• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кожная жанчына феміністка, бо ніхто з нас сёння не адмовіцца ад сваіх правоў — у офісе БАЖ адбылася дыскусія «Вобраз жанчыны ў медыя» ФОТА ВІДЭА

    Які вобраз жанчыны ствараюць беларускія СМІ і як ён уплывае на грамадства?  Прадстаўнікоў медыя, палітычных рухаў, экспертнай супольнасці сабраў БАЖ для дыскусіі пра межы рэдакцыйнай палітыкі і гендарныя стэрэатыпы.

    Кіраўніца арганізацыі “Гендарны маршрут” Ірына Саламаціна распавяла пра даследаванне беларускіх медыя ў 2018 годзе, якое паказала, што экспертамі ў журналісцкіх тэкстах жанчыны выступаюць надзвычай рэдка.

    — У мінулым годзе мы правялі аналіз у межах глабальнага медыяманіторынгу. Мы тэставалі асяроддзе на прысутнасць жанчын у ім, аналізавалі толькі галоўныя матэрыялы СМІ. І атрымалі такую карціну: з 340 прааналізаваных намі артыкулаў суб’ектамі жанчыны былі толькі ў 12 матэрыялах.

    Ирина Соломатина

    І праблема не толькі ў падыходзе журналістаў, праблема ў рэдакцыйных палітыках, якіх проста няма ў беларускіх медыя. Нягледзячы на тое, што ў журналістыку сёння прыходзіць даволі шмат жанчын, гэта ніяк не выраўнівае дысбаланс прысутнасці жанчын у медыя.

    Матэрыялы застаюцца гендарна сляпымі, звычайна экспертамі выступаюць мужчыны, а жанчыны часцей агучваюць не экспертную пазіцыю, а “меркаванне грамадства”.

    І гэта ва ўмовах, калі  70% жанчын у Беларусі задзейнічаныя ў эканоміцы.

    «Атрымліваецца, што на старонках медыя проста не бачна жанчын і людзей, якія прасоўваюць жаночую тэматыку», — гаворыць Ірына Саламаціна, якая больш падрабязна выказвалася на сайце Baj.by.

    Медыя ідуць за грамадскім меркаваннем замест таго, каб адлюстроўваць трэнды, — Ірына Саламаціна пра гендарную павестку ў СМІ

     

     

    Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Партыі БХД, памочніца дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Ганны Канапацкай Вольга Кавалькова мяркуе, што “жаночая павестка” гучыць у многіх арганізацыях.

    — Чаму няма чалавека, які прасоўвае жаночы парадак дня? Я думаю, у кожнай арганізацыі ёсць такія людзі. Жаночыя праблемы вельмі шмат хто агучвае, і Ганна Канапацкая ў парламенце ў тым ліку. Чаму жаночай партыі ў Беларусі няма? Думаю, калі б была патрэба і актуальнасць яе стварэння, яна б паўстала, — гаворыць Кавалькова.

    Журналістка Kyky.org Яўгенія Доўгая бачыць вялікую праблему ў неадукаванасці журналістаў, калі яны пішуць на жаночыя тэмы, у выніку выходзяць матэрыялы з памылкамі, сэксісцкімі і дыскрымінацыйнымі пасыламі.

    — Той, хто спрабуе хайпіць на жаночай тэматыцы, робіць гэта непісьменна. Атрымліваецца зашквар, бо людзі проста не разбіраюцца ў тэме. Я бачу вялікае няведанне журналістамі жаночай тэматыкі, статыстыкі і г. д. І калегі нават не хочуць адукоўвацца ў гэтай тэме.

    Евгения Долгая

    Хоць КУКУ лічыцца крыху “жоўтым” медыя, у яго аўдыторыі ёсць запыт на якасныя матэрыялы на жаночую тэму. Людзі пачалі чытаць і цікавіцца гэтым, — гаворыць Яўгенія Доўгая.

    Гучна казаць пра жаночы вобраз у грамадстве і праблемы жанчын спрабуе Міжнародны тэатральны праект Homo­Cos­mos. Ён вядомы пастаноўкамі на тэмы дыскрымінацыі, адносінаў, хатняга гвалту ды іншыя сацыяльныя праблемы.

    PR-менеджарка праекту Маргарыта Прохарчык падкрэслівае, што важна ўздымаць табуяваныя тэмы, прыцягваць да іх увагу, прымушаць грамадства задумвацца.

    — Галоўным ў спектаклі заўсёды выступае чалавек. Нашы тэатральныя пастаноўкі тычыцца ў тым ліку і гвалту, таго, што важна не замоўчваць гэтую тэму.

    Мы праводзілі ананімнае анкетаванне і 30% нашых гледачоў прызналіся, што ў дачыненні да іх адбываўся гвалт.

    Традыцыйна пасля спектакля ёсць дыскусія, многія людзі плачуць, калі бачаць гэтыя сітуацыі на сцэне, згадваюць свае. А СМІ ж часта не заўважаюць такіх праблем, — гаворыць Маргарыта.

    — Здараецца, што з’яўленне жанчын у медыя робяць іх яшчэ больш уразлівымі, — заўважае Ірына Саламаціна. — Паказальна, што жанчын у інтэрв’ю часта пытаюць не пра працу, дасягненні, а пра любімую страву, хатнія справы, выхаванне дзяцей.

    — Які вобраз жанчын нам ствараюць медыя? Па-першае, прыгожая, па другое, разумная. Стэрэатыпна ў СМІ ствараецца вобраз, што пасля працы жанчына павінна прыйсці дадому і гатаваць вячэру, — гаворыць Вольга Кавалькова, хоць і прызнаецца, што ў яе асабіста журналісты ніколі не пыталі пра любімую страву ці хатнія справы.

    Мадэратарка дыскусіі Марыя Малевіч задаецца пытаннем, чаму слова “феміністка” часта ўжываецца ў адмоўным значэнні і выклікае негатыўнае стаўленне?

    — Негатыўнае стаўленне з’яўляецца, бо ёсць жанчыны, якія сапраўды змагаюцца за правы. А ёсць тыя, хто спрабуе на гэтым хайпануць і выклікаюць негатыў, — мяркуе прадстаўніца тэатральнага праекту Homo­Cos­mos.

    Але журналістка Kyky.org Яўгенія Доўгая з гэтым не пагаджаецца.

    — Мне вельмі смешна чуць, калі пра феміністак кажуць, што яны ненармальныя. Давайце прыгадаем суфражыстак, з якіх пачыналася барацьба за жаночыя правы. Яны для прыцягнення ўвагі кідаліся пад коней, рабілі пагромы вітрын — усё, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.

    Я лічу, што кожная жанчына — феміністка. Ніхто з нас, думаю, не адмовіцца сёння ад права на ўласнасць, права выбіраць сваю прафесію і тое, з кім ствараць сям’ю.

    Мне падаецца, праблема ў тым, што ў Беларусі жанчынам не хапае свайго медыя. У Расіі дзяўчаты ўзялі і стварылі Won­derzine. А ў нас такім сябе заяўляе толькі “Наша Ніна”, хаця ўсё роўна застаецца “жоўтай”.

    — А ці ёсць надзея, што медыя ў Беларусі калісьці пачнуць пісаць гендарна нейтральныя тэксты і грамадства гэта зразумее? — задаецца пытаннем Марыя Малевіч.

    Ірына Саламаціна перакананая, што ўжо сёння ёсць прагрэс:

    — Я бачу, што ў любым выданні ёсць прасунутыя журналісты. Праўда, гэтыя журналісты працуюць хутчэй насуперак, а не дзякуючы ўмовам. Беларускія медыя не распавядаюць нам пра свае ўнутраныя стандарты. Але ўжо наяўнасць такіх  журналістаў дае надзею. Тым больш, што паняцце “медыя” сёння — гэта ўжо не толькі СМІ, — перакананая экспертка.

    — Мне падаецца, важна, каб журналісты пісалі не проста пра праблемы. Важна, каб журналісты не забываліся згадаць, што заяўнікамі судовага працэсу супраць завода, напрыклад, былі жанчыны, — дадае Марыя Малевіч.

    — Тэма фемінізму вельмі-вельмі папулярная, таму сітуацыя так ці інакш будзе змяняцца. Нам проста не пазбегнуць станоўчых пераменаў. Мне падаецца, што рэпутацыйныя рызыкі сёння вельмі важныя, многія выданні, журналісты проста не могуць дапускаць сэксізм, дыскрымінацыю ці нешта падобнае ў сваіх матэрыялах, не зважаць на стандарты прафесіі, — далучаецца да аптымізму Саламацінай журналістка Kyky.org Яўгенія Доўгая.

    — А я мяркую, каб дамагчыся поспеху, мы не павінны ўвесь час казаць “мы такія, а яны такія”. Важна, каб у медыя, у школе, у сям’і фармаваўся вобраз таго, што жанчыны і мужчыны — роўныя, — рэзюмуе Маргарыта Прохарчык.

    Фота Вольга Хвоін

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці