Кніга “Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь” можа стаць ментарам для кожнага журналіста
У Мінску прэзентавалі дапаможнік “Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь”. Аўтарамі шведскай версіі з’яўляюцца вядомыя еўрапейскія журналісты-фрылансеры Мікаэль Бэрглінг і Фрэдрык Нэйман. З беларускага боку да іх далучыўся юрыст ГА "БАЖ" Аляксандр Жук, які прафесійна займаецца пытаннямі заканадаўства аб СМІ.
— Беларуская асацыяцыя журналістаў даўно займаецца ўсебаковай падтрымкай журналістаў-фрылансераў і наогул самога прынцыпу працы ў фрылансе. Хоць, калі мы толькі пачыналі кампанію, слова “фрылансер” — было незразумелым нават некаторым калегам, даводзілася тлумачыць яго сэнс. Але зараз пра тое, хто такія фрылансеры, ведаюць нават многія чыноўнікі, — гаворыць каардынатар кампаніі БАЖ “За фрыланс!” Таццяна Бублікава.
— Медыяюрысты БАЖ некалькі раз накіроўвалі ў парламент нашы прапановы аб легалізацыі статуса журналістаў-фрылансераў. Пакуль гэтыя прапановы адкідаліся ўладамі, але мы не губляем надзею, — дадае сябра рады арганізацыі Андрусь Клікуноў.
— Кніга Frilans handboken у шведскай версіі выйшла два гады таму, але сёння яна становіцца надзвычай актуальнай для Беларусі. Асабліва ў святле падзеяў 25 сакавіка, пасля якіх многія журналісты ізноў вымушаныя ўзгадаць пра юрыдычную абарону. Пра гэта таксама ідзе размова ў выданні, — гаворыць адзін з аўтараў, журналіст са шматгадовым і рознабаковым досведам Фрэдрык Нэйман.
— Калі журналіст пачынае працаваць фрылансерам, яму важна мець добрага настаўніка, ментара. Кніга “Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь” можа стаць такім ментарам для кожнага журналіста. У кнізе мы таксама расказваем пра тое, што добра быць журналістам агульнага профілю, але яшчэ лепш разбірацца ў нейкіх вузкіх галінай, праблемах ці сферах. Калі фрылансер знаходзіць сваю нішу, ён можа стаць амаль манапалістам ці вельмі дасведчаным экспертам у гэтай тэме. Зразумела, што менавіта да такога журналіста будуць звяртацца па матэрыялы ў дадзенай тэматыцы, — дадае Нэйман.
— Кніга “Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь” — інструментальны дапаможнік па тым, як быць паспяховым фрылансерам ва ўсіх сэнсах. Як быць журналістам і прадпрымальнікам, ведаць свае правы і ўмець імі карыстацца. У кнізе падрабязна распавядаецца, як пабудаваць правільную сістэму, каб праца стала для “журналіста-адзіночкі” прыбытковай. Выданне змяшчае ў сябе і практычныя парады журналістаў з вялікім досведам датычна страхавання, кіравання фінансамі, эканомікі фрылансу, — адзначае Мікаэль Бэрлінг, вядомы шведскі журналіст, якія раней працаваў у друкаваных выданнях і інфармацыйных агенцтвах. — Ва ўсім свеце ў апошнія гады наклады друкаваных выданняў зніжаюцца, людзі ўсё больш навінаў і меркаванняў чытаюць у інтэрнэце. Істотна скарачаецца і колькасць штатных журналістаў. Медыя зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з фрыласерамі. Многія сённяшнія студэнты-журналісты ў Швецыі ўжо дапускаюць, што ім ніколі не давядзецца працаваць у штаце.
«Канешне, фрыланс — гэта свабода выбару. Ты можаш пісаць маленькія артыкулы для аднаго выдання і вялікія гісторыі — для іншага, займацца зусім рознымі тэмамі, рабіць радыёперадачы і нават здымаць фільмы. Самае галоўнае — вырашыць для сябе, што ты будзеш рабіць, у якім фармаце. І навучыцца гэта рабіць вельмі добра», — адзначае журналіст Мікаэль Бэрлінг.
Трэці ж раздзел кнігі “Фрыланс у масмедыя: Швецыя – Беларусь” напісаны юрыстам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандрам Жуком і тычыцца заканадаўчых аспектаў працы беларускіх фрылансераў.
— Чатыры гады таму я рыхтаваў аналіз заканадаўства для яшчэ аднаго падобнага выдання. І мушу канстатаваць: беларускае заканадаўства настолькі дынамічнае, што за тры гады прыкладна 30 % момантаў ужо састарэлі.
І нават у цяперашняй нашай сістэме з’явіліся механізмы для абсалютна легальнай працы журналіста-фрылансера. Ёсць нават адпаведныя віды дзейнасці ў класіфікатарах.
Я пастараўся сабраць найбольш інфармацыі пра асаблівасці працы ў Беларусі: падаткі, легальны статус, пенсійныя адлічэнні і гд. І падчас працы над кнігай я адчуў, што фрылансу ў маёй працы з кожным днём станавілася болей і болей, — жартуе юрыст.
Дапаможнік “Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь” можна бясплатна атрымаць ў офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Фота Таццяны Ткачовай
“У Швецыі любы чалавек можа назвацца журналістам і пачаць зарабляць…”