• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ДзяржСМІ: Кватэру незалежнага журналіста адбяруць, каб «кампенсаваць урон ад санкцый»

    Кватэру віцебскага журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча канфіскуюць на карысць дзяржавы і прададуць, каб «кампенсаваць урон ад санкцый». Так сцвярджае прапагандыст Ігар Тур у праграме, паказанай 20 траўня на дзяржаўным тэлебачанні АНТ.

    Зміцер Казакевіч незалежны журналіст

    Супрацоўнікі МНС узломваюць кватэру журналіста Змітра Казакевіча. Скрыншот відэа

    У праграме «Будет дополнено» на тэлеканале «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» дзяржпрапагандыст заявіў, што заклікі да санкцый — гэта эканамічнае злачынства. Наступствам яго мусіць быць эканамічнае пакаранне. Гэтыя словы суправаджаліся кадрамі ўварванняў сілавікоў у жыллё людзей, якія мусілі з’ехаць з Беларусі пасля рэпрэсій за ўдзел у пратэстах 2020 года.

    Як вынікае з відэасюжэта, віцебскую кватэру журналіста Змітра Казакевіча 16 траўня не толькі апячаталі і арыштавалі. Яшчэ там правялі ператрус. Апрача гэтага, вяліся відэаздымкі таго, як супрацоўнікі МНС узломвалі металічныя дзверы ў прыватнае жыллё журналіста. Гэтыя кадры сілавікі перадалі для выкарыстання тэлеканалу АНТ.

    Вядоўца праграмы Ігар Тур падрабязна тлумачыць, што кватэра будзе прададзеная, а грошы за яе перададуць на кампенсацыю ўрону ад санкцый, прынятых краінамі Захаду ў дачыненні Беларусі. Хоць дзяржаўная прапаганда цвердзіць, што эканамічныя санкцыі не нанеслі ўрону гаспадарцы краіны.

    Па месцы рэгістрацыі намесніка старшыні БАЖ прыходзілі з ператрусам

    Гледачу не тлумачаць, ці існуе такі законны механізм і якімі дакументамі ён рэгламентаваны. Але прапагандыст запалохвае: кватэру прададуць, і калі там прапісаныя ці  жывуць сваякі гаспадароў, што цяпер у замежжы, то ім давядзецца шукаць сабе іншае жытло.

    У якасці прыкладу ён згадвае маці Змітра Казакевіча. Гэта выглядае зусім ужо па-блюзнерску, бо ўжо колькі год, як гэтая жанчына памерла. Тур «гуманна» супакойвае нябожчыцу і ўсіх, хто можа апынуцца ў такім становішчы, — маўляў, калі жыць зусім няма дзе, то «выканкамы пойдуць насустрач, але ў межах разумнага».

    Калі меркаваць па звестках, агучаных у відэасюжэце, Зміцер Казакевіч трапіў у лік тых 104‑х чалавек, якіх Следчы камітэт плануе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за ўдзел у сёлетніх святкаваннях Дня Волі за мяжой.

    Зміцер Казакевіч канфіскацыя маёмасці журналістаў

    Здымкі сілавікоў з кватэры Змітра Казакевіча пасля ўварвання. Скрыншот відэа

    Зміцер Казакевіч падкрэслівае, што ўдзельнікам не з’яўляўся, а прысутнічаў там, выконваючы прафесійныя абавязкі.

    Ігар Тур заяўляе, што святкаванні ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі наўпрост звязаныя з заклікамі да санкцый. З гэтага ён робіць вывад, што продаж маёмасці ўдзельнікаў святкаванняў апраўданая. Прапагандыст цвердзіць, што кожны «беглы», калі хоча пазбегнуць арышту маёмасці і прадаць яе самастойна, мусіць спачатку «вярнуцца ў Беларусь і адсядзець».  Нагадаем, што паводле апошніх зменаў у беларускім заканадаўстве прадаць кватэру ці дом можа толькі гаспадар.

    Далей Тур сцвярджае, што «беларусаў дэструктыўнай накіраванасці» лёгка вылічыць паводле «сакрэтных дакументаў», якія рассылаюцца па дыпламатычных прадстаўніцтвах. Гэтая інфармацыя паступае ад «інфарматараў» у замежных беларускіх супольнасцях і ў дзяржаўных структурах краін, дзе знаходзяцца вымушаныя беларускія эмігранты.

    У відэасюжэце выкарыстаны таксама фрагмент выступу  Сяргея Кабаковіча. Прадстаўнік Следчага камітэта РБ кажа, што высветлены асобы больш як сотні ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў у Дзень Волі 25 сакавіка. Паводле яго слоў, «гэты спіс папаўняецца».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці