Кіраўнік адкрытай тэлевізійнай сеткі Германіі: Калі патрыятызм ператвараецца ў нацыяналізм — гэта першы крок да агрэсіі
Адукацыйна-асветніцкі праект "Медыядыялог дзеля дэмакратыі і міру" падтрымліваецца Міністэрствам замежных спраў Германіі. ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" — партнёр праекта ў нашай краіне.
Каардынатар "Медыядыялогу" доктар Вольфганг Рэсман — менеджар OK-TV Ludwigshafen, грамадскі дзеяч, палітык і кіраўнік адкрытай тэлевізійнай сеткі ў Германіі — распавёў пра свае назіранні за працэсам пераменаў у краінах з прасторы постСССР, а таксама чаму яго сям'ю навучыла Другая сусветная вайна.
— Праект “Медыядыялог дзеля дэмакратыі і міру” мае на мэце развіццё сувязяў Германіі з краінамі Усходняй Еўропы. Украіна ўдзельнічае ў гэтым праекце з 2015 года, Беларусь з 2016 года, Грузія і Арменія — з 2018 года. Праект скіраваны на эканамічнае развіццё, дэмакратыю і, вядома, на ўрэгуляванне канфліктных сітуацый, такіх як вайна ва Украіне, замарожаныя канфлікты ў Грузіі і Арменіі. Мы вучым гэтаму маладых журналістаў.
Удзельнікі праекта: студэнты, выкладчыкі, мастакі, журналісты працуюць у адной камандзе. Давер і сяброўства — галоўны складнік праекта, і тое, што мне асабіста як чалавеку вельмі падабаецца!
Беларусь — адзіная з цяперашніх краін-удзельніц праекта з постСССР, дзе няма ўзброеных канфліктаў. У Беларусі адбываюцца змены ў грамадстве, з ёй таксама трэба супрацоўнічаць. З беларускіх арганізацый мы цяпер супрацоўнічаем толькі з Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Маладыя журналісты з Беларусі, якія ўдзельнічалі ў нашым медыяпсіхалагічным праекце на працягу гэтых гадоў, пакінулі пра сябе самыя лепшыя ўражанні, яны сапраўдныя профі.
— Ці разглядаеце магчымасць правесці ў Беларусі сустрэчы ў межах праекта?
— Мне вельмі падабаецца гэтая ідэя, я хацеў бы правесці канферэнцыю ў Беларусі, тым больш, гэта пляцоўка для перамоваў па ўрэгуляванню канфлікту на ўсходзе Украіны. Краіна з такім іміджам падыходзіць для нашага праекта. Але гэта залежыць не толькі ад мяне і нямецкага боку, але і ад нашых партнёраў у Беларусі.
— Вольфганг, ці былі вы ў Беларусі?
—Я наведваў Беларусь вельмі даўно, гэта было яшчэ ў часы СССР і«жалезнай заслоны». Мне б вельмі хацелася вярнуцца і паглядзець, што змянілася за гэтыя гады. Я дагэтуль памятаю пра візіт у Хатынь, якое моцнае ўражанне зрабіла на мяне гэтае месца.
— Вы згадалі пра антываенныя мэты праекта. Што для вас вайна?
— Вайны трэба пазбягаць любымі сродкамі, гэта самае горшае, што можа адбыцца як для краіны, так і для яе насельніцтва. Яна разбурае эканоміку, інфраструктуру, будучыню, калечыць чалавечыя лёсы. Еўропа павінна любымі сродкамі пазбягаць вайны, і мы павінны думаць, як вырашыць канфлікты мірным шляхам.
Тое, што Нямеччына зрабіла падчас Другой сусветнай вайны ва Усходняй Еўропе, неймаверна і жудасна. І мэта «Медыядыялогу дзеля дэмакратыю і міру» тут, на Усходзе, не паўтарыць жахі вайны. Паўтаруся, вайна — гэта самае горшае, што можа здарыцца з чалавецтвам.
— Кім былі вашы продкі падчас гэтай вайны?
— Адзін з маіх дзядоў, быў камуністам, другі быў габрэем. Абодва перажылі нацысцкі рэжым. Мой бацька быў простым нямецкім салдатам падчас гэтай жудаснай вайны.
Многія з маіх габрэйскіх сваякоў былі забітыя нацыстамі, хоць яны і былі грамадзянамі Германіі.
