КПЧ ААН прызнаў, што Беларусь парушыла правы журналісткі падчас затрымання
Камітэт па правах чалавека ААН разглядзеў і прыняў рашэнне па скарзе сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Любові Праневіч.
Справа тычылася затрымання журналісткі ў 2007 годзе.
19 жніўня 2007 года журналістка Любоў Праневіч прысутнічала на сустрэчы з публіцыстам і палітыкам Паўлам Севярынцам. Аўтар прыйшла на прэзентацыю кнігі палітыка, каб узяць інтэрв’ю ў Паўла Севярынца і напісаць артыкул для часопіса Беларускай асацыяцыі журналістаў “Абажур”, гаворыцца ў паведамленні КПЧ ААН.
У памяшканне ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і спынілі сустрэчу, а затым затрымалі 28 чалавек, у тым ліку Любоў Праневіч. Яе даставілі ў аддзел унутраных спраў. Там спадарыня Любоў патлумачыла, што яна журналіст, паказала свой пашпарт і журналісцкае пасведчанне. Далей у дачыненні да яе быў складзены адміністрацыйны пратакол.
Журналістцы было прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне вызначанага парадку арганізацыі або правядзення мерапрыемства).
Адзначым, што прэзентацыя кнігі Паўла Севярнца праходзіла ў офісе брэсцкай арганізацыі Партыі БНФ. За ўдзел у той жа прэзентацыі былі пакараныя яшчэ два сябры БАЖ — пазаштатная карэспандэнтка газеты «Брестский курьер» Настасся Мялешка, якая атрымала папярэджанне, і Яўген Бяласін, якога аштрафавалі.
У верасні 2007 года адміністрацыйная справа супраць Любові Праневіч была разгледжана Маскоўскім раённым судом Брэста, які прызнаў журналістку вінаватай і вынес папярэджанне. Рашэнне суда Любоў спрабавала абскардзіць у вышэйстаячых беларускіх структурах, але яно было пакінутае ў сіле.
У сваім звароце ў Камітэт пра правах чалавека ААН журналістка адзначала, што яе затрыманне было незаконным. Яна спасылалася на артыкул 39 Закона аб сродках масавай інфармацыі, у адпаведнасці з якім журналіст мае права прысутнічаць і пісаць аб любых падзеях, якія маюць сацыяльнае значэнне, у мэтах выканання сваіх прафесійных абавязкаў.
У сваім рашэнні Камітэт па правах чалавека ААН адзначае, што звярнуўся ў гэтай справе да Беларусі, але нават не атрымаў адказу.
Камітэт у сваім рашэнні адзначае, што “чалавек не павінен быць адвольна затрыманы з‑за ажыццяўлення свайго права на свабоду выказвання, у тым ліку свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Адпаведна, ва ўмовах, апісаных вышэй, і пры адсутнасці якога-небудзь далейшага тлумачэння з боку дзяржавы, Камітэт лічыць, што правы аўтара былі парушаныя згодна з артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Разгледзеўшы ўсе прадстаўленыя доказы, КПЧ ААН прыйшоў да высновы, што агучаныя факты сведчаць аб парушэнні дзяржаўнымі органамі Беларусі правоў журналісткі.