Крымінальную справу журналіста Зьмітра Галко перадалі ў суд
Арыштаваны Зьміцер Галко завяршыў знаёмства з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяньнях да супрацоўніка міліцыі.
Справа перададзеная ў суд Савецкага раёну гораду Менску. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, судзьдзя можа вывучаць матэрыялы да двух месяцаў, таму працэс пачнецца ў ліпені-жніўні, мяркуе бацька Зьмітра Мікалай Галко.
Мікалай Галко расказаў Свабодзе, што Зьміцер па-ранейшаму ўтрымліваецца ў Жодзінскім сьледчым ізалятары, але перад судом яго перавядуць у менскае СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
«Умовы ўтрыманьня параўнальна нармальныя, у камэры двое. Праўда, са Зьмітром быў псыхічна хворы стары чалавек, але адвакат кажа, што таго абяцалі перавесьці ў іншую камэру. Ад прагулак Зьміцер адмаўляецца, бо лічыць вельмі зьневажальным сам „рытуал“, працэдуру вываду на прагулку, калі рукі назад, прымушаюць згінацца лбом да кален і такім чынам перасоўвацца.
Што да ежы, кашу на сьняданак есьці яшчэ можна, пісаў Зьміцер, усё астатняе есьці немагчыма, на Валадарцы харчаваньне значна лепшае», — падзяліўся Мікалай Галко.
Зьміцер не прызнаў сваёй віны і наагул нічога, што яму інкрымінуюць, адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам. Яму не дазволілі ніводнага спатканьня з роднымі.
З атрыманьнем інфармацыі з волі ёсьць праблемы. Радыё ў камэры няма. Сябры выпісалі Зьмітру «Новы час», «Белгазету», але прэса не даходзіць, кажа ягоны бацька.«Адзін раз прынесьлі „СБ. Беларусь сегодня“. Лісты быццам даходзяць, але цяжка сказаць, ці ўсе. Мяркуючы па лістах і словах адваката, дэпрэсіі ў сына няма, настрой больш-менш бадзёры. Хаця рука, якую яму пры затрыманьні вельмі моцна пашкодзілі міліцыянты, баліць дагэтуль, нават пісаць доўга ён ня можа», — гаворыць Мікалай Галко.
Былі праблемы з адвакатамі, кажа ён. Давялося двух першых замяніць, трэцяга адваката параіў БАЖ.
«Першая адвакатка адразу сказала, што „рыць пад міліцыю я не магу, мне мае дадуць па галаве, нідзе мяне ня згадвайце, камэнтары даваць ня буду“. У другога адваката было вельмі шмат спраў, пастаянна заняты, у яго не было часу пагаварыць толкам з намі, да таго ж ён выставіў сваю вэрсію і не хацеў слухаць ні заўваг, ні пярэчаньняў. Трэцяга адваката параіў БАЖ, цяпер усё нармальна. Вельмі шчыльна працуе і са Зьмітром, і з намі», — кажа Мікалай Галко.
Рэдакцыі, дзе раней Зьміцер працаваў, напісалі добрыя характарыстыкі: і «Новы час», і «Нацыянальная эканамічная газэта», і «Народная Воля».
Адвакат мяркуе, што могуць прызначыць «хімію», бо ў Зьмітра гэта першая крымінальная справа. Хаця дыяпазон пакараньня вельмі шырокі, да 6 гадоў зьняволеньня.
***
Інцыдэнт са Зьмітром Галко адбыўся ў лістападзе 2017 году на менскай кватэры, дзе ён жыў з сынам Янам. Падчас сьвяткаваньня дня народзінаў юнака нібыта нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны «празьмернага шуму». Зьміцер адчыніў дзьверы. Паводле вэрсіі сілавікоў, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, у выніку чаго быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пазьней адбыўся адміністрацыйны працэс, журналіста пакаралі за нецэнзурную лаянку.
Пасьля інцыдэнту Зьміцер і Ян зьехалі зь Беларусі ва Ўкраіну. 22 красавіка падчас вяртаньня ў Менск Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай.
Падлеткі праходзяць сьведкамі ў справе, на судовы працэс іх павінны выклікаць.