У Осла Ларысе Шчыраковай уручылі прэмію Free Media Awards
17 верасня ў нарвежскім Осла ўручылі ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год. Адной з лаўрэатак стала журналістка Ларыса Шчыракова, якая асуджаная на 3,5 года турэмнага зняволення. Узнагароду за медыйшчыцу атрымаў праваабаронца Леанід Судаленка.
Журналісты — не злачынцы
— Сёння ідзе 651‑ы дзень зняволення Ларысы ў беларускай турме для жанчын у Гомелі, умовы ў якой можна параўнаць з бясчалавечным абыходжаннем і нават катаваннем, — сказаў Леанід Судаленка на цырымоніі ўручэння прэміі.
Праваабаронца, які сам адседзеў тры гады ў турме па палітычным абвінавачанні, расказаў прысутным пра ўмовы ўтрымання зняволеных:
— Там стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе кожнага. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе палітычных катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, недахоп вітамінаў і шпацыроў на свежым паветры. Дзе палітычных месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах без сувязі са знешнім светам, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя, дзе няма сувязі са знешнім светам. А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных сілком адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, нямногія выжывуць без шкоды для свайго здароўя.
Праваабаронца нагадаў, што ў 2023 годзе ў Ларысы Шчыраковай памерла маці, але яе не адпусцілі на развітанне і пахаванне.
— І нашы думкі сёння аб яшчэ 33 беларускіх журналістах, кінутых, як і Ларыса, за краты толькі за тое, што неслі людзям праўду пра палітычныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, — падкрэсліў праваабаронца.
Хто такая Ларыса Шчыракова
Журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Яе сына адразу змясцілі ў прытулак, адкуль яго 23 снежня забраў былы муж з Навасібірска.
Ларысе Шчыраковай канчаткова прад’яўленыя абвінавачванні паводле артыкула 369–1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), часткі 1 і часткі 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна). Яна асуджаная на 3,5 гады турэмнага зняволення. Цяпер Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў гомельскай калоніі і працуе там швачкай.
Медыйшчыца ўвайшла ў лік пераможцаў прэміі Free Media Awards за 2024 год, якую прысудзілі Фонд Fritt Ord і Фонд ZeitStiftungBucerius.
Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север падчас візіту ў Вільню напісала ліст падтрымкі Ларысе Шчыраковай.
Што такое Free Media Awards
Фонд Fritt Ord і Фонд Zeit Stiftung Bucerius абвесцілі, што ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год будуць уручаныя журналістам і СМІ з Беларусі, Грузіі, Украіны, Азербайджана, Расіі і, упершыню, Венгрыі.
Прэміі Free Media Awards прызначаюцца для журналістаў і СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і ўручаюцца ў межах сумеснага праекта паміж фондам Fritt Ord у Нарвегіі і фондам Zeit Stiftung Bucerius у Германіі. Яны будуць уручаны шасці журналістам і СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў знак прызнання іх выдатнай расследавальніцкай журналістыкі і асабістай смеласці ў перыяд вялікіх пературбацый у рэгіёне. Некаторыя з лаўрэатаў прэміі гэтага года ў цяперашні час знаходзяцца ў турме з‑за сваёй журналісцкай дзейнасці.
Цырымонія ўручэння прэмій адбылася ў Нарвежскім Нобелеўскім інстытуце 17 верасня 2024 года.
Лаўрэтам леташняй прэміі Free Media Awards стала беларускае анлайн-выданне Reform.by.