Лідская раёнка заблюрыла на фота вопратку наведвальніка на прыёме старшыні райвыканкама — меркавана там быў амерыканскі сцяг
Журналіст Юрась Дзяшук, які родам з Бярозаўкі Лідскага раёна, праглядаў сайт мясцовай раёнкі і заўважыў там кур'ёзны факт. Паводле яго, супрацоўнікі газеты палічылі за лепшае заблюрыць на вопратцы пажылога мужчыны, які прыйшоў на сустрэчу са старшынёй райвыканкама, элементы амерыканскай сімволікі, піша «Наша Ніва».
Старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік 13 снежня праводзіў выязны прыём грамадзян у аграгарадку Беліца.
Паводле паведамлення раёнкі, «ад мясцовых жыхароў-пенсіянераў і фермера былі прапановы па паляпшэнні мясцовай дарожнай інфраструктуры». Таксама вяскоўцы падымалі «пытанні бяспекі дарожнага руху веласіпедыстаў і сельгастэхнікі па вуліцах аграгарадка, спрэчныя моманты пры афармленні дакументаў на зямельныя ўчасткі і іншыя».
Мерапрыемства даволі будзённае і нічым асабліва не прыкметнае, але Юрась Дзяшук заўважыў, што адзін з пажылых наведнікаў выязной прыёмнай прыйшоў на сустрэчу ў куртцы, на якой былі вышытыя элементы амерыканскай сімволікі. Такія курткі можна легальна набыць у крамах ці на рынках, ды і ўвогуле амерыканская сімволіка нават у лукашэнкаўскай Беларусі пакуль не забароненая.
«Абсалютна дурная і бязглуздая ідэя — замазваць сцяг ЗША на фота. Здаецца, нават у СССР у часы «халоднай вайны» з Амерыкай не займаліся такой дуратой, як зараз у Лідзе», — напісаў журналіст.
Галоўным рэдактарам выдання «Лідская газета» з 1 ліпеня 2022 года з’яўляецца Павел Івуць. Перад тым, як заняць гэтую пасаду, ён быў начальнікам фінансавага аддзела Шчучынскага РАУС.
Чытайце яшчэ:
Журфак БГУ открыл филиал в телерадиокомпании «Мир»
Дзяржаўны тэлеканал АНТ абвесціў, што ягоны YouTube цяпер мае больш за 1 мільён падпісчыкаў. Чаму гэта выклікае сумнеў?
На загад міністра інфармацыі заблакавалі рэгіянальны сайт «Першы Пінскі»