• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кубак Свабоды выйграла каманда Беларускай асацыяцыі журналістаў

    У Беларусі прайшоў 22-й футбольны турнір памяці Генадзя Карпенкі.

    Кубак Свабоды памяці Генадзя Карпенкі зноў сабраў на футбольным полі незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў.

    Турнір праводзілі яшчэ пры жыцці былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі. Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паспеў пагуляць з ім разам. У той камандзе быў і Віктар Ганчар.

    «Яны гулялі за каманду АГП, прычым даволі паспяхова. Мы былі чэмпіёнамі. Спачатку гэта быў Кубак Свабоды, прысвечаны чарговай гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці. А пасля таго, як адбылася трагедыя з Генадзем Карпенкам, улічваючы тое, што ён быў адным з натхняльнікаў турніру, мы назвалі Кубак Свабоды імем Генадзя», — успамінае Анатоль Лябедзька.

    Карпенка пайшоў з жыцця раптоўна і нечакана — у красавіку 1999-га года. Нібыта ад наступстваў інсульту, але яго ўдава, Людміла, не паверыла ў такую ​​версію. Паводле яе слоў, мужа забілі за актыўную палітычную пазіцыю.

    «Чалавек, які мог трапна адной прапановай ахарактарызаваць і тое, што адбываецца ў палітыцы, і ў футбольным жыцці. Ён быў добры футбаліст і прыстойны чалавек. І вельмі перспектыўны палітык», — дадае Лябедзька.

    Неўзабаве пасля смерці Карпенкі зніклі міністр унутраных спраў Юры Захаранка, ужо згаданы старшыня ЦВК Віктар Ганчар і яго сябар бізнесмен Анатоль Красоўскі, а таксама аператар Дзмітрый Завадскі. Ёсць меркаванні, што ўсе гэтыя падзеі — звёны аднаго ланцуга.

    На гэты раз перамога ў турніры памяці Генадзя Карпенкі дасталася камандзе Беларускай асацыяцыі журналістаў. Другое месца — у АГП. Звярнулі на сябе ўвагу і хлопцы з каманды БНФ, якія, дарэчы, гулялі ў фірменных футболках «Белсата» ў падтрымку акцыі «Беларускамоўны».

    «Усе ведаюць, што ўвосень будзе перапіс насельніцтва. Там ёсць цікавае і сімвалічна важнае пытанне з нагоды роднай мовы. Пытанні сфармуляваны трохі слізка, і гэта можа выклікаць досыць неадназначныя адказы сярод насельніцтва. Адпаведна, мы вырашылі акцэнтаваць на гэтым увагу і паспрыяць таму, каб беларуская нацыя адказвала на гэтае пытанне адназначна», — кажа Юрась Адамовіч з каманды Партыі БНФ.

    Склад удзельнікаў Кубка Свабоды ў асноўным нязменны, але гэта не закрытае грамадства — зрабіць заяўку сюды могуць і новыя каманды.

    «Аднойчы была зборная дыпламатаў. Дыпламаты з розных пасольстваў — Польшчы, Брытаніі — сабралі каманду і выступалі», — распавядае Анатоль Лябедзька.

    Цяпер у турніры памяці Генадзя Карпенкі гуляюць у тым ліку людзі, якім на момант яго смерці было два ці тры гады. Пра яго не толькі памятаюць былыя паплечнікі, пра яго ведае і новае пакаленне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці