Архіў сайтa холдынга «Культура і Мастацтва» стаў недасяжным для наведвальнікаў
Днямі перастаў адчыняцца сайт дзяржаўнай рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і Мастацтва». Цяпер наведвальнікаў www.kimpress.by сустракае паведамленне: «Акаўнт заблакаваны адміністратарам сервера».
Холдынг «Культура і Мастацтва» аб’ядноўвае з 2002 года два тэматычныя выданні.
Гэта штотыднёвая газета «Культура», якая выходзіць па пятніцах на 16 палосах у колеры, выдаецца з кастрычніка 1991 года.
Часопіс «Мастацтва» выходзіць штомесяц, асвятляе праблемы эстэтыкі і тэорыі мастацтва, выяўленчага мастацтва, тэатра, кіно і тэлебачання, музыкі, дызайну, народнага мастацтва. Заснаваны ў студзені 1983 года.
На сайце холдынга былі ўсе архівы часопіса «Мастацтва» і газеты «Культура» ад нулявых гадоў. Сайт перастаў напаўняцца ў 2021 годзе, калі рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова вырашыла пераехаць на новую платформу, але заставаўся дасяжным для наведнікаў.
Можна сказаць, на сайце была сабраная ўся гісторыя беларускага мастацтва ад пачатку 21 стагоддзя. «Прычым, не толькі прадзяржаўная. Мы столькі рабілі пра нефармальнае, пра забароненае», — кажа адзін з супрацоўнікаў холдынга, які працаваў там да 2020 года. Зараз шмат герояў публікацый ці ў турме, ці ў эміграцыі, ці іх творчасць «не падыходзіць» цяперашняй сістэме.
«Мы ж пісалі і пра праекты мецэната Віктара Бабарыкі, фестываль Анжалікі Крашэўскай, пра незалежныя тэатры і пра купалаўцаў, якія зараз ў апале. Ды і палова журналістаў з «Культуры» і «Мастацтва» перайшла ў незалежныя медыя», — кажа суразмоўца.
Нешта з архіва сайта «КіМ» яшчэ можна знайсці праз http://web.archive.org.
Новы сайт холдынга (https://kultura-info.by) пачынае адлік ідэалагічна правільных публікацый пра беларускую культуру ад лета 2022 года.