцца цікавымі дакументамі той няпростай эпохі, калі Беларусь была падзеленая паміж дзвюма рознымі цывілізацыямі.