Кіраўнік праўладнага саюза журналістаў цынічна заявіў, што Беларусь — “самая бяспечная краіна для СМІ”
За кратамі ва ўмовах беспрэцэдэнтнага прэсінгу застаюцца тры дзясяткі прадстаўнікоў беларускіх медыяў. Агулам за апошнія два гады па адміністрацыйных і крымінальных артыкулах па ўсёй краіне затрымалі і пакаралі сотні журналістаў, многія з прычыны пераследу вымушана выехалі за мяжу. Пры гэтым у прафесійнай суполцы афіцыйнай прапаганды заяўляюць: Беларусь – ледзь не рай для “чацвёртай улады”.
Старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў, гендырэктар дзяржаўнага інфармагенцтва “Мінск-Навіны” Андрэй Крывашэеў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” пахваліўся, што за апошнія чвэрць стагоддзя пры выкананні сваіх службовых абавязкаў у краіне не загінуў ніводзін журналіст. Чым не могуць пахваліцца суседзі, таму, маўляў, “ёсць чым ганарыцца”.
Па-першае, калі апусціць маштабны ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны – з ахвярамі ў тым ліку сярод журналістаў – суседнія Латвія, Літва, Польшча ніяк не нагадваюць арэну баталій са смяротнымі выпадкамі. Акрамя таго, толькі ў Беларусі і Расіі рэдакцыі незалежных СМІ пераследуюць за альтэрнатыўную пазіцыю і кідаюць за краты.
Па-другое, у 2020 годзе менавіта Беларусь праз беспрэцэдэнты гвалт сілавікоў стала сапраўднай “гарачай кропкай” на еўрапейскай мапе – за выкананне прафесійных абавязкаў журналістаў затрымлівалі, збівалі, нават стралялі ва ўпор з траўтамычнай зброі. У выніку камізэлька з надпісам “Прэса” стала не абярэгам, і мішэнню.
На дзіва, кіраўнік афіцыйнага саюза журналістаў нічога гэтага не памятае, хоць пасля хвалі пазбаўлення эмзээсаўскіх акрэдытацый сціпла абяцаў, што ягоная суполка паспрабуе дапамагчы калегам адаптавацца да новых рэалій. Выглядае, не атрымалася.
Да таго ж, за прамінулы час функцыянер ад журналістыкі больш заклапаціўся не ўнутранымі праблемамі, а глабальнымі. У прыватнасці, ён шакаваны планамі калектыўнага Захаду паставіць пад удар беларуска-расійскую прапаганду.
“Блакаванне акаўнтаў асобных беларускіх журналістаў, практычна непрыхаваныя заклікі да забойства па нацыянальнай прыкмеце (усіх, дапусцім, рускіх). Раней гэта лічылася фашызмам, нацызмам, ксенафобіяй. Сёння ў Еўрасаюзе на гэта практычна заплюшчваюць вочы. У гэтай новай «нармальнасці» (або «ненармальнасці»), якую нашы заходнія калегі выбудавалі, яны як за каменнай сцяной. Могуць проста заплюшчваць вочы, не рэагаваць на падрыхтоўку забойства нашага калегі (верагодна, гаворка пра распіяраны “замах” на прапагандыста Рыгора Азаронка – БАЖ) ды кіраўнікоў найбуйнейшых беларускіх медыяхолдынгаў”.
Паколькі прыклады звядзення рахункаў з кіраўнікамі дзяржаўных медыяхолдынгаў пад рукой не знайшліся, Андрэй Крывашэеў зноў пераключыўся на “саюзную дзяржаву” – тэрарыстычны акт супраць журналіста і палітолага Дар’і Дугінай. І зрабіў з гэтага выснову.
“Вы бачылі рэакцыю Міжнароднай федэрацыі журналістаў, Еўрапейскай федэрацыі журналістаў на гэтае крывавае забойства? Яны абышліся нейкімі дурнымі фармулёўкамі пра тое, што бацька Дар’і – набліжаны да Пуціна філосаф. І што? На гэтай падставе можна забіваць праз тэрарыстычны акт яго дзіця? Вы да чаго заклікаеце? Калі дапускаеце такую магчымасць, значыць, любы журналіст, які ўваходзіць у Міжнародную ці Еўрапейскую федэрацыю журналістаў, на такіх жа падставах можа быць пакараны? Ці як?”.
Акрамя таго, дзяржаўны службоўца паразважаў аб “прыродзе фэйкаў” на прыкладзе масавых пратэстаў 2020 года.
“Калі прайшла асноўная хваля эмоцый, людзі пачалі азірацца і задумвацца: «Што ж было насамрэч?». Але ці лёгка чалавеку прызнаць сваю памылку? Галоўны стоп-кран ва ўсведамленні таго, што табой маніпулявалі, напампавалі эмоцыяй, адправілі разбураць уласную дзяржаву (маглі пацярпець твае дзеці, каб адбыўся пераварот), з’яўляецца якраз вось гэты ўнутраны псіхалагічны фактар. Гэта значыць, чалавек павінен спыніцца, задумацца і прызнаць, што ён быў ахвярай маніпуляцый, што ім круцілі, як балванчыкам. Прызнаць такое вельмі складана. Чалавек знойдзе сотні апраўданняў, ускладзе віну на дзяржаву, на журналістаў, на ідыёлагаў, на дэпутатаў, на прэзідэнта – толькі не на сябе”.
Як падсумаваў Андрэй Крывашэеў, беларуская дзяржава шмат робіць дзеля “зняцця ўнутранага псіхалагічнага канфлікту”, дапамагаючы “аблудным грамадзянам” пераадолець у сабе ўнутраны дысананс. Праўда, не ўдакладніў, якім менавіта чынам – хіба масавымі рэпрэсіямі і татальным пераследам за іншадумства.
Чытайце яшчэ:
Силовики задержали журналистов Александра Лычавко и Снежану Инанец
Фігурантаў справы БелаПАН засудзілі на значныя тэрміны зняволення – ад 4 да 14 гадоў
«Праўда — яна адна». Апошняе слова галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай