Кіраўнік малдоўскага «Спутніка», якога выгналі з краіны, аказаўся афіцэрам ГРУ
Кіраўніка прапагандысцкага выдання «Спутнік Малдова» Віталя Дзянісава 13 верасня выдварылі з краіны праз падазрэнні ва ўмяшальніцтве ў яе ўнутраныя справы. Журналісты высветлілі, што ён кадравы расійскі афіцэр, са спасылкай на The Insider піша «Наша Ніва».
Як сцвярджае The Insider, Дзянісаў — супрацоўнік 72-га цэнтра спецыяльнай службы (вайсковая часць ГРУ №54777). Цэнтр у інтарэсах ГРУ займаецца інфармацыйнымі ўкідамі і дэзынфармацыяй замежнай аўдыторыі.
Адметна, што Дзянісаў нарадзіўся ў Закарпацкай вобласці Украіны і вучыўся ў Львоўскім вайскова-палітычным вучылішчы. У 1992 годзе ён адмовіўся прымаць прысягу ва Украіне і разам з іншымі адмоўнікамі з вучылішча перабраўся ў Маскву. Там яго пасялілі ў афіцэрскім інтэрнаце недалёка ад штаб-кватэры Галоўнага разведвальнага ўпраўлення.
Па звестках The Insider, некаторы час Дзянісаў працаваў у газеце Мінабароны РФ «Красная звезда», дзе ў асноўным асвятляў дзейнасць ПДВ. У 2013 годзе Дзянісаў працаваў у Галоўным следчым упраўленні Маскоўскай вобласці. Журналісты не здолелі высветліць, чым ён там займаўся.
Са Следчага камітэта Дзянісаў перайшоў у 72‑і цэнтр спецыяльнай службы. У 2016 годзе яму прысвоілі званне палкоўніка ПДВ, а ў 2019‑м прызначылі галоўным рэдактарам «Спутніка» ў Паўднёвай Асеціі. Пасля гэтага ён узначаліў радыёстанцыю ў Баку, а ў 2022 годзе пераехаў у Кішынёў.
Чытайце яшчэ:
Кіраўніка прапагандысцкага рэсурсу Sputnik Малдова дэпартавалі з Малдовы
«У Грузіі пакуль нікога з незалежных журналістаў не пасадзілі, але, баюся, ключавое слова «пакуль»», — рэдактарка Sova.news Марта Ардашэлія
Главред Reform.by: журналистика — это иммунитет нации