Куды ідуць нарвежскія СМІ і што будзе ў нас праз пяць гадоў. Піша Андрэй Дынько
Платная падпіска на анлайн-медыя стала ў Нарвегіі масавай з’явай. Яе практыкуюць самыя розныя выданні — ад інтэлектуальных да таблоідаў.
Беларусь нязменна адстае па ўзроўню жыцця і па якасці гуманітарнай адукацыі, таму беларусы менш купляюць і менш чытаюць, чым краіны Скандынавіі. Але тэхналогіі адны для ўсіх — і ў сферы СМІ тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў “іх”, праз тры, пяць ці дзесяць гадоў прыходзяць да нас.
Для пачатку скажу, што ў Нарвегіі жыве 5,3 млн жыхароў, яна мае рэпутацыю “самай чытаючай” краіны. Асноўная мова там называецца “букмоль” — гэта такая трасянка (словы дацкія, вымаўленне нарвежскае), — яна панавала ў гарадах на момант здабыцця Нарвегіяй незалежнасці. Акрамя таго, ёсць “нюнорск” ці нованарвежская — мова, створаная на аснове далёкіх ад дацкай мовы дыялектаў. Нюнорск вывучаюць у школах, але большасць СМІ выходзіць на букмолі.
Найбуйнейшая медыякампанія краіны — гэта грамадская тэлерадыёкампанія НРК, яна атрымлівае гіганцкае дзяржаўнае фінансаванне.
У інтэрнэце з ёй канкуруюць парталы, якія выраслі з газет, усе яны прыватныя.
Вэб-рэдактар Aftenposten сочыць адразу за многімі крыніцамі інфармацыі
Найбольш анлайн-падпісчыкаў — амаль 200 тысяч — мае VG. На паперы ён выдаваўся ў класічнай форме таблоіда: малы фармат, вялікія загалоўкі, лёгкія тэмы, знакамітасці. Манера падачы — лёгкая. У анлайне VG спалучае навіны ў адкрытым доступе і VG+ — навіны ў платным доступе, расказвае Беата Коран (Beate Koren), рэдактарка VG+.
Прыкладна па 100 тысяч анлайн-падпісчыкаў маюць Aftenposten і Dagbladet.
Dagbladet — канкурэнт VG. Гэта таксама таблоід на паперы, анлайн-выданне спалучае забаўляльны кантэнт з расследаваннямі, рэпартажамі, кажа рэдактар аддзела расследаванняў Уле Стромэн (Ola Strømmen).
VG адмаўляецца апошнім часам ад “культурнага кантэнту”, але не ад расследаванняў.
Слайд з прынцыпамі таго, што цікава для партала VG
Aftenposten — цэнтрысцкае выданне з якасным кантэнтам. Цікава, што Aftenposten нядаўна адмовілася ад каментаў на сайце, а VG захоўвае такую магчымасць.
Альтэрнатывы платнай анлайн-падпісцы тут не бачаць. Доля даходаў ад рэкламы ў Aftenposten за апошнія 10 гадоў знізілася з 70 да 30 працэнтаў, а доля падпіскі — вырасла да 70, расказаў кіраўнік прафкама гэтага рэспектабельнага медыя Гунар Кагэ (Gunnar Kagge). Рэклама пераходзіць у сацыяльныя сеткі.
Супрацоўнікі ньюсдэска партала Aftenposten
Ва ўсіх пералічаных вышэй выданнях колькасць анлайн-падпісчыкаў перавысіла колькасць падпісчыкаў на папяровую версію. І колькасць першых расце, а другіх — змяншаецца.
А гэта куток галоўных рэдактараў Aftenposten
Гэткіх паказчыкаў нарвежскія СМІ дасягнулі за 8–10 гадоў пасля ўвядзення платнай падпіскі. Хочацца спадзявацца, што і “Наша Ніва” праз 10 гадоў будзе мець столькі анлайн-падпісчыкаў. Менавіта вывучэнне досведу вядзення платных раздзелаў было мэтай майго “тура” па рэдакцыях нарвежскіх СМІ.
Нарвежскія сябры арганізавалі мне дзясятак такіх наведванняў, тры дні я з рання да вечара гаварыў з рэдактарамі і маркетолагамі.
Скульптура ў вестыбюлі офіснага будынка, дзе месцяцца рэдакцыі VG і Aftenposten
* * *
Танныя авіялініі змянілі ўяўленне пра адлегласці. Білет з Вільні да Осла і назад можна купіць танней за 100 долараў. Але чым бліжэйшая дата адлёту, тым даражэй. Калі ляціш з вялікім багажом — яшчэ даражэй.
