Кнігу Зянона Пазняка адабралі на мяжы. Правяраюць на «экстрэмізм»
Кнігу Зянона Пазьняка «Цяжкі час» (частка 2) беларускія мытнікі забралі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў грамадзкага актывіста Віктара Кулака.
Гэта адбылося 23 верасьня на памежным пераходзе «Новая Гута», куды Віктар Кулак прыехаў на аўтамабілі пасьля паездкі ў Чарнігаў. Актывіст распавёў Свабодзе абставіны затрыманьня кнігі.
Падчас агляду аўтамабіля кнігай зацікавіўся мытнік, пагартаў і сышоў, а потым прыйшлі адразу 6 супрацоўнікаў мытні і памежнікаў.
«Яны забралі кнігу і пачалі на яе складаць розныя дакумэнты. У выніку мне ўручылі 3 паперы, сярод іх акт агляду кнігі і паведамленьне аб забраньні кнігі з накіраваньнем яе на экспэртызу наконт прызнаньня экстрэмісцкай літаратурай. Дакумэнты падпісаў інспэктар мытнай службы Аляксей Пакрэпа. Мне было сказана, што на экспэртызу пойдзе 20 дзён», — распавёў Віктар Кулак.
Кнігу Зянона Пазьняка «Цяжкі час» Кулаку падараваў знаёмы з Украіны. Кніга — збор артыкулаў Зянона Пазьняка з 1996 па 2002 гады на тэмы ўнутранай палітыкі і расейска-беларускіх дачыненьняў.