Кілька для батрака-мусульманіна
Увесь свет азлобіўся на мусульманаў. Я чытаю, што пра іх пішуць па той бок МКАДа, і ўзгадваю свайго парабка Мрата.
Ён зваліўся на мяне нечакана. Я, як даведаўся, што мой парабак — мусульманін, займеў клопат чым яго карміць. Усе мае запасы сала на такі выпадак сталі безгустоўнымі сувенірамі. Я паставіў на агонь бульбу і пабег у краму, каб знайсці штосьці больш прыдатнае для сына пустыні. Мы з прадаўчыхай зрабілі поўную рэвізію палічак, але знайсці штосьці без свініны да бульбы было надзвычай цяжкай задачай.
— Ай, бяры каўбасу, скажаш, што з гавядзіны. Хіба ён чытаць умее?
— А хто яго ведае.
Набыў кільку ў таматным соусе. Кілька ажно трашчала за Мратавымі зубамі. Калі да вас прыедуць мусульмане, не сумнявайцеся — бярыце кільку ў таматным соусе.
Мрат пацікавіўся, як часта беларусы ядуць ялавічыну. Я ўзрадаваўся, што гутарка будзе пра нацыянальныя кухні. А ён толькі меў ідэю купіць быка, зарэзаць яго ў лесе (чамусьці менавіта ў лесе) і прадаць мяса. У Мрата не было вялікай лядоўні, каб захоўваць мяса доўга, таму яго так турбавала, ці ядуць беларусы ялавічыну.
А першае, што запытаўся ў Мрата я, што найболей клапаціла мяне, было:
— Мрат, а ў Туркменістане мухі е?
Мухі ў Туркменістане е і не меней, чым у Прудку.
Нашы размовы адбываліся на расійскай, бо беларускай мовай Мрат не валодаў. Па-беларуску ён ведаў толькі такое: «асцярожна, дзверы зачыняюцца», «наступны прыпынак» і, чамусьці, «цыбуля». Нават слова «дзякуй» для яго было новым. А «бульба» па-туркменску — «картошка», што мяне нават раззлавала.
Разам са сваімі сябрамі-аднакурснікамі ўсе чатыры гады Мрат пражыў у кокане, сапраўднага беларускага жыцця ён так і не зведаў. У Прудку ён упершыню быў у беларускай вёсцы, упершыню еў кабачкі. У мяне ён даведаўся, што ў смятану можна дадаваць цукар, каб макаць туды аладкі. Ніколі не бачыў гліну. Яго таксама здзіўляла, што можна так неахайна выкарыстоўваць драўніну, бо на яго радзіме яна каштуе вельмі дорага.
Мрат зусім не цікавіўся ні беларускай душой, ні беларускай культурай, ні нацыянальнымі змаганнем з гараваннем. Ён не спрабаваў адчуць мелодыку краіны, у якой правёў некалькі год.
Бывалі такія пытанні, якія ўводзілі мяне ў ступар. Напрыклад, каму належаць ягады ў лесе. Я адказаў, што ўсе ягады ў лесе належаць Марусі Зайчыкавай. Хто такая Маруся Зайчыкава, ён не перапытваў, бо, пэўна, адчуў, што любы адукаваны чалавек мусіць гэта ведаць, і не хацеў выглядаць невукам.
Увесь інтарэс да Беларусі абмежаваўся непрацяглай вандроўкай Мрата да кароўніка. Агледзець лес і вёску ён не заахвоціўся. У кароўніку, акрамя быкоў, Мрат з цікаўнасцю паглядаў на буслінае гняздо. Я меў маленькі спадзеў, што да буслоў Мрат мае выключна этнаграфічны інтарэс. Але які, папраўдзе, у яго быў інтарэс, я лепей расказваць не буду.
Найбольш Мрата турбавалі падзеі ў Туркменістане. Ён атрымлівае адукацыю ў Беларусі, бо на радзіме атрымаць яе амаль неверагодна праз карупцыю. Карупцыя — тая з’ява, якая клапаціла Мрата найболей. Я запытаўся, ці задаволеныя такім становішчам туркмены, ці не маюць намеру штосьці змяніць. Прывёў у прыклад Украіну і ўкраінцаў. На гэта Мрат адказаў, што меў такое ж пытанне да бацькі ў тэлефоннай размове. Бацька сказаў такую туркменскую мудрасць:
«Сын мой, усе людзі падзяляюцца на добрых, паганых і паліцыю. Хто пераможа, залежыць ад таго, чый бок займае паліцыя».
Першыя два дні я адчуваў сорам. Мне было сорамна, што чалавек прыехаў здалёк і вымушаны батрачыць на прудкаўскога маргінала-дармаеда. Што нашыя стасункі мелі іерархію «гаспадар-парабак».
Але парабак з яго быў ніякі.
— Мрат, сядзь, адпачні, — кажу яму.
Мрат у тую ж секунду ўсё кідаў і казаў мне сваё філасофскае:
— Харашо.
Рэха ад маіх слоў не паспявала астынуць у паветры, а ён ужо сядзеў на пні і адпачываў. Не здольны быў Мрат гараваць па-беларуску і атрымоўваць ад таго асалоду. Як, напрыклад, талакоўцы-беларусы, што дапамагалі мне летась.
— Злазьце са страхі, — крычу ім. — Абед ужо стыне.
— Няма калі абедаць, — адказваюць. — Тут самы кайф працаваць прыйшоў. — Ідзі, — кажуць. — Не дуры нам галаву са сваімі абедамі.
У нейкі момант Мрат ляжаў на маёй канапе на верандзе, мяккай рукой ляніва мух адганяў. А я тым часам, значыцца, батрачыў. Штосьці пайшло не так — падумалася тады.
Нават у тым, дзе мы спалі, была парушана ўсялякая логіка іерархіі. Я спаў у двары на савецкай канапе. А ён — у вялікім пакоі з чатырма вокнамі і абразам Дзевы Марыі на сцяне. Прысутнасць хрысціянскай Маці Божай яго не бянтэжыла — Мрат нават дакрануўся да яе і не згарэў сінім полымем, як мне ўяўлялася.
Недзе на трэці дзень Мрат пачаў мяне раздражняць. Асабліва раздражняла, як ён раніцай смаркаўся ў двары. Гэта быў працяглы гучны працэс, які было чуваць ад возера Крывуля да аўцюкоўскіх могілак.
Але, папраўдзе, каб так смаркаўся Вася, я б пасмяяўся. У Мратавым смарканні найбольш раздражняла, што ён смаркаецца чужым носам. Мая талерантнасць кудысьці знікла, замест яе я адчуваў упэўненасць, што смаркацца на палескай зямлі мае права толькі паляшук.
Вінаваціць Мрата ў тым, што ён «панаехаў» і не інтэграваўся ў беларускае грамадства, я не мог, бо ён ад самага пачатку не меў такога намеру — жыць у Беларусі да скону жыцця. Ён прыехаў сюды вучыцца, каб потым вярнуцца ў сваю краіну і працаваць там настаўнікам.
Але я зразумеў, што не хацеў бы, каб Мрат пасяліўся побач у Прудку. Больш за год таму я прыехаў сюды, каб быць дома. А дом — гэта не толькі дзедава хата і зямля, на якой жылі продкі некалькі стагоддзяў. Дом — шчэ і людзі, што побач. Я гэтых людзей разумею. Я ведаю іх норавы і хітрыкі. Я ведаю тую матэрыяльную і духоўную культуры, у якой яны зварыліся. Я сам да гэтай культуры належу. А Мрата я не ведаю. Я хачу даведвацца пра яго праз фільмы і кнігі, праз вандроўкі. Але каб потым была магчымасць вяртацца дадому, дзе Мрата няма. Дзе ёсць баба Наташа і Маруся Зайчыкава.
Але ўсё адно, калі раптам (цьфу-цьфу-цьфу) на Туркменістан будуць падаць бомбы, і Мрат прыйдзе да мяне, скажа:
— А помніш, я батрачыў на цябе, а ты раздражняўся, калі я смаркаўся ў двары туркменскім носам на палескую зямлю?
— Ну, — адкажу я.
— Цяпер мне няма дзе жыць.
Калі раптам так станецца, я адчыню яму свае дзверы і пабягу ў краму па кільку ў таматным соусе. Бо, мне так здаецца, над нацыянальнымі, над рэлігійнымі каштоўнасцямі ёсць каштоўнасці чалавечыя.