«Кніжны Воз»: тэрапія казкамі для дзяцей і дарослых
Казачныя гісторыі – гэта не проста забава для дзяцей, але і тэрапія для дарослых, – запэўнівае сузаснавальніца праекту аўдыёкніг «Кніжны Воз» Крысціна Дробыш.
Мова Гомель пагаварыла з Крысцінай пра тое, як паўстаў праект «Кніжны Воз», які сёння ўжо надзвычай папулярны, чым парадуе ў бліжэйшыя месяцы, а таксама пра тое, хто адбірае кнігі і агучвае іх, піша «Штодзень».
“Кніжны Воз” існуе ўжо тры гады, ён паўстаў ў 2020 годзе. Калі глянуць на гэтыя тры гады, то з чаго вы пачыналі і з чым прыйшлі на сённяшні дзень?
– Тры гады нам споўніцца дакладна ў верасні. А пачыналі мы абсалютна з нічога. Была толькі адна кніжка, якую мой калега, сузаснавальнік “Кніжнага Воза” меў дома, і якая падабалася яго дзецям, і была я, якая да таго часу ніколі не начытвала кніг. І ўсё. З жадання ў прынцыпе ўсё пачалося, з жаданне штосьці зрабіць беларускае для дзяцей, каб у іх была магчымасць ведаць і чуць беларускую мову. А цяпер мы маем амаль 200 гадзін запісаў, і гэта таксама кнігі іншых праектаў. Мы супрацоўнічаем з праектам “Кніжны рысь”, які дае нам свае кнігі на публікацыю, таксама з праектам “Бэйбус”, які робіць анімаваныя вершы Андрэя Скурко, у нас ёсць і музычная частка, і калісьці легендарны праект “Народныя казкі для дзетак”, які зрабіў Алег Хаменка. Шмат усяго. Мы змаглі не толькі запісаць свае кнігі, але і прыцягнуць сваіх сяброў да нас. Мы нават маем кнігі, якіх яшчэ ніколі не было ў друкаваным варыянце. Будзем хутка выпускаць “Шэрлака Холмса”, адна з частак якога толькі што была перакладзеная, і чыталі яе пакуль толькі перакладчыцы і мы. Таму я лічу, што гэта вельмі шмат.
Вы сказалі, што на пачатку была адна кніжка, і гэта была…
– “Прыгоды мышкі Пік-Пік”.
Гэта голас, па якім вас, напэўна, найперш пазнавалі і пазнаюць у гэтым праекце?
– Вось ведаеце, тут ёсць цікавая рэч. У майго сына, дарэчы, гэта любімая казка. І ён не пазнаў, што гэта я чытаю. Слухаў, слухаў доўга. Я пытаю, ці ён ведае, хто гэта чытае, а ён адказвае, што “не‑а”. Цікава… Таму не пазнаюць, бо ў жыцці іншы голас так ці іначай, чым у кніжках.
Больш за 60 кніжак маеце ўжо для праслухоўвання, але я б не сказала, што “Кніжны Воз” – гэта толькі для дзяцей, там жа і для дарослых шмат цікавага ёсць?
– Адназначна. Дзеці – гэта ж не толькі ў маленстве, гэта ж розныя ўзросты. У нас таксама ёсць і падлеткавыя кнігі, хоць такой літаратуры для падлеткаў вельмі мала, але яна ёсць. Больш за тое, калі я размаўляла з дарослымі, бацькі нам таксама пісалі, што ім самім цікава слухаць. Я вось знайшла такі тэрмін новы “казкатэрапія”. Ёсць такое меркаванне, што казкі і казачныя гісторыі дзейнічаюць на псіхіку як тэрапеўтычная рэч. Вось, да прыкладу, “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”, там шмат гумару ёсць для дарослых, а дзеці яго яшчэ не могуць счытаць. Такое двайное дно.
Чытайце яшчэ:
«На предмет пророссийской тематики». БАЖ представляет методологию мониторинга ТВ-каналов
«Зняволеныя журналісты церпяць за прафесію». Пра што гаварылі прадстаўнікі БАЖ падчас анлайн-марафона салідарнасці
Поспех марафону «Нам не ўсё адно!» нагадаў пра дылему, перад якой стаяць лукашысты