Напрыклад, адна з маіх прабабуль была забітая нацыстамі ў канцлагеры Тэрэзіенштадт у 1943 годзе ва ўзросце 77 гадоў. Гісторыя сям’і паўплывала на мае антываенныя перакананні. Я з дзяцінства ведаю, што вайна гэта дрэнна і што фашызм — ідэалогія смерці.
Мой бацька падчас Другой сусветнай вайны быў ў Францыі. А мой дзед у часы Першай сусветнай вайны змагаўся ў Вердэне (Францыя). Ніхто з маіх родзічаў не быў у тыя трагічныя гады на Усходзе.
— Ці сутыкаліся вы асабіста як чалавек з праявай агрэсіі ў сучасным свеце?
— Мне пашчасціла, што агрэсія не мела рэальнага шанцу ў Еўропе пасля 1945 года, за выключэннем жорсткай грамадзянскай вайны ў былой Югаславіі. У мяне ёсць некалькі сяброў, якія сталі ахвярамі той вайны — бежанцамі або былі параненыя.
Калі патрыятызм ператвараецца ў нацыяналізм — гэта першы крок да агрэсіі.
Патрыятызм азначае, што людзі з’яўляюцца апорай сваёй краіны, нацыяналізм — што ўласная краіна больш каштоўная за іншыя. Гэта не пытанне Усходу і Захаду. Мы ўсе павінны прыняць адзін аднаго і знайсці рашэнні, калі з нечым не згодныя,”на ўзроўні вачэй”. Нацыяналізм у гэтым сэнсе небяспечны для мірнага выбудоўвання адносінаў паміж народамі.
— Давайце пагаворым пра журналістыку, можаце згадаць цікавыя гісторыі з практыкі?
— У школе я пачаў пісаць для студэнтаў рэфераты. Тады я вывучаў паліталогію і эканоміку, і СМІ былі адным з маіх галоўных кірункаў. А ў далёкім 1984‑м я быў сузаснавальнікам прыватнай радыёстанцыі. З 2007 года і па сёння я з’яўляюся менеджарам OK-TV Ludwigshafen.
Аднойчы я зрабіў вельмі незвычайнае тэлевізійнае інтэрв’ю з прафесійнай танцоркай з Японіі. Замест таго, каб гаварыць, яна танчыла вакол мяне. Гэта было весела для гледачоў, але няпроста для здымачнай групы.
— У 1986 годзе я прыняў удзел у спецыяльным цягніку з нямецкага горада Шпейер у Мінск, Маскву і Санкт-Пецярбург з 400 нямецкімі ўдзельнікамі. Арганізаваная паездка была сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі. У той час гэта была незвычайная падзея. Мы ўскладалі вянкі ля Брэсцкай крэпасці, быў мітынг памяці. Пазней былі сустрэчы ў Крамлі, гаварылі пра адносіны паміж СССР і Еўропай. Гэта былі першыя крокі па пераадоленні заслоны.
Гэта быў час, калі атамныя бомбы пагражалі Еўропе на ўсходзе і захадзе. Час пераменаў — Перабудова, галоснасць, разам з тым былі бачныя і вялікія праблемы ў савецкай эканоміцы.
— Вы часта бываеце ва Украіне. Ці назіраеце нейкія змены ў гэтай краіне?
— Многае змянілася. Мы пачалі свой праект у 2015 годзе, неўзабаве пасля рэвалюцыі на Майдане, пачатку вайны ў Данбасе, акупацыі Крыма. Большасць людзей — гэта маё ўражанне — хоча міру, дэмакратыі і паспяховай барацьбы з карупцыяй. Украіна знаходзіцца на добрым шляху, я спадзяюся на дэмакратыю і эканамічны рост.
Цяпер усім дзяржавам нашага кантынента трэба пераадолець новую “халодную вайну” паміж Расіяй і Заходняй Еўропай. Агульны еўрапейскі дом павінен стаць рэальным. Гэта будзе працяглы працэс, але, думаю, усё магчыма. Спадзяемся, што зможам прыцягнуць і расійскіх журналістаў да ўдзелу ў берлінскім этапе нашага праекта ў 2020 годзе.
Фота: Мікіта Пастухоў, Міно Андрыоціс.