Самалёты Norwegian з Вільні да Осла і назад нагадалі мне дызель-цягнікі часоў майго дзяцінства, якімі жыхары падберасцейскіх вёсак — рознарабочыя, санітаркі, грузчыкі — ездзілі “до міста” выконваць работы, якіх “гарадскія” цураліся. Самалёты гэтых танных авіяліній цяпер таксама запоўненыя рабочымі-вахтавікамі — з абветранымі, зямлістымі тварамі, у джынсах і зношаных чорных куртках, якія гавораць падвіленскай беларускай трасянкай, па-літоўску і па-расейску, у якіх замест чамаданаў — бясформенныя спартыўныя сумкі.
Сам Осла — я тут не быў, хіба, гадоў 12, з часу, калі “Нашай Ніве” ўручалі прэмію Fritt Ord — памяняўся. Вакол вакзала вырас квартал сучаснай архітэктуры, жамчужына якога — новая Опера, у форме айсберга над ф’ёрдам. Ад вакзала кудысьці на перыферыйныя вуліцы паліцыя выціснула наркадылераў. Осла застаецца чыстым, вельмі чыстым у параўнанні з беларускімі гарадамі і вёскамі, дзе чыста толькі там, дзе прыбіраюць. І Осла застаецца сувымерным чалавеку, з памяркоўным рытмам жыцця і вялізнай колькасцю кавярняў, кебабных, піўных — месцаў камунікацыі. Мой самалёт адлятаў з Осла ўранку, і я мусіў ехаць у аэрапорт першым рэйсам Flytoget‑а, цягніка ў аэрапорт. Уранку а чацвёртай у нядзелю маса захмялелых людзей пешкі вярталася з цэнтра ў свае раёны, гарланілі, гаварылі. Для нарвегаў гэта спосаб зняць стрэс і павесяліцца сумнымі паўночнымі зімамі.
Эмігранты выглядаюць добра інтэграванымі ў нарвежскую рэальнасць, пераняўшы манеры і звычкі карэнных жыхароў. Часты выпадак, з якім я сутыкаўся, — калі яны ўмеюць гаварыць толькі на сваёй мове і па-нарвежску, не ведаюць англійскай.
Старыя могілкі ў цэнтры Осла. Малаток на помніку Генрыку Ібсэну.
* * *
Многа ў Нарвегіі ўсяго традыцыйнага і кансерватыўнага. Людзі па-ранейшаму купляюць нямала папяровых кніг і газет. Мне давялося пабываць у двух выданнях, якія мала змяніліся з 1990‑х.
Адно з іх — Klassekampen, што ў перакладзе значыць “Класавая барацьба”. Раней гэта была камуністычная газета, цяпер — газета левых сіл. У яе застаецца каля 30 тысяч папяровых падпісчыкаў, а ў інтэрнэце іх — менш за 2000, бо там выстаўляюць проста «люстэрка» папяровага выдання, праўда, прыгожа аформленае.
Сайт Klassekampen — па-ранейшаму «люстэрка» папяровай версіі
Рэкламы ў Klassekampen мала, затое шмат верных чытачоў, якія збіраюць грошы на выхад. Але гэтага недастакова, таму ёсць дзяржаўныя датацыі. Газета атрымлівае штогод каля 46 млн крон, гэта амаль 11 млн беларускіх рублёў. Тое, што ўрад цяпер у Нарвегіі складаецца з правых, кансерватыўных і нацыяналістычных партый, ніяк не мяняе справы.
У Нарвегіі несамадастатковыя выданні падтрымліваюць дзеля захавання плюралізму.
Манумент памяці ахвяр тэрактаў Брэйвіка — аскепкі шкла з вокнаў урадавых будынкаў, паміж якімі была закладзеная бомба
VG і Aftenposten уваходзяць у медыягрупу Schibsted, кожнае выданне займае па два паверхі ў сучасным будынку насупраць Дома ўрада (які так і стаіць закрыты пасля тэракта Брэйвіка — ніяк не вырашаць, ці рамантаваць, ці перабудоўваць, ці аддаць пад Цэнтр нованарвежскай мовы — ёсць і такая прапанова).
Рэдакцыя Klassekampen сядзіць таксама на двух паверхах, але ў цесным і старым офісным будынку ў рабочым, эмігранцкім раёне.
