Легендарнага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду затрымалі падчас пілігрымкі
Спадар Барыс Хамайда браў удзел у штогадовай пілігрымцы ў вёску Росіца (Верхнядзвінскі раён). Частку шляху 75-гадовы віцебскі пілігрым вырашыў праехаць на цягніку, а апошнія дзесяць кіламетраў прайсці пехам, але 28 ліпеня на станцыі Бігосава яго затрымалі.
Паводле відавочцаў, прычынай затрымання стала вокладка на пашпарце — там была выява герба «Пагоня». Гэта заўважылі супрацоўнікі памежнай службы, якія правяралі дакументы ў пасажыраў дызель-цягніка Полацк-Бігосава. (Станцыя Бігосава — апошні чыгуначны прыпынак на беларускім баку на беларуска-латышскім памежжы, таму праверкі пашпартоў там праводзяцца рэгулярна.)
Памежнікаў не задаволіла тлумачэнне Барыса Хамайды пра тое, што выява «Пагоні» не з’яўляецца забароненым сімвалам, і што яна ёсць нават на афіцыйным гербе Віцебскай вобласці.
Памежная служба выклікала міліцыю, і як толькі спадар Хамайда выйшаў на перон, яго затрымалі і павезлі ў Верхнядзвінскі РАУС. Сувязі з Барысам Хамайдам няма дагэтуль, хаця ягоныя спадарожнікі спадзяваліся, што яго адпусцяць, узяўшы тлумачэнні.
Вернік-уніят Барыс Хамайда ўжо не першы раз бярэ ўдзел у пілігрымках. У тым ліку ў Росіцу, дзе пілігрымы ўшаноўваюць памяць мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча — мясцовых святароў, якіх фашысты ў 1943 годзе спалілі ў росіцкім касцёле разам з тамтэйшымі парафіянамі.
Але дагэтуль вокладка з «Пагоняй», якую спадар Хамайда мае на пашпарце ўжо шмат гадоў, ні разу не станавілася падставай для затрымання.
Чытайце яшчэ:
«Зняволеныя журналісты церпяць за прафесію». Пра што гаварылі прадстаўнікі БАЖ падчас анлайн-марафона салідарнасці
Заяўкі па радыё, малюнкі ў камерах, лісты падтрымкі. Пра тое, што дапамагала ў няволі, распавядаюць блогеры і журналісты
Нам не ўсё адно! Мы памятаем, што за кратамі ў Беларусі сёння 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