Кніга памяці Паўла Шарамета створаная ў Прэс-клубе
Сябры, усе кто памятаюць Паўла і сумуюць па ім, пакіньце, калі ласка, свае цёплыя словы ў Кнізе памяці. Па меры дасылання будзем таксама дадаваць іх унізе гэтага матэрыялу, заклікае беларускі Прэс-клуб.
Даўні сябра і партнёр Прэс-клуба загінуў ад выбуху ў машыне сёння, 20 ліпеня, у Кіеве.
Павел двойчы быў у журы міжнароднага конкурса для журналістаў, якія пішуць пра нашу краіну для замежных медыя, «Беларусь у фокусе». Гэта не самая простая праца – трэба было прачытаць і ацаніць каля 60 артыкулаў, большасць з іх на ангельскай мове. За гэтую працу не плацілі грошаў, матыў мог быць толькі адзін – карысць для краіны. Самы строгі сябра журы — пільнаваў, каб не перамагалі артыкулы са стандартным і стэрэатыпным успрыняццем Беларусі.
Прэс-клуб глыбока смуткуе з прычыны трагічнай смерці Паўла Шарамета і выказвае спачуванні родным і блізкім.
Мы стварылі Кнігу памяці Паўла. Запрашаем вас сёння ці ў любы іншы дзень у Прэс-клуб (вул.Веры Харужай 3–601), каб разам успомніць Паўла, пакінуць свае ўспаміны пра яго. Вы таксама можаце даслаць свае нататкі для Кнігі на адрас press-club@press-club.by з пазнакай «Шарамет». Праз месяц мы перадамо гэтую Кнігу маме Паўла.
Павел Шарамет быў заснавальнікам «Беларускага партызана». Супрацоўнічаў з беларускім тэлебачаннем, радыё 101.2, быў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты», уласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі.
За здымкі рэпартажа пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы ў ліпені 1997 года быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Выйшаў на волю толькі пасля асабістага ўмяшання прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына, правёўшы ў заключэнні тры месяцы.
Апошнія гады Шарамет жыў у Кіеве — працаваў у «Украінскай праўдзе», быў вядучым на радыё «Весці».