На ўваходзе ў газету Klassekampen вісіць карціна з сацірай на Джорджа Буша, Бін Ладэна і царкоўнікаў
Klassekampen не карыстаецца новымі тэхналогіямі, затое канцэнтруецца на падтрыманні якасці журналістыкі.
Але над гэтым выданнем, як і над усімі папяровымі газетамі, вісіць іншая пагроза. Нарвежская дзяржаўная пошта стратная, і ўрад прыняў план скарачэння дзён яе працы. З кожным годам пошта будзе працаваць менш і менш, і паступова карэспандэнцыю пачнуць дастаўляць толькі чатыры дні з дзесяці. Для людзей гэта не праблема, папяровыя лісты ўсе мы пішам радзей. Але для газет, асабліва штодзённых, гэта ўдар, з якім яны пакуль не ведаюць што рабіць, расказала мне рэдактарка Klassekampen. Невялікія выданні стварыць уласныя службы дастаўкі не змогуць.
Нарвежскія газеты
Таму Dag og tid, інтэлектуальны тыднёвік на нованарвежскай, таксама задумаўся пра папулярызацыю анлайн-падпіскі. На сёння ён мае больш за 11 000 папяровых падпісчыкаў і толькі тысячу — анлайн. Але па прагнозах іх спецыяліста па маркетынгу Грэгара Фалкнера (Gregor Falkner) — ён у іх адзін і займаецца пераважна пытаннямі падпіскі і яе прамоцыі, нават у іх да 2024 года лічба анлайн-падпісчыкаў зраўняецца з колькасцю падпісчыкаў традыцыйнай версіі.
Dag og tid таксама атрымлівае дзяржаўную датацыю, але як тыднёвік, меншую — каля 5 млн крон (каля 1,2 млн у пераліку на беларускія рублі), кажа яго галоўны рэдактар Свэн Гердакер (Svein Gjerdaaker).
Іншы інтэлектуальны тыднёвік Morgenbladet атрымлівае каля 10 млн крон.
Цікава бачыць, як у Нарвегіі выданні строга скіраваныя на прыбытак. Выходзіць тое, што прадаецца.
Напрыклад, адным з вялікіх поспехаў газеты Aftenposten стала выданне Aftenposten Junior — газета, разлічаная на дзяцей. Яна прадаецца ў колькасці каля 30 тысяч асобнікаў, вырвалася на 9‑е месца ў краіне па тыражы. Чаму так шмат? Бо бабулі і дзядулі падпісваюць унукаў, каб яны прывучаліся чытаць газеты, так яно працуе.
А вось падкасты ці аўдыё выкарыстоўваюцца мінімальна: толькі ў тых выданнях, якія здольныя акупіць іх за кошт аўдыёрэкламы.
У цэлым нарвежскія СМІ апантаныя якасцю кантэнту. Не тым, праз якія платформы даносіць інфармацыю да чытачоў, а каб было што чытаць і глядзець. Мяне ўразіла, што многія выданні нічога не трацяць на працу ў сацыяльных сетках або посцяць там мінімальна, бо гэта не прыносіць грошай.
У той жа час мадэлі розныя: Dagbladet падпісала дамову пра супрацу з Facebook і аддае яму частку рэкламных даходаў, затое пераходы з FB даюць да 40 % наведванняў сайта, бо алгарытмы FB аддаюць перавагу гэтаму выданню перад іншымі.
А лідар рынка, VG, пераходзіць на Facebook instant articles адмовілася, каб не дзяліцца прыбыткам, таму ў яе пераходаў з FB няшмат. Стаўка VG іншая.
“Мы хочам быць news destination нумар адзін”, — сказала мне рэдактарка VG+ — платнага сегменту выдання.
Рэдакцыйная кухня Aftenposten
Акрамя дзяржаўных датацый і даходаў ад продажаў, для рэалізацыі спецпраектаў і ў крытычных сітуацыях нарвежскія СМІ таксама могуць разлічваць на сродкі дабрачынных фондаў.
Нарвегі лічаць, што без канкурэнтных СМІ грамадства не будзе здаровым. А СМІ ў Нарвегіі моцныя найперш дзякуючы таму, што кожная інтэлігентная сям’я лічыць патрэбным штосьці выпісваць. Але і таму, што дзяржава тут падтрымлівае разнастайнасць думак.
А гэта лось, проста лось 🙂
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!