Лецішча калумністкі Ганны Златкоўскай арыштавана пастановай СК
Ганна Златкоўская пакінула Беларусь у лістападзе 2020 года. Днямі стала вядома пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць калумністкі. У кватэры яе маці таксама прайшоў ператрус.
8 кастрычніка ў Мінску сілавікі прыйшлі з ператрусам у кватэру да маці журналісткі і калумністкі Ганны Златкоўскай. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.
У гэты ж дзень стала вядома, што ў дачыненні да Златкоўскай у Беларусі распачатая крымінальная справа, а на яе маёмасць — лецішча — накладзены арышт. Паводле якога артыкула пераследуюць журналістку і ў чым сутнасць абвінавачання — пакуль невядома.
«На мяне заведзеная крымінальная справа. Я зарэгістраваная ў кватэры мамы, відаць, таму да яе прыйшлі з ператрусам. Хаця, можа быць, яны прыходзяць з ператрусам да блізкіх людзей, усё роўна, прапісаны там фігурант крымінальнай справы ці не», — распавяла Ганна Златкоўская службе маніторынгу БАЖ.
«Што гэта за крымінальная справа супраць мяне, маці не паведамілі. Паводле іх слоў, сказаць могуць толькі мне. У органах, відаць, ведаюць, што я ў Літве. Як яны будуць паведамляць асабіста мне, не ведаю. Думаю патэлефанаваць ім, але сумняюся, што гэта дапаможа. Хутчэй, ветліва прапануюць прыехаць і паабяцаюць усё расказаць пры сустрэчы», — іранізуе Ганна Златкоўская.
Дача, на якую пастановай Следчага камітэта накладзены арышт, гэта мая адзіная нерухомасць, — кажа Ганна: «Відаць, забіраюць усё, што ёсць, што могуць. Яна арыштаваная, а што будзе далей — я не ведаю. Гэта бяда, безумоўна. Мама праводзіць кожны сезон на гэтым лецішчы, гэта яе адзіны паратунак ва ўсім гэтым. Ды і колькі сіл туды ўкладзена, баюся нават думаць аб тым, што яе забяруць».
Ганна Златкоўская — пісьменніца, журналістка, калумністка. Аўтарка дзвюх кніг прозы: «Страшно жить, мама» і «Охота на бабочек». Супрацоўнічала з шэрагам незалежных СМІ і медыяпраектаў.