• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Кожны дзень бачу твар таты ў люстэрку». Што Алег Грузьдзіловіч піша з «Валадаркі»

    Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч працягвае расказваць з-за кратаў пра турэмны побыт. Публікуем фрагмэнты ягонага ліста да жонкі Мар’яны ад 11 студзеня.

    Пра шпацыр

    «Раніцай у нас была прагулка. Убачылі, што стаіць сонечнае надвор’е, паступова халадае, справа ідзе да хрышчэнскіх маразоў. Але сьнегу, відаць, няма, ці яго зусім мала. Мяркую па тым, што ў дворыках для прагулак зусім няма сьнегу, а толькі лёд на зямлі. Гуляць там ня вельмі прыдатна, нават зусім не прыдатна, бо раскоўзалі лёд, як на хакеі.

    Сёньня хадзіў каля сьценкі, дзе крыху захавалася бэтону. Удалося прайсьці 100 пэрымэтраў, і гэта яшчэ рэкорд. Хлопцаў большасьць ўвогуле тапталіся на адным месцы. Але затое хоць падыхалі марозным паветрам.

    Разжыўся сёньня іголкай зь ніткай ды за 2 гадзіны ўшыў джынсы, якія апрануў, калі сюды зьбіраўся. Але яны расьцягнуліся і спадалі. А цяпер стала лепш хадзіць на прагулкі».

    Пра лазьню

    «Пасьля абеду была лазьня, дакладней душ зь пяці душавых саскоў на 7 чалавек, бо адзін з нас езьдзіў у суд і лазьню прапусьціў. Усяго на памыўку даецца хвілін 15, а сёньня нават 20. За гэты час я пасьпеў памыцца (дзякуй за жоўтую клясную мачалку), папраць бялізну і цяльняшку са шкарпэткамі ды павесіць іх на гарачую батарэю. Правісець пасьпелі хвілін 10, нават падсохлі. Адзіны мінус — бялізну не замянілі, абяцалі заўтра выдаць новыя прасьціны і навалачку. Пацерпім».

    Пра «атаварку»

    «Сёньня мусіла прыехаць да нас так званая „атаварка“, а не, яшчэ адно расчараваньне, і да нас не дайшла. „Заўтра“.

    „Атаварка“ — гэта і ёсьць тое, што мы замаўляем на грошы, пакладзеныя на асабісты рахунак. Нас знаёмяць са сьпісам тавараў і цаной, запаўняеш адмысловую форму, і недзе праз тыдзень прывозяць тое, што ты замовіў, а патрачаныя грошы сьпісваюць. І гэдак два разы на месяц. Я замовіў рублёў на 50: канвэрты, паперу, нейкія прадукты, каву, згушчанку. Як атрымаю, напішу».

    Пра кнігі

    «Яшчэ заказаў у бібліятэцы кнігі, у тым ліку падручнікі па нямецкай мове на базе кнігі Рэмарка „Тры таварышы“ — нейкая найноўшая мэтодыка. Я ж калісьці вучыў нямецкую, хачу крыху абнавіць веды. Ды і ўвогуле трэба, каб галава працавала, каб не расслабляўся.

    Яшчэ заказаў некалькі мастацкіх кніг. Пагляджу, ці дадуць. Збольшага ў камэры каля 20 кніг, стопка часопісаў, у тым ліку „Вокруг света“, што я вельмі люблю. Таксама ёсьць пару кніг па-беларуску, іх таксама чытаю».

    «P. S. Заўтра, 12 студзеня, будзе 40 дзён, як памёр дзядуля Толя (бацька Алега. — РС). А я ж плянаваў паехаць у Берасьце, пасядзець за памінальным сталом. Кожны дзень бачу твар таты ў люстэрка: калі я бяз вусаў, дык вельмі падобны».

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

    Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

     

    Алег Грузьдзіловіч

    Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску. У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

    У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

    У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

    На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

    Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

    Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

    Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці