Колькі каштуе памяць пра ахвяраў Слуцкага гета? Піша журналістка Зінаіда Цімошак
Каля помніка ахвярам Слуцкага гета ўскладзены, напэўна, найдаражэйшы букет у свеце. І яго кошт, імаверна, працягне расці. Як дорага абыдуцца случчанам ускладзеныя кветкі каля гета?
Некаторыя случчане ўсур’ёз абмяркоўваюць, што хутка назва правінцыйнага Слуцка з’явіцца ў кнізе рэкордаў Гінэса. Бо занадта дорага каштуе тут ускладанне кветак каля помніка ахвярам Халакосту.
Палічым разам. За 8 хвілін ускладання кветак каля помніка ахвярам Слуцкага гета без дазволу райвыканкаму 21 кастрычніка судом Слуцкага раёна 26–27 кастрычніка пакараныя шасцёра чалавек.
Я адсядзела перад судом трое сутак у слуцкім ізалятары. Адны суткі адсідкі ў слуцкім ізалятары каштуюць 13 рублёў. За трое сутак вымалёўваюцца 39 рублёў. Атрымала штраф у 40 базавых велічынь — 1080 рублёў.
Юрый Азёрны — сядзіць у слуцкім ізалятары. Гуманны слуцкі суд не пашкадаваў адпусціць яму 9 сутак адпачынку. Кошт адсідкі абыйдзецца ў 117 рублёў.
Андрэй Крот заплаціць кошт ізалятара памерам у 26 рублёў, да гэтай сумы дададзім велічыну штрафа ў 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Ірыне Крот 8 хвілін ускладання кветак абыйдуцца ў 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Юрый Гароднік: 13 рублёў за ізалятар, 25 базавых велічынь (675 рублёў).
Насця Шуба — 25 базавых велічынь (675 рублёў).
Такім чынам, агульны кошт штрафаў і адсідак складзе 3995 рублёў. Прысутнічалі пры ўскладанні кветак прыкладна 12 чалавек, і кожны з іх таксама заплаціў грошы кветкавай краме. У кагосьці быў сціплы букецік коштам да 10 рублёў, хтосьці раскашэліўся больш. Калі нават браць сярэдні памер кошту букецікаў у 8–10 рублёў, да агульнай сумы можна ўпэўнена дадаць каля 100 рублёў.
Перадачы ў СІЗА, страчаны заробак у Яўгена Азёрнага і ў некаторых іншых таксама каштуюць нямала грошай, якія цяжка палічыць. Дадзім яшчэ сюды кошт юрыдычных паслуг прысутнасці адваката ў судзе ў двух чалавек, далейшыя юрыдычныя паслугі пры абскарджванні прысуду ў Мінскім абласным судзе для шасцярых чалавек, магчыма, і ў Вярхоўным судзе — можна смела дадаць яшчэ каля тысячы рублёў — калі не больш.
Атрымліваецца, агульная сума кошту ўскладання кветак — каля 6000 рублёў, што складае 2336 амерыканскіх долараў па сённяшнім курсе. В‑е-е-е-льмі дарагі букецік паклалі ахвярам гета случчане!
Дык каб жа ахвярам… А калі гэтыя грошы пойдуць на ўзбраенне і амуніцыю тых, хто плодзіць новых ахвяр?
Адно можна дадаць: заробак на ўскладанні кветак і падобных гуманітарных культурных мерапрыемстваў — вельмі нядрэнны від бізнесу для дзяржавы ў перыяд адсутнасці інвестыцый звонку. Падобны на сярэднявечны гандаль індульгенцыямі на адпушчэнне грахоў, але з непамернымі сумамі штрафаў і адсідкамі на турэмных шконках.