Крызісу няма
Людзі на балоце
Крызісам можна палохаць тых, хто штосьці мае. Хто нічога не мае, той і не баіцца ніякіх крызісаў.
— Хадзіла ў краму?
— А што мне там рабіць? У мяне грошай няма.
Калі цэны растуць, Мінск хвалюецца, а мы тут малінніку наламаем на гарбату і п’ем яе, як рабілі гэта ў любыя часы.
Грошы, большыя за пяць мільёнаў, — абстрактныя лічбы. Цётка Тамара расказвала, як яе мазырская пляменніца рамонт рабіла:
— Яна заплаціла дзесяць мільёнаў! Ці то мо мільярдаў тых.
Якая розніца — мільёнаў ці мільярдаў! Усё адно такіх грошай яна не патрымае ў руках.
Не ведаю, можа ў іншых кутках беларусы жывуць інакш. А мае палешукі заўсёды шмат гаравалі, каб толькі выжыць. Адвеку тут былі балоты, якія не давалі разжыцца на багацце. Зямля — пясок, на якім нічога не расло без угнаенняў. Для ўгнаенняў трэба было трымаць свойскую жывёлу. Каб трымаць свойскую жывёлу, патрабавалася шмат сена. А навокал адныя балоты — дзе таго сена ўзяць? А калі лета занадта вільготнае, дажджлівае, то ўсё, гамон. І разлічваць няможна было ні на пана, ні на калгас. Калі сам не пагаруеш з раніцы да ночы, то не выжывеш.
От такі генафонд мы тут маем. Хто ўмеў, той з’ехаў. А мы засталіся, каб захаваць нашу палескую філасофію вады. Таму што…
…паляшук — гэта вада
Ён так доўга жыў у вадзе, што сам вадой і стаў. А, як той кажа, вада дзірачку знойдзе. Гэтае ўменне знаходзіць выйсце з любой сітуацыі і дазваляе нам не заўважаць тое, што вы там, на вялікай зямлі, называеце крызісам.
Калі я толькі пераехаў у Прудок, суседзі прывязвалі да яблыні ў маім двары кабылу, каля яе вярцелася і жарабя. Дарма, думаў я, ніхто ж не ведае, што з’явіўся гаспадар. “Кватаранты” хоць і чынілі паскудствы, але не вельмі заміналі майму жыццю.
Аднак потым сядзеў я на ганку, піў каву, нікога не чапаў, як раптам прыехаў у двор на лісапедзе малады мужчына, мо гадоў на пяць старэйшы за мяне. Кінуў лісапед на траву, сеў побач з ім, закурыў цыгарэтку.
— Дай трыццаць тысяч.
У гэты момант мне ў спіну тыцкае лычом кабыла.
“Мо так і трэба”, — пранеслася ў галаве філасофская беларуская думка.
От тады я зразумеў, што паляшук — гэта вада. Покуль не наставіш вокал сябе сцен, ён залезе і ў хату, і ў душу. І ўсё стуль вымые.
Тады ж завялася на маім агародзе суседка-хапуга — яна крала бульбу, што мой дваюрадны брат пасадзіў. Ніхто ў хаце не жыў, то яна хадзіла без страху. А тут прыйшла неяк ды на мяне наскочыла:
— Вой! А можна я тры бульбіны дзіцёнку выкапаю ў супчык?
Дазволіў. А брат потым жаліўся, што бульбы зусім не было — усе карчы пустыя. Дрэнны год на бульбу быў. От яно як!
Паляшук — гэта вада. Ён не будзе адстойваць свае правы на плошчы — ён будзе шукаць дзірачку ў сцяне калгаснага гумна. Бо што з тымі правамі ды дэмакратыямі рабіць? А калгаснай бульбай ды збожжам свойскую худобіну накарміць можна. От дзе сапраўдныя каштоўнасці! А крызіс… І не такое перажывалі.
Uber-шмубер і ІП вашу маць.
Кажуць, растуць тыя долары. Ну, і што? У мяне от рассада на акне пачынае расці. Усё расце — от і долары растуць. Хто хацеў, той зрабіў сабе валютную заначку “хай будзе”. Валюта толькі на заначку і патрэбна — а што з ёй яшчэ рабіць? А калі заначка расце, тое ж, пэўна, добра?
Шматлікія навіны, якія ўтвараюць хвалі ў інтэрнэце, у Прудку проста незразумелыя. Дзед Гануша ніводнага разу не ездзіў на таксі, што яму той Uber і прэтэнзіі таксоўшчыкаў?
Пабілі журналіста? А чаго ты лезеш туды, дзе б’юць? Сядзі дома, і ніхто не паб’е.
І дай Божа ўсім сялом назбіраць дваццаць два кілаграмы замежных пасылак за цэлы год! А калі і назбіраюцца, гэта будуць мае дваццаць два кілаграмы кніг, якія я атрымоўваю ад сваіх сяброў. Бо Гомель дагэтуль ёсць ускрайнім пунктам на гэтым свеце. А замежжа — гэта адная толькі фантазія.
Учора ў Мінску ІПэшнікі нешта расхваляваліся. Чаго хвалююцца? Вам жа, ІП вашу маць, не забараняюць працаваць! Працуйце, толькі па законе!
Гэта я не свае думкі агучваю, а транслюю, што чую навокал.
Ды і не любіць true-паляшук тых ІПэшнікаў. Свой хлеб і е свой хлеб. А на “купі-прадай” добрае імя не зробіш.
Дзве каровы і свіння — ужо багаты. Машына е — вой-вой-вой! А калі з’ехаў жыць у сваю кватэру ў мястэчка — вялікім чалавекам стаў. Такога багацея прудкавец можа паважаць. Але калі той нагараваў багацце сам, а не якуюсьці папараць-кветку знайшоў ці на людзях нажыўся праз кропку з кітайскімі шмоткамі. Такая тут хвіласохвія, выбачайце.
Спакой vs мітусенне
Амаль год я жыву на Палессі. За гэты час і сам захварэў на палескі спакой. Гэта такі стан душы, які я называю днём сурка. Назіраю ў фэйсбучную шчыліну за сталічным мітусеннем і думаю: вось няма вам там, на вялікай зямлі, чаго рабіць. Як і мае суседзі ды сваякі, я ўжо ўпэўнены, што ўсё, што можна зрабіць для свайго дабрабыту, — гэта памаляваць плот ды паставіць хлеўчык для казы.
Маці кажа:
— Як няма дажджу, то трэба не неба клясці, а паліваць свае градкі.
І гэта ж праўда. Напэўна, нашая філасофія надзвычай “гаравальная”. Але няхай яна тут таксама прагучыць, бо ў ёй мусіць быць нешта і каштоўнае для пераймання.