Павел Латушка заклікаў Польшчу падтрымаць беларускія незалежныя СМІ
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на мінулым тыдні правёў сустрэчу са старшынёй Камітэта па замежных справах Сейма Польшчы Паўлам Ковалем. Падчас яе ён падкрэсліў, што падтрымка беларускага грамадства і незалежных СМІ мусіць быць агульным прыярытэтам, піша тэлеграм-канал палітыка.
«Галоўная сіла, якая стрымлівае Лукашэнку ад уцягвання ў вайну і накіравання ўзброеных сілаў Беларусі ва Украіну — гэта беларускі народ. Менавіта падтрымка беларускага грамадства, якое супраць вайны і супраць Лукашэнкі, і незалежных СМІ павінны стаць нашым агульным прыярытэтам», — адзначыў Павел Латушка.
Апроч гэтага на сустрэчы абмяркоўваліся тэмы прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі, яго ролі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны і пагрозы нацыянальная бяспецы Польшчы.
Бакі дасягнулі дамоўленасці аб правядзенні пашыранай сустрэчы па пытаннях выкарыстання міжнародных механізмаў для прыцягнення рэжыму Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы.