Крымінальную справу супраць блогера з Бярозы Аляксандра Кабанава закрылі
Як паведаміў Аляксандр Кабанаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, даведаўся ён пра гэты факт выпадкова. Справа спыненая з фармулёўкай “за адсутнасцю складу злачынства”.
Блогер звяртае ўвагу, што крымінальная справа была адноўленая на падставе пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці на самым пачатку кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым Аляксандр Кабанаў планаваў удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата на адной з выбарчых акруг у Брэсце, але яго не зарэгістравалі нібыта з‑за памылак падчас складання анкеты.
Што тычыцца адноўленай крымінальнай справы, то, паводле блогера, яго толькі аднойчы выклікалі ў міліцыю, але ён адмовіўся ад візіту ў РАУС.
“Пасля гэтага мяне ўвогуле не чапалі, а пасля выбараў раптоўна даведаўся, што справа зачынена ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства”, — кажа Аляксандр Кабанаў.
Паводле блогера, ён так і не зразумеў, што было прычынай для аднаўлення гэтай крымінальнай справы, бо ранейшыя абвінавачанні не пацвердзіліся. Адзіная версія — справу аднавілі, каб замінаць актыўнаму ўдзелу Аляксандра Кабанава ў выбарчай кампаніі.
“Не выключана, што ўлады захочуць аднавіць гэтую справу і ў 2020 годзе, калі ў Беларусі распачнуцца прэзідэнцкія выбары”, — жартуе блогер.
Аляксандр Кабанаў — вядомы блогер, які актыўна асвятляе пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста.