Кіраўнік барысаўскай суполкі ГА «БАЖ» накіраваў скаргу ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт
Прадметам скаргі стаў адказ намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Леаніда Вароніча на зварот Аляксандра Зянкова з просьбай патлумачыць умовы атрымання журналістамі акрэдытацыі пры выканкаме, падначаленых яму службах і структурных падраздзяленнях.
«Акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раёне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 427‑З “Аб сродках масавай інфармацыі. Пры неабходнасці акрэдытацыі журналістаў пры Барысаўскім райвыканкаме ствараецца адпаведнае палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі. У выпадках адсутнасці вышэйназванага палажэння журналісты сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”, — паведаміў чыноўнік.
Атрыманы адказ кіраўнік бажаўскай суполкі Аляксандр Зянкоў лічыць няўцямным. Бо з яго нельга зрабіць дакладнай высновы пра наяўнасць або адсутнасць пры Барысаўскім райвыканкаме палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў СМІ. Таксама не зразумела, ці то ствараецца такое палажэнне кожны раз “пры неабходнасці акрэдытацыі журналістаў”, ці то райвыканкам акрэдытуе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб СМІ. Закон “Аб сродках масавай інфармацыі” наўпрост указвае, што акрэдытацыя журналістаў СМІ адбываецца ў парадку, вызначаным дзяржаўнымі органамі і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія арганізуюць мерапрыемствы (артыкул 35).
Зянкоў просіць Мінскі аблвыканкам прапанаваць Барысаўскаму райвыканкаму распрацаваць палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў пры выканкаме і падначаленых яму структурах.